Logo Polskiego Radia
Print

Польшча "Go Africa"

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 11.04.2013 15:44
  • Польшча-Go Africa.mp3
Працягвае афіцыйны візыт польскай урадавай дэлегацыі ў Нігерыю.
NigeriaNigeriaźr. Wikipedia/CC

/

Асноўная мэта візыту – эканамічнае супрацоўніцтва. У гэтым няма нічога дзіўнага. Паводле прагнозаў, у бліжэйшыя 30 год Нігерыя будзе адной з найбольш дынамічных эканомік сьвету.

Афіцыйны візыт польскага прэм’ера Дональда Туска ў Нігерыю – гэта чарговая паездка (пасьля Кітаю, Індыі ды арабскіх краінаў) у рамках праграмы экспансіі польскай эканомікі на новыя дынамічныя рынкі. Нігерыя лічыцца адной з найбольш разьвітых краін Афрыкі. У апошнія гады ВУП гэтай дзяржавы павялічваўся на 8-9%. Гэта вялізарны рынак - каля 170 мільёнаў жыхароў, дзе ўжо прысутнічаюць фірмы зь Нямеччыны, ЗША, Кітаю ды Расеі. Польскі ўрад хацеў бы, каб там таксама зьявіліся й фірмы з-над Віслы.

Эканамічнае супрацоўніцтва стала тэмай №1 перамоваў Дональда Туска з прэзыдэнтам Нігерыі Гудлакам Джонатанам. Сустрэча адбылася сёньня. Апроч прэзыдэнта, польскі прэм’ер размаўляў з губэрнатарамі нігерійскіх штатаў. У склад польскай дэлегацыі уваходзіць група бізнэсоўцаў, якія плянуюць здабыць тут новыя прыбытковыя кантракты.

Гэта слушная стратэгія - кажуць польскія аналітыкі, бо ёсьць за што замагацца. Гаворыць Патрык Тапароўскі з Польскага інстытуту міжнародных спраў.

Патрык Тапароўскі: Ёсьць экспэртыза уплывовых фінансавых установаў, якія сьведчаць пра тое, што Нігерыя неўзабаве будзе краінай з найбольшым эканамічным ростам да 2050-га году. Таму там будзе мноства праектаў па рэалізацыі. Напрыклад, Польшча дагэтуль ня мае ўласных спадарожнікаў, а Нігерыя вывела на арбіту ажно чатыры. Гэта зусім іншая Афрыка, чым нам здаецца. Хаця хапае там і праблемаў, гэта ўсё яшчэ бедная краіна.

Разам з тым гандлёвы абарот Польшчы зь Нігерыяй – гэта менш за 1% польскага замежнага гандлю. Нядаўна Міністэрства эканомікі Польшчы пачало рэалізацыю праграмы “Go Africa", мэта якой - падтрымка польскіх фірмаў, якія будуць інвэставаць на “Чорным кантынэнце”. У Нігерыі афіцыйная Варшава ставіць на паліўны сэктар, узбраеньне, энэргетыку, транспарт, харчаваньне ды фінансы. Менавіта прадстаўнікі фірм з названых сэктароў суправаджаюць кіраўніка польскага ўраду ў візыце ў Абуджы – сталіцы краіны. Гэта добры выбар, кажа Гжэгаж Валіньскі, былы амбасадар Польшчы ў Нігерыі.

Гжэгаж Валіньскі: Мы доўга рыхтаваліся да гэтага візыту, гэта добры выбар, невыпадковы, хоць цяжка, сказаць, ці найлепшы. Напрыклад, у Нігерыі на добрыя кантракты маглі б разьлічваць будаўнічыя фірмы, але іх прадстаўнікоў няма ў складзе афіцыйнай дэлегацыі. Аднак асноўныя напрамкі добра вызначаныя. Гэта паказвае, наколькі шырокімі можа быць пошук агульных зацікаўленьняў паміж польскім ды нігерыйскім бізнэсам.

Афіцыйны візыт спрычыніцца да цікавых эканамічных кантактаў паміж польскімі ды нігерыйскімі фірмамі, лічыць экспэрт.

Гжэгаж Валіньскі: Гэткі візыт быў даўно патрэбны. Апошні афіцыйны візыт міністра Цімашэвіча меў месца ў 2004-м годзе, то бок амаль 10 год таму. Гэткія візыты вельмі патрэбныя для разьвіцьця двухбаковых кантактаў. Таму ёсьць добры пачатак, але перад намі яшчэ вельмі далёкі шлях.

Афрыканскім рынкам першымі зацікавіліся кітайскія фірмы. Сёньня канцэрны з розных закуткоў сьвету ўсё часьцей кіруюць свае позіркі ў бок “Чорнага кантынэнту”. Найбольш прыцягальнымі краінамі лічацца ПАР, Кэнія, Танзанія, Дэмакратычная Рэспубліка Конга й Нігерыя. Апошняя, паводле прагнозаў, у 2050-ым годзе ўвойдзе ў дваццатку буйнейшых эканомік сьвету.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт