Ці прывядзе трагедыя ў клініцы “Экамэдсэрвіс” да нацыяналізацыі прыватных мэдцэнтраў? Чаму Мінсельгасхарч і мясцовая адміністрацыя затойваюць маштабы мору жывёлы на сьвінакомплексе “Ўсходні”? Ці ўдасца хутка разгрузіць складзкія запасы беларускіх прадпрыемстваў? Гэтыя ды іншыя тэмы ў “Палітычным люстэрку” абмяркоўваюць Павал Усаў і Аляксандар Папко.
Галоўнай падзеяй мінулага тыдня была сьмерць 25-гадовай Юліі Кубаровай пасьля звычайнай плястычнай апэрацыі ў клініцы “Экамэдсэрвіс”. Сьледчыя высьветлілі, што пацыентка памерла з-за таго, што нядбайныя лекары выкарыстоўвалі няспраўны апарат штучнага дыханьня. Ва ўсіх прыватных мэдыцынскіх цэнтрах была праведзеная праверка. Грубыя парушэньні былі выяўленыя ў 14 клініках. Трэцяга траўня Аляксандар Лукашэнка загадаў звольніць лекараў, а прыватны цэнтар “Экамэдсэрвіс” ўзяць пад дзяржаўны нагляд. Чаму прыватныя шпіталі ў Беларусі працуюць нядбайна? Чаму рынак у Беларусі, у адрозьненьні ад эўрапейскіх краінаў, не вучыць дысцыпліне?
П. Усаў: У Беларусі, Ўкраіне й Расеі прыватныя клінікі не гарантуюць добрай якасьці. Этычныя нормы, мэханізмы адказнасьці за сваю працу ў нашых краінах па-просту ня дзейнічаюць. Асноўнай мэтай як большасьці дзяржаўных, так і прыватных мэдыкаў, зьяўляецца ўзяць ад кліента як мага больш пры мінімалізацыі высілкаў і тых паслугаў, якія яны аказваюць. Пакуль ня зьменіцца сьвядомасьць, такія выпадкі будуць паўтарацца. І ня важна, ці прыйдзе рынак у гэтыя краіны, ці не. Кантроль за ўласнымі дзеяньнямі й адказнасьць за свае дзеяньні павінныя знаходзіцца ў галовах людзей.
Другое пытаньне датычыць рэакцыі кіраўніка дзяржавы: ці Аляксандар Лукашэнка не падмяніў сваім рашэньнем суд і ці не варта цяпер чакаць нацыяналізацыі прыватных мэдцэнтраў?
П. Усаў: Гэта далёка ня першы раз, калі Лукашэнка падмяняе сабой ня толькі суд, але й іншыя дзяржаўныя службы. У Беларусі вельмі часта інстытуты дзяржавы й грамадзкія інстытуты проста не працуюць. Нічога ня робіцца без ўказаньня зьверху. Лукашэнка й яго рэжым зьнішчылі як мэханізмы кантролю дзяржавы, так і мэханізмы грамадзкага самакантролю. Людзі часта не разумеюць, што ў сваіх дзеяньнях яны павінныя кіравацца законам, а ня воляй начальнікаў.
Што тычыцца нацыяналізацыі мэдцэнтраў, то яна будзе працягвацца. Справа ў тым, што ўлады стараюцца прыдбаць тлусты кавалак рынку. Як вядома, па мэдыцынскія паслугі ў Беларусі зьвяртаюцца ня толькі беларусы, але й замежнікі, і гэта прыносіць высокі прыбытак.
У пачатку траўня ў СМІ зьявілася інфармацыя пра масавы мор жывёлы на сьвінакомплексе “Ўсходні” пад Баранавічамі. Як распавялі журналістам мясцовыя жыхары, міліцыя на некалькі дзён ачапіла комплекс, а рабочыя з раніцы да вечара забівалі сьвіней. Міністэрства сельскай гаспадаркі й кіраўніцтва сьвінакомплексу запэўнілі што эпідэміі не было, а працаўнікам сьвінакомплексу загадалі маўчаць. Навошта такая сакрэтнасьць?
П. Усаў: Гэта таксама ня першы выпадак. Масавы забой жывёлаў на фермах быў і ў мінулым, і ў пазамінулым годзе. Улады імкнуцца схаваць ад грамадзтва ўсе нэгатыўныя працэсы, каб паказаць, што ў Беларусі ўсё добра. А прадукты псуюцца, жывёлы масава хварэюць і людзі маюць праблемы са здароўем толькі на Захадзе.
Калі здарыцца вельмі сур’ёзная крызысная сытуацыя, кшталту Чарнобыльскай катастрофы, ці можна спадзявацца, што людзей папярэдзяць?
П. Усаў: Абсалютна не. Падчас нядаўняга ўрагану “Хаўер” дзеяньні ўладаў былі недастатковымі. Большасьць дзяржворганаў мясцовага ўзроўню ўвогуле былі паралізаваныя, бо рашэньні ў Беларусі прымаюцца толькі й выключна наверсе. У выпадку экалягічнай ці тэхнагеннай катастрофы грамадзяне даведаюцца пра яе не ад уладаў, а зь іншых крыніцаў інфармацыі.
Трэцяга траўня на чэмпіянаце сьвету па хакеі ў Стакгольме разгарэўся скандал вакол беларускага сьцяга. На матчы Чэхія – Беларусь заўзятары разгарнулі вялізны бела-чырвона-белы сьцяг. Падчас наступнай гульні Міжнародная фэдэрацыя хакею па патрабаваньні беларускіх спартовых чыноўнікаў забараніла бела-чырвона-белыя сьцягі. Хлопцам, якія хацелі разгарнуць сьцяг, швэдзкая паліцыя заламала рукі, й вывела іх з трыбуны. Як беларускія заўзятары, так і замежныя журналісты ды грамадзкія дзеячы засыпалі Міжнародную фэдэрацыю хакею лістамі пратэсту. У выніку сьцяг быў дазволены. Ці навучыць гэта беларускіх чыноўнікаў шанаваць нацыянальныя сымбалі хаця б за мяжой?
П. Усаў: Я думаю, такія скандалы будуць паўтарацца. У дадзеным выпадку беларускім заўзятарам трэба да гэтага рыхтавацца й вырашаць канфлікты цывілізавана. Перад матчам трэба зьвязацца з дырэкцыяй спартовага комплексу й растлумачыць ім сытуацыю, распавесьці, якая можа быць рэакцыя афіцыйнага боку. Я думаю, гэта дапаможа пазьбегнуць канфлікту. Зь іншага боку, такія скандалы вакол сьцяга зьяўляюцца добрай рэклямай. Яны дапамагаюць прыцягнуць увагу да сытуацыі ў Беларусі й да беларускіх сымбаляў.
На завяршэньне крыху эканомікі. Паводле дадзеных беларускага ўраду, запасы непрададзеных тавараў на беларускіх складах працягваюць расьці. У красавіку яны дасягнулі 75% ад месячнага аб’ёму вытворчасьці. Што гэта – вынік чарговага ваганьня зьнешнегандлёвай каньюнктуры ці прадвесьце сур’ёзнага крызысу?
П. Усаў: З большага – гэта вынік неканкурэнтаздольнасьці беларускай прамысловасьці. Сьвет зараз знаходзіцца ў эканамічным крызысе, краіны шукаюць спосабы актывізаваць унутраны рынак для збыту ўласнай прадукцыі. У такой сытуацыі беларускія тавары далёка ня першай якасьці мала каму патрэбныя, асабліва калі па цане яны роўныя эўрапейскім. Усе спробы Лукашэнкі знайсьці рынкі збыту посьпехаў не прынесьлі. Кітайскаму рынку беларускія тавары абсалютна не патрэбныя, як, дарэчы, й рынку расейскаму. Таму я думаю, што такая сытуацыя будзе працягвацца.
Размаўляў Аляксандар Папко