“Энэргетыка, сельская гаспадарка й фінансы – галоўныя крыніцы росту польска-беларускага эканамічнага супрацоўніцтва” - гэтак гучаў асноўны матыў XVI Беларуска-польскага эканамічнага форуму “Добрасуседзтва 2012”, які завершыўся ў Менску. Прадпрымальнікі ды прадстаўнікі вышэйшых уладаў дзьвюх краін дыскутавалі, якім чынам можна павялічыць памер эканамічнага супрацоўніцтва паміж суседнімі дзяржавамі.
Агульны клімат дзеля разьвіцьця двухбаковых эканамічных адносінаў паміж Польшчай ды Беларусяй, на жаль, даволі неспрыяльны. Няма вялікіх сумесных праектаў на дзяржаўным узроўні, калі палітычныя адносіны практычна замарожаны на самым версе. Тым ня менш, прадстаўнікі дзяржкіраваньня дзьвюх краін, а таксама бізнэс-колаў сустракаюцца й ставяць перад сабою амбітныя задачы па паляпшэньні эканамічнага супрацоўніцтва. У такіх умовах пазытыўны ужо сам факт, што такая сустрэча ладзіцца рэгулярна, - адзначае старшыня Польска-беларускай гандлёва-прамысловай палаты Юзэф Лахоўскі.
Ю. Лахоўскі: Кожная сустрэча, кожны дыялёг карысныя. Заўсёды лепш, калі мы шукаем кантакту й нагоды для гутаркі. Таму трэба назваць посьпехам сам факт сустрэчы звыш 300 прадпрымальнікаў, які дае абодвум бакам агромную карысьць. Шмат маіх калег засталося яшчэ пасьля форуму ў Менску, правялі многа цікавых сустрэч, мы таксама ўдзельнічалі ў адкрыцьці выставы "Энэргія Экспа". Так што вельмі пазытыўная сустрэча.
Асноўная задача, якую ставяць удзельнікі форуму – паляпшэньне ўмоваў тавараабмену паміж краінамі. Доля Польшчы ў вонкавым таваразвароце Беларусі складае толькі каля 3%. Наш госьць мяркуе, што польска-беларускі таваразварот можна было б павысіць у два разы.
Ю. Лахоўскі: На дадзены момант двухбаковы таваразварот складае каля 3,5 млрд. даляраў. Адмыслоўцы ацэньваюць, што можна было б спакойна павялічыць яго двойчы. Але й так ужо цяпер, дзякуючы гэтаму гандлю, па абодвух баках мяжы атрымлівае сродкі на жыцьцё каля 150 тыс. асобаў. Калі б удалося яго павысіць, наколькі ўпала бы беспрацоўе, а людзі сталі б багацей. І такую мэту мы перад сабою ставім.
Афіцыйны тавазварот паміж суседнімі краінамі складае каля 3,5 млрд. даляраў, а неафіцыйны, гэтак званы памежны гандаль, прасьцей кажучы, тыя тавары, якія правозяць прыватныя асобы ў сваіх валізках ды багажніках машын, амаль у два разы вышэйшы – Юзэф Лахоўскі ацэньвае яго на 6 млрд. Яшчэ больш яму спрыяла б польска-беларускае пагадненьне аб малым памежным руху, але яго блякуе беларускі бок.
Ю. Лахоўскі: Мы вельмі хацелі б, каб дамова пачала працаваць. Гэта была адна з высноваў форуму. Мы зьвярнуліся да прэм’ер-міністраў, прэзыдэнтаў, усіх прадстаўнікоў вышэйшых уладаў, каб яны далі зялёнае сьвятло памежнаму руху. І Расея, і Ўкраіна даўно ўвялі з Польшчай малы памежны рух, няма яго толькі зь Беларусяй. Ён бы дазволіў ня толькі павялічыць таваразварот, але даў бы таксама магчымасьць кантакту сем’ям па абодвух баках мяжы. Я не хачу шукаць віноўных, але трэба сказаць, што ўсе фармальнасьці з польскага боку былі аформленыя, цяпер чакаем руху беларускага боку. Спадзяемся, што цягам году гэта адбудзецца.
Агульны палітычны клімат не спрыяе польскім інвэстыцыям у Беларусі. Таваразварот мог бы быць намнога вышэйшы. Тым ня менш, Польшча больш прадае ў суседнюю краіну, чым імпартуе з яе тавараў. Галоўны прадукт польскага экспарту ў Беларусь – гэта сьвініна, прадаюцца таксама яблыкі, памідоры, зерне... Юзэф Лахоўскі гаворыць, што яшчэ нядаўна было наадварот – Польшча больш купляла ў Беларусі.
Ю. Лахоўскі: Сытуацыя зьмянілася за апошнія два гады, раней мы наадварот больш куплялі. Але цяпер сапраўды больш нашых тавараў ідзе ў Беларусь, чым беларускіх пастаўляецца ў Польшчу. Першая прычына згаданага стану – гэта Мытны Зьвяз Расея-Казахстан-Беларусь. Многія тавары пастаўляюцца фармальна ў Беларусь, але беларускія фірмы экспартуюць іх далей, у краіны Зьвязу. Нашым прадпрымальнікам лягчэй наладзіць супрацоўніцтва зь беларускімі прадпрыемствамі, чым з расейскімі або казахскімі. Таму частка польскіх тавараў, асабліва гэта прадукты харчаваньня, толькі праязджае празь Беларусь далей на ўсход. А другая прычына – рэзкі рост цэнаў у Беларусі, напрыклад, на паліва ды фосфарныя ўгнаеньні. Напрыклад, угнаеньні мы раней куплялі толькі ў Беларусі, але цяпер, пасьля павышэньня цэнаў, аказваецца, што таньней можна купіць калійную соль у Нямеччыне, чым Беларусі. Гэта вынік празьмернага жаданьня Беларускай кампаніі калійнай солі атрымаць высокі прыбытак.
Польска-беларускі эканамічны форум адбываецца кожны год. Сёлета яго наладзілі Беларуская гандлёва-прамысловая палата, Польска-беларуская гандлёва-прамысловая палата й польская амбасада ў Беларусі. Застаецца спадзявацца, што калі сустрэча будзе адбывацца праз год, агульны палітычны й эканамічны клімат двухбаковых адносін будзе намнога лепшы.
нг