Польская дыпляматыя ў вагні крытыкі
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
26.10.2012 14:30
Міністэрства замежных спраў Польшчы трапіла ў мэдыйны скандал.
Foto: polskieradio.pl
Штодзёнка „Rzeczpospolita” абвінавачвае МЗС у ціску на рэдакцыю, каб схаваць свае памылкі.
Польская прэса выкрыла чароговую сэрыю памылак польскіх дыпляматаў на беларускім напрамку. Ідзецца пра публікацыю дадзеных пра польскую дапамогу беларускім дэмакратычным сілам, у тым ліку сьпіс асобаў, якія атрымоўвалі грошы ад польскіх уладаў, піша „Rzeczpospolita”.
Газэта зазначае, што гэта не зьяўляецца адзінкавай памылкай, а хутчэй сьведчаньнем хаосу ды адсутнасьці кантролю за дзейнасьцю чыноўнікаў, якія сабатуюць мноства важных польскіх ініцыятываў.
Для польскай дыпляматыі беларускі напрамак мае выключнае значэньне. Варшава хоча быць прадстаўніком дэмакратычнага Менску ў Эўрапейскім Зьвязе. Напрыклад, Польшча пераконвала Брусэль у патрэбе прызначэньня большых грошай на праграму Ўсходняе партнэрства. Праз гэты мэханізм Варшава хацела прыцягнуць Менск да Эўропы.
Па гэтай прычыне, піша польскае выданьне, палітыка ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі зьяўляецца тэстам верагоднасьці Польшчы ў вачах ЭЗ. Тым большым рэхам адгукаюцца памылкі й недапрацоўкі чыноўнікаў Міністэрства замежных справаў, піша „Rzeczpospolita”. Журналісты выданьня налічылі 3 падобныя выпадкі, адзінь зь іх каштаваў 4,5 году турмы беларускаму праваабаронцу Алесю Беляцкаму. Польскае выданьне мяркуе, што пазьбегнуць гэтых памылак можна было, калі б міністэрства наклала на інфармацыю пра дзейнасьць у Беларусі кляўзулю „дыпляматычнай таямніцы”.
Аднак, піша польскае выданьне, кіраўніцтва міністэрства кіруе сваю энэргію на блякаваньне публікацыі на сваю тэму. У рэдакцыю некалькі разоў званіў прэсавы сакратар МЗС з патрэбаваньнем спыніць публікацыю артыкула. Маўляў, публікацыя гэтай інфармацыі нанясе большую шкоду польскім інтарэсам, чым памылкі чыноўнікаў МЗС, падсумоўвае польскае выданьне.
юл