Logo Polskiego Radia
Print

Грошы ёсьць

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 11.02.2013 15:44
Цяпер важна іх не страціць й не змарнаваць.
Bild: en.wikipedia.org

/

Цягам бліжэйшых 7 гадоў (2014-2020) Польшча можа атрымаць зь бюджэту Эўрапейскага Зьвязу амаль 106 млрд эўра. Гэта агромныя сродкі, але яшчэ зарана цешыцца, паколькі цяжэй, чым раней, будзе іх выкарыстаць. Калі польскі ўрад ня будзе выконваць абавязацельстваў, якія ўзяла на сябе Польшча ў ЭЗ, то частку гэтых грошай краіна можа страціць.

Новыя правілы атрыманьня сродкаў з гэтак званай палітыкі адзінства прапануе, між іншым, Нямеччына. Гаворка ідзе пра тое, што калі дзяржава парушыць правілы, датычныя, напрыклад, бюджэтнага дэфіцыту, то страціць частку сродкаў. Тым ня менш, палітыкі кіруючай у Польшчы Грамадзянскай плятформы прадстаўляюць новы бюджэт ЭЗ як вельмі карысны для Польшчы, а факт яго прыняцьця – як посьпех сваіх прадстаўнікоў. Пра гэта заявіла дэпутатка партыі Крыстына Скавроньска. Яна падкрэсьлівае, што Польшча знаходзіцца ў групе дзяржаваў, якія атрымаюць самыя вялікія сумы зь бюджэту Зьвязу - амаль 106 млрд эўра. Гэта агромныя грошы, але палякі змогуць разумна іх выкарыстаць. Скавроньска не баіцца, што дзяржава страціць частку сродкаў.

К. Скавроньска: Мы ўмеем пісаць добрыя праекты, умеем іх кантраляваць. Ёсьць пытаньне наконт грамадзкіх фінансаў – мы да яго падрыхтаваныя. Нагадаем, што ўжо прынятая стратэгія наконт паніжэньня дэфіцыту грамадзкіх фінансаў. Дарэчы, у народных прымаўках ёсьць мудрасьць. Гаворыцца, што першы крок – гэта палова посьпеху. Будзьма аптымістамі. Калі сёньня мы ведаем, у якой галіне могуць паявіцца праблемы, то зможам іх пазьбегнуць.

Неабходна старанна заплянаваць выдаткі на бліжэйшыя гады, каб з карысьцю для народа выдаткоўваць грошы, якія дзяржава атрымае зь бюджэту ЭЗ. Такую задачу паставілі міністры эканомікі ды дзяржаўнага скарбу, якія адкрылі ў варшаве форум “Зьмяняем польскую прамысловасьць”. Міністар скарбу Мікалай Будзаноўскі падкрэсьлівае, што неабходна распрацаваць шматгадовы плян стымуляваньня эканамічнага росту.

М. Будзаноўскі: Здаецца, што самая важная задача – гэта інвэстыцыі, новыя інвэстыцыі. Адной з галоўных прычынаў паніжэньня эканамічнага росту ва ўсім ЭЗ за апошнія 5 гадоў зьяўляецца падзеньне колькасьці прыватных інвэстыцый.

Перамовы на тэму бюджэту Эўразьвязу сталі, несумненна, посьпехам прадстаўнікоў польскай дзяржавы – мяркуе эканаміст прафэсар Анджэй Бушка. Ён зьвяртае ўвагу на тое, што Польшча атрымае больш сродкаў, чым сама ўнясе ў бюджэт супольнасьці.

А. Бушка: Па-першае, паглядзіце на лічбы – Польшча атрымае найбольш сродкаў сярод усіх краін, якія змагаліся за гэтыя грошы. Па-другое, перамовы адбываліся ў складаных умовах – вялікія краіны, якія шмат уносяць у бюджэт Зьвязу – Францыя, Вялікабрытанія – вельмі неахвотна згаджаюцца перадаваць свае грошы ў супольны бюджэт. Самае важнае тое, што мы атрымае больш, чым самі ўнясем у бюджэт.

Польскі прэм’ер-міністар Дональд Туск намераны адправіцца ў падарожжа па Польшчы, каб мець магчымасьць паразмаўляць з палякамі пра грошы з Эўрапейскага Зьвязу.

Д. Туск: У нас ёсьць плян, але ўрад хацеў бы ўзяць пад увагу перш за ўсё патрэбы мясцовых жыхароў. Мы будзем ладзіць сустрэчы й грамадзкія кансультацыі. Я намераны сам браць у іх удзел. Я хачу пагутарыць зь людзьмі ў кожным польскім горадзе, кожным польскім ваяводзтве. Неўзабаве я адпраўлюся ў дарогу. Наш посьпех на перамовах толькі тады будзе мець сэнс, калі дапаможа кожнаму чалавеку. Мы будзем будаваць – закончым будаўніцтва сеткі дарог, мадэрнізацыю чыгункі, сыстэмы мэдычнай апекі, адукацыі. Знойдуцца грошы для малых і сярэдніх прадпрыемстваў, і, асабліва, сялянаў.

Дарэчы, гэта ня першае падарожжа Туска “ад дзьвярэй да дзьвярэй”. Падчас выбарчых кампаній ён ня раз выязджаў у такую трасу. На гэты раз кіраўнік ураду намераны запытаць мясцовыя ўлады, на што неабходна выдаткаваць грошы з ЭЗ. Нагадаем, Польшча можа атрымаць амаль 106 млрд эўра зь бюджэту Эўрапейскага Зьвязу.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт