Logo Polskiego Radia
Print

Палічыце птушак

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 04.01.2013 14:15
  • Палічыце птушак.mp3
У Беларусі 1 студзеня стартавала нацыянальная кампанія па зімовым уліку птушак.

źr.
źr. ptushki.org

Яе арганізатарамі выступаюць грамадзкая арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) і Навукова-практычны цэнтар Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах.

Штогод ладзіцца некалькі сэзонных акцый па ўліку птушак – гэта восеньскі й летні ўлік відаў, якія гняздуюцца ў Беларусі.

Як кажа дырэктар АПБ Віктар Фянчук, мэта акцыі — прыцягнуць увагу беларусаў да назіраньня за птушкамі й іх праблем. Зімовы ўлік прадугледжвае тры напрамкі.

В. Фянчук: Гэта ўлік птушак, якія зімуюць на палях ці ў лясах. Другая - акцыя «Птушкі на кармушках», калі мы запрашаем людзей палічыць птушак, якія прылятаюць падсілкавацца ў хатніх кармушках. І трэцяя – гэта вадаплаўныя птушкі, якія застаюцца зімаваць на рэках ці возерах. Важнай рэччу зьяўляецца факт, што мы базуем нашыя назіраньні на ўдзеле шырокай грамадзкасьці. Кожны мае магчымасьць сваімі назіраньнямі зрабіць унёсак у апісаньне сытуацыі зімуючых у нашай краіне птушак.

У мерапрыемстве могуць узяць удзел усе ахвотныя. Для гэтага неабходна ў любы дзень студзеня выйсьці на вуліцу населенага пункта або выехаць на прыроду й палічыць усіх сустрэтых птушак. Можна зрабіць кармушку для птушак, што аблегчыць назіраньне за імі. Віктар Фянчук адзначае, што кожны год да акцыі далучаюцца сотні людзей. Каб лічыць птушак трэба, канешне, умець іх адрозьніваць. Аднак акцыя таксама зьяўляецца добраю нагодай, каб вывучыць розныя гатункі птушак. Што не зьяўляецца надзвычай складаным – кажа арнітоляг.

В. Фянчук: Каб лічыць птушак, трэба ўмець іх адрозьніваць. Але сэнс нашай акцыі падвойны. Ён ня толькі дае магчымасьць атрымаць інфармацыю пра птушак, але й папрактыкавацца ў іх вызначэньні. Ня трэба шмат ведаў, каб адрозьніць, якія птушкі прылятаюць на нашую кармушку. Для гэтага больш трэба жаданьне. Гэта 5-6 відаў, таму трэба толькі хацець. У інтэрнэце хапае рознай інфармацыі. Уся патрэбая інфармацыя ёсьць і на нашым сайце. Улікі дапамагаюць больш актыўна пацікавіцца прыродай і пашырыць свае веды.

Зімовыя дні назіраньня за птушкамі арганізуюцца ў Беларусі ўжо больш чым 10 гадоў. У ходзе іх выяўляюць цікавыя факты зімоўкі рэдкіх відаў птушак, іх тэрытарыяльнага разьмеркаваньня, а таксама месцы максымальнай канцэнтрацыі птушак.

Зімовы ўлік будзе доўжыцца цэлы студзень.

В. Фянчук: Улік цягнецца ўвесь месяц. Акцыя «Птушкі на кармушцы» сёлета адбудзецца 19-20 студзеня, у суботу й нядзелю. Мы просім гэтыя два дні паназіраць, якія птушкі прылятаюць падсілкавацца. Умовы акцыі знаходзяцца на нашым сайце ptushki.org. Мы таксама апісваем мэтады, вызначальнік птушак, формулу, як перадаць нам інфармацыю.

Паводле слоў дырэктара АПБ, у студзені 2012 года ў зімовых назіраньнях за птушкамі ўзялі ўдзел больш чым 2 тыс. жыхароў Беларусі, якія выявілі больш чым 60 відаў птушак.Інфармацыю аб відах птушак, іх колькасьці й месцазнаходжаньні да лютага прапаноўваецца выкласьці на сайце АПБ www.ptushki.org.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт