Польшча, Страсбург і турма ЦРУ
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
05.09.2013 16:49
Да 16 верасьня Польшча павінна перадаць у Страсбург дакумэнты сьледзтва датычна сакрэтнай турмы ЦРУ.
AFP/fakty.interia.pl
Эўрапейскі суд правоў чалавека прыняў скаргу ўжо другога іншаземца, які заяўляе, што яго трымалі ў Польшчы.
Гэта палестынец Абу Зубайда, якога, імаверна, трымалі ў Польшчы ад 5 сьнежня 2002 года да 22 верасьня 2003 г. Амэрыканцы затрымалі яго ў Пакістане. Зубайда лічыўся асобай нумар 3 у Аль-Каідзе і памочнікам Усамы бін Ладэна. ЦРУ лічыць, што ён ведаў пра плянаваны тэракт на World Trade Centre у верасьні 2001 г. У сьнежні 2002 г. ЦРУ прывезла яго ў Польшчу й трымала некалькі месяцаў у вязьніцы. Зубайда заяўляе, што яго катавалі – 83 разы тапілі, аголеным трымалі ў нязручнай пазыцыі, не пускалі па фізыялягічных патрэбаx. Потым яго перавялі ў Гуантанама на Кубе. Абу Зубайдзе не было прад’яўлена ніякіх абвінавачаньняў.
Раней Суд правоў чалавека ў Страсбургу прыняў скаргу саўдыйца, які таксама заяўляе, што над ім зьдзекваліся ў турме ў Польшчы. Паміж Старсбургам і Варшавай узьнікла спрэчка за дакумэнты сьледзтва. У Польшчы гэта сакрэтная справа. Варшава прапанавала, каб судзьдзі пазнаёміліся зь дакумэнтацыяй у польскім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Страсбурзе. Аддаць дакумэнты польскі бок не пагадзіўся. У такой сытуацыі Суд правоў чалавека можа вынесьці судовае рашэньне ня ўлічваючы пазыцыі польскага ўраду, а адразу прызнаць рацыю скаржніку.
яс/Gazeta Wyborcza