Сустрэча ў вярхох працягнецца два дні.
Пецярбург рыхтаваўся да гэтай падзеі амаль два гады. Адрамантаваныя гатэлі, адноўленыя дарогі й парк гарадзкога транспарту.
Губэрнатар і жыхары Пецярбурга лічаць, што мерапрыемства павышае імідж гораду ў міжнародных рэйтынгах. Яны не наракаюць на тысячы функцыянераў міліцыі на вуліцах і дадатковыя меры бясьпекі. Кажуць, што саміт G-20 дае ім прыбытак.
У саміце прымаюць удзел прэзыдэнты: Расеі Ўладзімір Пуцін і ЗША Барак Абама, а таксама прадстаўнікі Эўрапейскага Зьвязу ды 17 найважнейшых у эканамічным пляне краін сьвету.
Афіцыйна размовы павінны засяроджвацца на эканамічных справаx. Расея, якая амаль год старшынюе ў „групе дваццаці”, хоча, каб абмяркоўваліся пытаньні зьвязаныя са стымуляваньнем інвэстыцый, стварэньнем працоўных месцаў і ўмацаваньнем даверу да фінансавых рынкаў.
Аднак, як мяркуюць экспэрты, на саміце ў кулюарных дыскусіях будзе пераважаць тэма ўзброенага ўмяшальніцтва ў Сырыі. Адбудуцца індывідуальныя сустрэчы лідэраў паасобных краін. Камэнтатары, нягледзячы на афіцыйныя заявы Вашынгтона і прэс-службы Крамля, што не плянуецца сустрэча Абамы і Пуціна, усё ж яе чакаюць.
Гэтак мяркуе Раман Кузьняр, дарадца па міжнародных справах польскага прэзыдэнта Браніслава Камароўскага.
Р. Кузьняр: Я такой магчымасьці не выключаю, таму што там будзе гэтак званая „вялікая пяцёрка”. Пастаянныя сябры Рады Бясьпекі ААН будуць у той час ў Страсбургу, але іхнія дарадцы і міністры будуць у Пецярбургу, і я чакаю, што ўдасца ўзгодніць супольную пазыцыю для Рады Бясьпекі.
Пуцін і Абама раней плянавалі,што яшчэ перад самітам сустрэнуцца ў Маскве, аднак амэрыканскі прэзыдэнт адклікаў спатканьне. Афіцыйнай прычынай было тое, што Расея дала прытулак Эдуарду Сноўдэну, які выявіў кулісы працы спэцслужбаў ЗША. Неафіцыйна – між Масквой і Вашынгтонам настолькі вялікія разыходжаньні па розных пытаньнях, што прэзыдэнтам цяжка было б выпрацаваць кампраміс. Асабліва датычна Сырыі. Гэта падкрэсьлівае Яраслаў Куіш з часопісу „Культура Лібэральна”.
Я. Куіш: Абама можа разьлічваць на добрую волю Пуціна. Аднак Пуціну лепш не давяраць, бо ён казаў ужо розныя словы, напрыклад, што будзе прыгадваць пра Нобэлеўскую прэмію міру, уручаную Абаме, у якасьці аргумэнту супраць умяшальніцтва ў Сырыі, але магчыма гэта толькі такая ўлоўка для ацяпленьня іміджу прэзыдэнта дзяржавы, дзе праходзіць саміт.
Адзначым, што Ўладзімір Пуцін у аўторак у інтэрвію для агенцтва AP і Першага каналу расейскага тэлебачаньня заявіў, што хацеў бы нефармальна сустрэцца з Абамам, „які зьяўляецца вельмі цікавым партнэрам”. І дадаў нават, што гатовы зьмяніць сваю пазыцыю адносна атакі на Сырыю, калі атрымае цьвёрдыя доказы супраць Асада ў справе выкарыстаньня хімічнай зброі.
Паводле Адама Эбэрхарда з Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў, заява Пуціна – гэта толькі стратэгічны трук, а пазыцыя Расеі ня зьменіцца.
А.Эбэрхард: Расея разьлічвае на тое, што ў Сырыі рэжым Асада застанецца, чакае, што ЗША скампраметуюцца.
Барташ Вісьнеўскі з Польскага інстытуту міжнародных спраў мяркуе, што па выніках саміту „групы дваццаці” (G-20) нельга чакаць вырашэньня разыходжаньняў, аднак можна спадзявацца пэўных рашэньняў у справе падтрымкі для цывільнага насельніцтва Сырыі.
Б. Вісьнеўскі: Будзем чакаць, што будуць прынятыя заявы адносна таго, як вырашыць пытаньне гуманітарнага крызысу ў Сырыі й вакол Сырыі.
Абама чакае дазволу Кангрэсу на ўмяшальніцтва ў Сырыі. Паседжаньне амэрыканскага парлямэнту адбудзецца ў бліжэйшы панядзелак. На падтрымку Рады Бясьпекі ААН разьлічваць ня варта менавіта таму, што супраць выступаюць Расея ды Кітай. І, хутчэй за ўсё, сустрэча Абамы зь лідэрам Кітая ў Пецярбургу гэтага ня зьменіць.
Камэнтатары падкрэсьліваюць, што Сырыя зьяўляецца адзінай краінай у гэтай частцы сьвету, у якой Расея мае сваю вайсковую базу. У СМІ зьявілася інфармацыя, што Крэмль дазволіў Асаду схаваць там сваю найбольш каштоўную вайсковую тэхніку.
Адзначым, што ваеннае ўмяшальніцтва ў Сырыі ў Эўропе падтрымліваюць толькі Францыя й Данія. Бальшыня краін заклікае да дыпляматычнага вырашэньня канфлікту. У сваю чаргу Швэцыя выступіла са сваім плянам на падтрымцы Сырыі – заявіла, што дасьць пастаяннае жыхарства ўсім сырыйскім уцекачам, якія папросяць прытулку.
Такім чынам палітыка дамінуе на эканамічным саміце G-20 ў Пецярбургу.
Нагадаем, „група дваццаці” (G-20) была створаная ў адказ на фінансавыя крызысы канца 1990-х і ўсьведамленьне таго, што краіны з рынкавай эканомікай, якія разьвіваюцца, не былі адэкватна прадстаўленыя на сусьветных эканамічных абмеркаваньнях.
*
У склад G-20 уваходзяць: 19 найбуйнейшых эканомік (Аўстралія, Аргентына, Бразылія, Вялікабрытанія, Нямеччына, Індыя, Інданэзія, Італія, Канада, Кітай, Мэксыка, Расея, Саудаўская Арабія, ЗША, Турцыя, Францыя, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, Паўднёвая Карэя, Японія) ды Эўразьвяз.
Акрамя таго, звычайна на сустрэчах G-20 прысутнічаюць прадстаўнікі Міжнароднага валютнага фонду й Сусьветнага банку.
У сукупнасьці, G-20 прадстаўляе 90% сусьветнага валавага нацыянальнага прадукту, 80% сусьветнага гандлю і дзьве траціны насельніцтва сьвету.
яс