Палітык перад судом
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
17.05.2012 12:45
Бяскарныя гадамі лідары могуць пачуць абвінавачваньне перад замежным судом.
Учора ў судзе ў Гаазе распачаўся працэс генэрала Ратка Младзіча, абвінавачанага ў ваенных злачынствах, зьдзейсьненых на Балканах у 1992-1995 гадох.
Шмат сьведчыць пра тое, што кат мірных жыхароў басьнійскай Срэбраніцы, які адказвае за сьмерць 8 тысячаў музульманаў, не зьбіраецца каяцца. Падчас учарашняга паседжаньня ён жэстам пагражаў сьмерцю аднаму са сьведкаў. Працэс Ратка Младзіча павінен быць адным з апошніх разьдзелаў дзейнасьці Міжнароднага крымінальнага суд па справах былой Югаславіі. Створаны ААН ў 1993 годзе трыбунал асудзіў за ваенныя злачынствы 161 асобу.
„Ад заканчэньня ІІ Сусьветнай вайны пошук ваенных злачынстваў спыніўся. Тым часам цягам 20-ці апошніх гадоў, дзякуючы суду ў Гаазе ды іншым, па злачынствах у Руандзе, С'ера-Леонэ ці Камбоджы, шмат памянялася,”- кажа ў размове з журналістам выданьня „Rzeczpospolita” доктар Ноам Любэль, экспэрт па міжнародным заканадаўстве з Унівэрсытэту ў Эсэкс.
У вышуку створанага ў 2002 годзе Міжнароднага крымінальнага суду апынулася сем асобаў. Сярод іх знаходзіцца, між іншым, прэзыдэнт Судану Амар аль-Башыр, абвінавачаны ў этнічных чыстках у правінцыі Дарфур. Мільёны людзей ва ўсім сьвеце суцешыла таксама інфармацыя пра затрыманьне Джозэфа Коні - бандыта, які тэрарызаваў Уганду.
Суд хацеў бы асудзіць таксама іншых палітыкаў-злачынцаў, аднак ня можа, бо пра кандыдатаў да суду вырашае Рада Бясьпекі ААН. Супраціў Расеі й Кітая не дазваляе асудзіць прэзыдэнта Сырыі Башара аль-Асада.
Па той жа прычыне перад Міжнародным крымінальным судом не апынецца прэзыдэнт Уладзімір Пуцін ці Міхаіл Гарбачоў. Нагадваем, абвінавачваньне гэтага апошняга суцешыла б жыхароў Азэрбайджану. Гарбачоў - герой на Захадзе, у 1990 годзе накіраваў расейскія войскі ў Баку, каб крывава здушыць незалежніцкія дэманстрацыі ў гэтай краіне.
Паводле экспэртаў, суд ня дзейнічае ідэальна, але ўжо само ягонае існаваньне прымушае сусьветных лідараў паводзіць сябе больш асьцярожна, - паведамляе „Rzeczpospolita”.
аз