Logo Polskiego Radia
Print

Спадчына Корчака даступная ў Інтэрнэце

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 13.12.2012 14:53
  • Корчак у Інтэрнэце.mp3
На падтрымку праектаў у рамках Года Януша Корчака Міністэрства культуры прызначыла амаль 200 тысяч даляраў.

Год
Год 2012 - Год Януша Корчака

Уся літаратурная й пэдагагічная спадчына Януша Корчака будзе даступнай у Інтэрнэце. Днямі ў сеціве зьявіліся самыя папулярныя аповесьці легендарнага доктара Корчака “Кароль Мацюсь І” і “Кароль Мацюсь на бязьлюднай высьпе”. Старонка будзе пасьлядоўна папаўняцца чарговымі працамі легендарнага пэдагога.

Публікацыя ў сеціве твораў Корчака стала магчымай дзякуючы “Адкрытай адукацыйнай ліцэнзіі”. Гэты праект ініцыяваў міністар культуры Польшчы Богдан Здраеўскі. Яго ідэя палягае на тым, каб у сеціве разьмяшчаць літаратурныя творы, ахопленыя ліцэнзіяй. Міністар Богдан Здраеўскі тлумачыць, што творы можна будзе выкарыстоўваць без абмежаваньняў.

Б. Здраеўскі: Гэтая ліцэнзія дазваляе разьмяшчаць на старонцы Нацыянальнай бібліятэкі ўсю творчую спадчыну Януша Корчака без абмежаваньняў для чытаньня, апрацоўкі, выкарыстаньня яго фрагмэнтаў. Мы ставім перад сабой адукацыйную мэту й хацелі б супрацоўнічаць у гэтым накірунку са школамі. Але старонка, натуральна, адчыненая для ўсіх жадаючых. І “Кароль Мацюсь І”, і іншыя творы Януша Корчака цяпер можна чытаць без абмежаваньняў.

Творы можна чытаць і капіяваць на цьвёрды дыск са старонкі Нацыянальнай бібліятэкі - www.polona.pl/dlibra.

Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Томаш Макоўскі гаворыць, што ў наступным годзе на сайце будуць зьяўляцца й чарговыя працы Корчака.

Т. Макоўскі: Мы будзем пасьлядоўна папаўняць наш збор і публіцыстыкай Януша Корчака. Мы ўжо сасканавалі „Mały Przegląd”. Мы хочам, каб у вольным доступе была ўся спадчына Януша Корчака, бо гэта адзін з помнікаў нашай гуманістыкі й крыніца ведаў, якая моцна паўплывала на ўспрыняцьце намі ІІ сусьветнай вайны.

Гэты год, рашэньнем Сэйму, быў аб’яўлены Годам Януша Корчака. Зьвязаныя зь ім мерапрыемствы каардынаваў Інстытут Кнігі. Яго дырэктар Гжэгаж Гаўдэн кажа, што адной з галоўных падзей Году Корчака было выданьне спадчыны вялікага пэдагога на больш як дзясятку моваў.

Г. Гаўдэн: Мы сёлета выдаткавалі 150 тысяч злотых (50 тысяч даляраў) на пераклады 17 выданьняў Януша Корчака ў розных краінах. Гэта Расея, Украіна, Францыя. Летась выдалі ў Ізраілі. Корчак вяртаецца ў міжнародны кнігазварот. Адбылося некалькі буйных канфэрэнцый і фэстываляў, прысьвечаных ідэям Корчака. Гэта пачатак вяртаньня пазыцыі, якую Корчак павінен мець ня толькі ў Польшчы, а й на сьвеце.

Гжэгаж Гаўдэн дадае, што плянуюцца й чарговыя ініцыятывы.

Г. Гаўдэн: Трэба з сорамам прызнаць, што ў нас яшчэ ня выйшаў збор усіх твораў Корчака. У Нямеччыне, напрыклад, ён ужо выдадзены. Нам не хапае двух тамоў, яны пабачаць сьвет у наступным годзе. У 2013 годзе разам з Акадэміяй навук, цэнтрам “Карчакянум” і Нацыянальнай бібліятэкай мы пачынаем перавыданьне ўсіх твораў Корчака. Яны пабачаць сьвет у папяровай і электроннай вэрсіях. Гэты працэс будзе працягвацца чатыры гады, бо выдаць трэба вялізарную спадчыну Корчака. Дзякуючы гэтаму пасьля 2016 года мы зможам сьмела сказаць, што працы Корчака цалкам даступныя ў Польшчы й за мяжой.

Януш Корчак загінуў у 1942 годзе ў Трэблінцы. 70-ая гадавіна сьмерці выбітнага пэдагога, публіцыста й грамадзкага дзеяча габрэйскага паходжаньня была нагодай прыгадаць жыцьцё й творчасьць гэтай легендарнай постаці.

Міністэрства культуры Польшчы прызначыла на падтрымку праектаў у рамках Года Корчака амаль 200 тысяч даляраў.

Дзьмітры Гурневіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт