Logo Polskiego Radia
Print

Ці новае заканадаўства заб’е беларускія НДА? (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 30.03.2012 23:29
  • Ці новае заканадаўства заб’е беларускія НДА.mp3
Размова з праваабаронцам Тацьцянай Равякай і сябрам культурніцкай кампаніі “Будзьма” Севярынам Квяткоўскім.

У гэтым годзе ўваходзяць у жыцьцё папраўкі ў беларускі “Закон аб грамадзкіх аб’яднаньнях”, якія ўводзяць крымінальную адказнасьць за атрыманьне некантраляванай уладамі замежнай дапамогі. Ці пагоршыць гэта й без таго складанае жыцьцё беларускіх недзяржаўных арганізацыяў? Што можа зрабіць Эўразьвяз, каб дапамагчы беларускаму трэцяму сэктару? Аб гэтым мы размаўляем з прадстаўніком праваабарончага цэнтру “Вясна” Тацьцянай Равякай і мэнэджэрам культурных праектаў Севярынам Квяткоўскім.

Зразумела, пасьля прыняцьця новых рэпрэсіўных паправак недзяржаўныя арганізацыі сталі больш асьцярожнымі. Аднак праваабарончая дзейнасьць і так знаходзілася пад забаронай. Таму папраўкі ніяк не паўплывалі на працу праваабарончых арганізацыяў – тлумачыць супрацоўніца цэнтру “Вясна” Тацьцяна Равяка.

Т. Равяка: Праваабарончая дзейнасьць у прынцыпе не ўваходзіць у пералік дзейнасьці, якая можа атрымаць дазвол згодна з законам аб грамадзкіх аб’яднаньнях. На яе патрэбны асобны дазвол. Гэта, дарэчы, высьветлілася падчас суду над Алесем Бяляцкім. Так што частка нашай працы ў рамках сёньняшняга заканадаўства немагчымая, і зьвяртацца ў Дэпартамэнт па гуманітарнай дзейнасьці, каб рэгістраваць замежную дапамогу, ня мае сэнсу. Канешне, пасьля суду над Алесем Бяляцкім увесь недзяржаўны сэктар вельмі заклапочаны. НДА шукаюць новыя шляхі, якія запэўняць бясьпеку іх дзейнасьці, у тым ліку атрыманьня фінансавых сродкаў.

Пасьля таго, як у турму быў кінуты праваабаронца Алесь Бяляцкі, ніхто не сышоў ні з цэнтральнага офісу “Вясны”, ні з 17 яе рэгіянальных адзьдзяленьняў – зазначыла Тацьцяна Равяка. Дапамога, якую аказваюць замежэныя фонды, з большага адпавядае патрэбам беларускіх праваабарончых арганізацыяў, толькі больш увагі трэба надаць, напрыклад, такім накірункам, як абарона правоў вязьняў.

Часта можна пачуць скаргі, што большая частка прызначанай для беларускага трэцяга сэктару замежнай дапамогі застаецца ў эўрапейскіх НДА й да Беларусі не даходзіць. Гэтаму ёсьць тлумачэньне – кажа Тацьцяна Равяка.

Т. Равяка: Шмат праграмаў, якія ажыцьцяўляюцца праваабарончымі арганізацыямі, рэалізуюцца за межамі Беларусі – напрыклад, школы па правах чалавека, многія іншыя адукацыйныя праграмы. І сродкі застаюцца за межамі Беларусі, бо рэалізаваць у нас паўнавартасную праграму немагчыма. Я не лічу, што гэта разбазарваньне беларускіх грошай. Гэтая дзейнасьць ажыцьцяўляецца беларусамі й на патрэбы беларусаў.

Улады праводзяць рэпрэсіі супраць палітыкаў і праваабаронцаў. Аднак тыя арганізацыі, якія займаюцца адукацыяй і культурай могуць дзейнічаць, хоць і ў вельмі абмежаваных умовах – зазначае актывіст культурнай кампаніі “Будзьма” Севярын Квяткоўскі.

С. Квяткоўскі: Зразумела, палітыкі прадстаўляюць найбольшую небясьпеку для ўладаў. Праваабаронцы манітаруюць парушэньні правоў чалавека. Таму ўлады таксама намагаюцца іх “абезгаловіць”. Што датычыць усіх астатніх ініцыятываў – іх не рэпрэсуюць, іх ставяць у рамкі, па-за якія яны ня могуць выйсьці. Гэта рэальнасьць, і трэба, зыходзячы з гэтых рэаліяў, нешта рабіць.

У Беларусі вельмі цяжка зарэгістраваць недзяржаўную арганізацыю. З незарэгістраванымі арганізацыямі эўрапейскія партнэры вельмі часта працаваць ня могуць. Зь іншага боку, шмат энэргічных дзеячоў трэцяга сэктару на Беларусі проста ня ведаюць, як знайсьці партнэраў за мяжой – кажа Севярын Квяткоўскі.

С. Квяткоўскі: Думаю, што праблема найперш камунікацыйная. У Эўропе ведаюць тых, хто сябе неяк паказаў. А тых, хто знаходзіцца ў Беларусі й сябе не прапіярыў, эўрапейцы ня ведаюць. І наадварот, тыя беларусы, якія сапраўды хочуць нешта рабіць, часта ня ведаюць, як знайсьці кантакты ў Эўропе.

Культурная кампанія “Будзьма”, якую праводзіць Згуртаваньне беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”, можа пахваліцца пасьпяховымі праектамі, праведзенымі ў тым ліку з удзелам мясцовых чыноўнікаў.

С. Квяткоўскі: Восеньню ў Горадні, Берасьці й Магілёве былі зладжаныя прэзэнтацыі фэстывалю беларускай рэклямы “AD.NAK!” , а таксама сустрэчы мясцовых інтэлектуалаў і людзей культуры. І гэта ўсё праводзілася пасьля адкрытай камунікацыі з прадстаўнікамі мясцовай улады. Слова “ўлады” нейкае безаблічнае. А чыноўнікі – гэта насамрэч людзі. Яны разумеюць, дзе яны жывуць. Яны баяцца ўсяго, што ня спушчана зьверху. Тое, што атрымалася – гэта посьпех на нейкім чалавечым камунікатыўным узроўні. Я думаю, людзям, якія рэалізуюць грамадзкія ініцыятывы, варта грукацца ў тым ліку й да чыноўнікаў.

Праваабаронцы штодзённа знаходзяцца пад пагрозай з боку ўладаў. Але малую актыўнасць некаторых культурных ці адукацыйных арганізацыяў сьпісаць толькі на перашкоды рэжыму нельга – лічаць экспэрты.

Аляксандар Папко

фота Сашы Гразеўскага

/

/

/

/

/

/

/

/

/


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт