Logo Polskiego Radia
Print

Азіяцкія фірмы ў Польшчы

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 12.10.2011 09:30
Цягам бягучага году Польшчу наведалі больш за 10 эканамічных місіяў зь Кітая.

/

У бліжэйшы час ёсьць шанец павелічэньня азіяцкіх інвэстыцыяў у Польшчы. Найбольш надзейна гучаць абяцаньні кітайскіх і індыйскіх фірмаў.

Дзякуючы інвэстыцыям, рэалізацыя якіх пачнецца цягам бліжэйшых месяцаў, узьнікне больш за 4 тысячы месцаў працы.

Да сур’ёзных інвэстыцыйных крокаў рыхтуюцца таксама бізнэсмэны зь Японіі й Малазіі, якія бачаць у Польшчы буйны лягістычны патэнцыял на ўсю Цэнтральную й Ўсходнюю Эўропу. Дарэчы, апошнім часам яны перанесьлі свой цэнтар прамоцыі MATRADE з Будапэшту ў Варшаву.

Азіяты ня ўтойваюць, што да перанясеньня бізнэсу ў Польшчу іх заахвочвае факт, што нават у часы фінансавага крызысу краіна захавала эканамічны рост.

Такім чынам кітайскі мэталюргічны канцэрн „Liugong”, які фіналізаваў размовы аб пераняцьці Мэталюргічнага заводу „Stalowa Wola”, плянуе стварэньне ў рэгіёне цэнтру кітайскага бізнэсу ды, як мінімум, некалькі сотняў новых месцаў працы.

Працягваюцца таксама перамовы зь кітайскім канцэрнам „Sany” – адным з найбуйнейшых вытворцаў будаўнічай тэхнікі, які хоча пабудаваць свой завод пад Варшавай. У сваю чаргу „Shanghai Electric” плянуе пачаць у Польшчы прадукцыю элемэнтаў да ветравых электрастанцыяў.

Паводле экспэртаў, кітайцаў у Польшчы традыцыйна цікавяць: інфраструктура, хімічная й станкабудаўнічая прамысловасьці. Толькі цягам бягучага году Польшчу наведалі больш за 10 эканамічных місіяў зь Кітая і ўпершыню місія прадстаўнікоў малога й сярэдняга бізнэсу.

ekonomika24.pl/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт