Міжнародная недзяржаўная арганізацыя Freedom House у рэйтынгу свабоды прэсы паставіла Беларусь на 193 месцы са 197 краінаў. Пракамэнтаваць такую сумную пазыцыю мы папрасілі як у беларускіх журналістаў, так і ў саміх складальнікаў рэйтынгу Freedom of the Press.
У рэйтынгу Freedom of the Press, які штогод публікуе арганізацыя Freedom House Беларусь сёлета заняла пятае месца з канца, адразу пасьля Ірану й крыху апераджаючы Эрытрэю, Узбэкістан, Туркмэністан ды Паўночную Карэю. У параўнаньні зь мінулагоднім рэйтынгам, пазыцыя Беларусі панізілася. Галоўным чынам таму, што вышэй у рэйтынгу падняліся Бірма й Лібія.
Агульная пазыцыя ў рэйтынгу свабоды прэсы зьяўляецца выніковай шматлікіх паказчыкаў, якія адносяцца да 3 катэгорыяў: прававой, палітычнай ды эканамічнай незалежнасьці прэсы. Мэтадалёгію тлумачыць нам прадстаўніца офісу Freedom House ў Ню-Ёрку Сільванія Калачкоўска
С.Калачкоўска: Мы глядзім, ці канстытуцыя й законы абараняюць журналістаў, альбо наадварот - абмяжоўваюць іх правы. Таксама мы глядзім, ці выконваюцца гэтыя законы. Акрамя гэтага мы аналізуем палітычную сытуацыю: ці спрабуе урад кантраляваць мас-мэдыя, ці дзяржаўныя СМІ зьяўляюцца свабоднымі й нэйтральнымі. І нарэшце, мы глдзім на эканамічную свабоду: ці не кантралююцца газэты й тэлебачаньне адной альбо некалькімі бізнэс-групамі. Канешне, могуць ўзьнікнуць падазрэньні ў нашай суб’ектыўнасьці, але фінальная ацэнка зьяўляецца вынікам дакладнага падліку кожнага пункту, і кожны пункт усебакова абмяркоўваецца.
На якія праблемы са свабодай слова ў Беларусі зьвяртае асаблівую ўвагу Freedom House?
Сільванія Калачкоўска: У параўнаньні да іншых найгоршых краінаў рэйтынгу Беларусь мае крыху больш незалежных газэтаў і адносна свабодны інтэрнэт, аднак падчас розных палітычных падзеяў, напрыклад выбараў, Лукашэнка выкарыстоўвае праваахоўную сыстэму, каб караць незалежныя СМІ. Судовая сыстэма не забясьпечвае абароны журналістаў.
Рэйтынг савбоды прэсы ў Беларусі – гэта той выпадак, калі рэпутацыя крыху апераджае рэальнае становішча, лічыць намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Аляксандар Старыкевіч. Аднак апераджае не нашмат. Беларусь, канешне, не Паўночная Карэя, але становішча недзяржаўных СМІ ў краіне сапраўды драматычнае. Незалежных грамадзка-палітычных газэтаў у Беларусі ў разы менш, чым ў Польшчы, Украіне, Летуве, Латвіі ці Расеі, кажа журналіст.
А. Старыкевіч: У Беларусі на агульнанацыянальным узроўні публікуюцца лічаныя незалежныя выданьні: “Наша Ніва”, “Народная воля”, “Свободные новости Плюс”, “Беларусы й рынак”. Можна прыгадаць яшчэ некалькі недзяржаўных выданьняў. Міністэрства інфармацыі любіць публікаваць статыстыку, зь якой вынікае, што большасьць часопісаў і газэтаў у нас – недзяржаўныя. Але яны не друкуюць практычна ніякіх грамадзка значных навінаў. У рэгіёнах існуе каля дзесяці грамадзка-палітычных выданьняў. Так што гэта вельмі й вельмі мала для нашай краіны.
Асноўнымі праблемамі незалежных СМІ ў Беларусі Аляксандар Старыкевіч называе палітычны ціск з боку ўладаў і эканамічную дыскрымінацыю.
А. Старыкевіч: Тут можна прыгадаць і закрыцьцё “Аўтарадыё”, і спробы зачыніць “Нашу Ніву” й “Народную волю”, масавыя затрыманьні журналістаў, якія асьвятлялі акцыі пратэсту 2011 году. А эканамічная дыскрымінацыя – гэта розныя тарыфы ў дзяржаўных друкарнях ды іншых установах для дзяржаўных і незалежных СМІ.
Нягледзячы на гэта, цікавасьць да незалежных СМІ ў Беларусі расьце – зазначае Аляксандар Старыкевіч
А. Старыкевіч: У мінулым годзе аўдыторыя практычна ўсіх незалежных сайтаў павялічылася ў 2-3 разы. “Наша Ніва” па выніках 2011 году мае ўвогуле ў 5 разоў больш наведвальнікаў. Так што сумневу ў тым, што незалежная інфармацыя запатрабаваная, няма. Аднак разьвівацца ім перашкаджае палітыка ўладаў.
Канешне, Аляксандар Лукашэнка ня вельмі пераймаецца пазыцыяй Беларусі ў міжнародных рэйтынгах. Ён наўрад ці будзе засаромлены 193 месцам у рэйтынгу свабоды прэсы. Аднак да такіх аналізаў уважліва прыслухоўваюцца лідары заходніх дзяржаваў, якія прымаюць рашэньні адносна Беларусі – падкрэсьліла прадстаўніца Freedom House Сільванія Калачкоўска.
Аляксандар Папко