Logo Polskiego Radia
Print

Заканчэньне Году Я. Корчака

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 05.12.2012 17:30
  • Год Корчака.mp3
Удзельнікі Міжнароднага кангрэсу прымуць „Варшаўскую дэклярацыю”.
Год 2012 - Год Януша КорчакаГод 2012 - Год Януша КорчакаИсточник: pspkowala.pl

У польскім Сэйме адбываецца Міжнародны кангрэс па правах дзіцяці. Гэта трохдзённае мерапрыемства праходзіць на заканчэньне Года Януша Корчака ў Польшчы.

У канцы мерапрыемства будзе прынятая гэтак званая Варшаўская дэклярацыя.

Па ініцыятыве польскага ўпаўнаважанага па правах дзіцяці польскі Сэйм у мінулым годзе абвясьціў 2012 год Годaм Януша Корчака.

У бягучым годзе адзначаліся дзьве важныя падзеі, зьвязаныя з асобай гэтак званага Старога Доктара: 70-годзьдзе ягонай сьмерці ў гітлераўскім лягеры ў Трэблінцы й 100-годзьдзе заснаваньня дзіцячага дома на вуліцы Крухмальнай у Варшаве.

Увесь бягучы год праходзілі вялікія адукацыйныя праграмы, накіраваныя як да дарослых, так і да дзяцей. У рамках ушанаваньня памяці выдатнага лекара, пісьменьніка, пэдагога й папулярызатара ідэі суб'ектыўнасьці дзіцяці й яго правоў у Польшчы й за мяжой праводзіліся разнастайныя мерапрыемствы.

Напрыклад, напрыканцы лістапада ў краіне стартавала сацыяльная кампанія пад назовам „Няма дзяцей – ёсьць проста людзі". Кампанія зладжана з мэтай нагадаць пра тое, што дзеці зьяўляюцца паўнапраўнымі грамадзянамі й маюць свае правы, якія трэба шанаваць. У дзеяньне ўключыліся шматлікія сродкі масавай інфармацыі.

Дата пачатку кампаніі невыпадкова была вызначаная на Дзень правоў дзяцей, устаноўлены ААН у 1924 годзе на падставе Дэкларацыі аб правах дзіцяці й Канвэнцыі аб правах дзіцяці, якая зьяўляецца найбольш важным дакумэнтам па правах дзяцей амаль ва ўсіх краінах сьвету.

Раней таксама ў рамках сьвяткаваньня Года Януша Корчака ў Эўрапейскім парлямэнце ў Брусэлі адкрылася майстэрня-сэмінар па пытаньнях абароны правоў дзяцей. Сэмінар быў падзелены на тры дыскусійныя панэлі, прысьвечаныя Канвэнцыі аб правах дзіцяці, прадухіленьні ўдзелу дзяцей ва ўзброеных канфліктах, а таксама правом дзяцей у інтэрнэце.

У дыскусіях удзельнічалі прадстаўнікі ЮНІСЭФ, Рады Эўропы й Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў, а таксама прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў.

Сэмінар папярэдзіла афіцыйнае адкрыцьцё выставы „Няма дзяцей –ёсьць толькі людзі”, прысьвечанай постаці й дзейнасьці Януша Корчака.

Постаць Старога Доктара палякі ўшанавалі таксама шматлікімі выданьнямі, публікацыямі, сустрэчамі, канфэрэнцыямі, конкурсамі ды іншымі акцыямі.

Дапаўненьнем і падсумаваньнем Году Януша Корча зьяўляецца Міжнародны кангрэс па правах дзіцяці, які да 6 сьнежня будзе працягвацца ў Варшаве. На яго прыбылі прадстаўнікі Таварыства сяброў дзяцей з усяго сьвету, гэтак званыя корчакaўцы. Яны сустрэліся, каб падсумаваць падзеі й мерапрыемствы, прысьвечаных свайму апякуну.

Вядучая тэма сустрэчы - гэта „Правы дзіцяці й iх шанаваньне - выклікі XXІ стагодзьдзя”. Вядучыя навукоўцы й палітыкі засяроджваюцца на праблемах штодзённага жыцьця дзяцей, моладзі й дарослых.

Гаспадаром сустрэчы зьяўляецца польскі ўпаўнаважаным па правах дзіцяці Марэк Міхаляк. Ён зьвяртае ўвагу на выпадкі зьдзеку зь дзяцей, якія здарыліся ў Польшчы.

Марэк Міхаляк: Уся мы ведаем словы Старога Доктара Януша Корчака: сьвет нельга пакідаць такім, якім ён зьяўляецца.

Міжнародны кангрэс па правах дзіцяці адкрыў Томас Хамэрбэрг – камісар па правах чалавека Рады Эўропы. Ён зьвяртаў увагу на сытуацыю дзяцей у краінах, ахопленых узброенымі канфліктамі.

Томас Хамэрбэрг: Вайну заўсёды выклікаюць дарослыя, і ніхто не зьвяртае ўвагу на пакуты дзяцей.

Дыплямат, які прысьвяціў сваё жыцьцё змаганьню за правы чалавека, супрацоўнічаў з польскім бокам у рамках Году Януша Корчака. Ён, між іншым, дапамог у перакладзе й выданьні твораў Корчака за мяжой.

Удзельнікі кангрэсу добра разумеюць, што ў сучасным сьвеце дзеці надалей патрабуюць іх энтузіязму й адданасьці. Сучасны сьвет часта засяроджваецца на сваіх праблемах, забываючы пра дзяцей.

Тым часам падыход да дзяцей павінен абапірацца на асноўныя вартасьці, кажа грамадзкі пэдагог, прафэсар Барбара Смаліньска-Тэйс.

Барбара Смаліньска-Тэйс: Кахай дзіця, пазнавай яго, стаўся да яго з пашанай. Гэта ўнівэрсальныя правілы, якіх павінен прытрымлівацца ўвесь цывілізаваны сьвет.

Удзельнікі Міжнароднага кангрэсу прымуць таксама „Варшаўскую дэклярацыю”. У гэтым дакумэнце яны зьвяртаюцца да бацькоў, пэдагогаў і выхавацеляў, настаўнікаў, палітыкаў, духавенства, усіх, хто адказны за кшталт грамадзкага жыцьця з заклікам працягваць спадчыну Януша Корчака.

„Асновай філясофіі Корчака зьяўляецца разумная любоў да дзіцяці, прызнаньне яго суб'ектнасьці, годнасьці, свабоды й адказнасьці, права на павагу, партнэрства ў сям'і, грамадзтве й краіне. Дзіця зьяўляецца грамадзянінам, да голасу якога мы павінны прыслухоўвацца як па яго асабістых, сямейных, грамадзкіх, так і дзяржаўных справах. (…)

Адукацыйная палітыка Януша Корчака, якая лягла ў аснову Канвэнцыі аб правах дзіцяці, павінна ажыцьцяўляцца ў сям'і, школе, адукацыйных установах, установах сацыяльнага забесьпячэньня, культурнага характару, а таксама ў дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў, рэлігійных і грамадзкіх органаў”, - зазначаецца ў дакумэнце.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт