Logo Polskiego Radia
Print

Падарунак на дзень народзінаў Пэрэса

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 09.05.2013 18:19
Байкот Ізраіля набірае хуткасьць. Далучылася да яго чарговая вядомая асоба - славуты астрафізык Стывэн Xокінг (Steven Hawking).

/

Вучоны меў выступіць на канфэрэнцыі, зладжанай прэзыдэнтам Ізраіля Шыманам Пэрэсам у рамках сьвяткаваньня 90-й гадавіны з дня нараджэньня прэзыдэнта. Аднак прозьвішча брытанца зьнікла са сьпісу ўдзельнікаў.
Унівэрсытэт Кэмбрыдж, дзе працуе 71-гадовы прафэсар, пацьвердзіў, што Xокінг вырашыў падтрымаць байкот Ізраіля.

Арганізатары канфэрэнцыі рашэньне астрафізыка назвалі „скандальным, якое не прыстае да дэмакратычнага дыялёгу”. А ў Ізраілі зьявіліся камэнтары, што ў цяжка хворага вучонага паехала таксама псыхічнае здароўе.
Кампанія „Байкот, вывядзеньне інвэстыцый і санкцыі” (BDS), якую падтрымаў Xокінг, вядзецца па ўзоры барацьбы з апартэідам у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, і працягваецца ўжо восем гадоў. Яе галоўнай мэтай зьяўляецца заканчэньне ізраільскай акупацыі паленстынскай тэрыторыі. Удзельнікі кампаніі заклікаюць інвэстараў адмяніць свае інвэстыцыі на Заходнім Беразе і парваць культурнае, навуковае, эканамічнае й вайсковае супрацоўніцтва зь Ізраілем. Дагэтуль у акцыі прымалі ўдзел толькі артысты. Аднак цяпер, калі байкот падтрымалі навукоўцы й пакрысе далучаюцца да яго чарговыя дзяржавы, акцыя можа стаць для Ізраіля балючай.

Акторы Брус Уіліс і Жан-Клод Ван Дам павінны былі ўдзельнічаць у прэм’ерным паказе кінастужкі „Незьнішчальныя 2” у Тэль-Авіве, аднак не прыехалі. Канцэрт у Ізраілі адмяніла вядомая джазавая вакалістка Касандра Ўільсан, падобным чынам зрабілі й іншыя артысты.
Спачатку Ерусалім адказваў, што параўнаньне іх дзеяньняў з апартэідам у ПАР несправядліва, бо яно нараджаецца ў выніку антысэмітызму й пагражае дэлегалізацыяй Ізраіля. Калі гэтыя аргумэнты не дапамаглі, Кнэсэт прыняў закон, які дазваляе прыцягваць да адказнасьці тых, хто заклікае да байкоту.

"RZ" паведамляе, што некалькі дзён таму 13 міністраў замежных справаў ЭЗ падпісалі ліст кіраўніку зьвязаўскай дыпляматыі адносна „правільнай маркіроўкі” прадуктаў, якія вырабляюцца ізраільцянамі на акупаваных палестынскіх тэрыторыях. У сакавіку такую рэкамэндацыю выдаў нідэрляндзкі ўрад, а раней зрабілі гэта Бэльгія й Вялікабрытанія.
У Эўропе габрэйскія пасяленцы ў Палестыне прадаюць агародніну, фрукты, віно, мёд, аліўкавы алей і касмэтыку.

яс/Rzeczpospolita

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт