Logo Polskiego Radia
Print

Мікалай Аўтуховіч парэзаў жывот у знак пратэсту

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 19.09.2013 13:22
Андрэй Бандарэнка: Відавочна, што ўлады вырашылі падстрахавацца.

Мікалай Аўтуховіч, які адбывае зьняволеньне ў гарадзенскай турме № 1, лязом разрэзаў сабе жывот. Пра гэта паведамляе сайт прыватнай культурна-асьветніцкай установы Platform Innovation, якая займаецца праблемай выкананьня правоў чалавека ў месцах пазбаўленьня волі. Адначасова праваабаронцы адзначаюць, што Мікалай Аўтуховіч адчувае сябе нармальна.

Са спасылкай на канфідэнцыяльную крыніцу ў турме праваабаронцы зазначаюць, што такім чынам Аўтуховіч выказаў свой пратэст супраць "адкрыта зьдзеклівых адносінаў" да яго з боку турэмнай адміністрацыі.

Як адзначае лідар арганізацыі Андрэй Бандарэнка, два гады запар Мікалаю Аўтуховічу выносяць незаконныя спагнаньні менавіта ў той момант, калі ў яго павінны пагасіцца ўсе раней накладзеныя на яго парушэньні.

4 верасьня 2013 года, калі ў асуджанага заставалася каля месяца да пагашэньня ўсіх парушэньняў, на яго зноў было накладзена новае спагнаньне, што фактычна пазбавіла яго магчымасьці атрыманьня пасылкі й перадачы, сустрэчы са сваякамі.

А. Бандарэнка: Відавочна, што ўлады вырашылі падстрахавацца, паколькі ў бліжэйшы час у Мікалая павінны былі пагасіцца парушэньні. Турэмныя ўлады імкнуцца да таго, каб ён заставаўся ў статусе злоснага парушальніка, што абмяжоўвае яго ў сустрэчах з роднымі, перадачах.

Чаму турэмныя ўлады так узьеліся на Аўтуховіча?

А. Бандарэнка: Тут можна толькі здагадвацца. Мікалай зьяўляецца вельмі моцна асобай, тым чалавекам, які невыгодны на свабодзе. Магчыма, разыгрываецца такі варыянт, калі яго хочуць абвінаваціць па 411 артыкуле (злоснае непадпарадкаваньне супрацоўнікам адміністрацыі), каб дадаць яму тэрмін. Ну й яшчэ адна здагадка, магчыма гэта прыватная помста нейкіх людзей, якія стараюцца ўскладніць яго сытуацыю ў турме.

Гэта ня першае такое здарэньне зь Мікалаем Аўтуховічам: у сьнежні 2011 года палітзьняволены парэзаў сабе вены. Паводле слоў Бандарэнкі, тады Аўтуховіч такім чынам пратэставаў супраць падману з боку адміністрацыі турмы. "Была негалосная дамоўленасьць аб тым, што калі Мікалай спыняе зносіны з журналістамі, то спыніцца націск на яго й яго сяброў. Мікалай пагадзіўся, але націск на яго знаёмых толькі ўзрос, а яго перавялі ў СІЗА", — зазначыў праваабаронца.

З мэтай высьвятленьня інфармацыі аб стане Мікалая Аўтуховіча Platform Innovation накіравала запыты ў адміністрацыю гарадзенскай турмы і ў дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС.

Пяцідзесяцігадовы Мікалай Аўтуховіч, грамадзкі актывіст і вэтэран афганскай вайны, быў арыштаваны 8 лютага 2009 года. У траўні 2010-га за перавозку й захоўваньне пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі Вярхоўны суд Беларусі прызнаў яго вінаватым па артыкуле 295, частка 3 Крымінальнага кодэкса (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў) і прыгаварыў да пяці гадоў і двух месяцаў пазбаўленьня волі ва ўмовах строгага рэжыму.

Праваабаронцы прызналі Аўтуховіча палітзьняволеным, асуджаным за сваю актыўную грамадзкую дзейнасьць і барацьбу з карупцыяй. На волю ён павінен выйсьці ў красавіку 2014 года.

ав/БелаПАН

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт