Старшыня грамадзкага аб'яднаньня "Беларускі жаночы незалежны дэмакратычны рух" Людміла Пеціна мяркуе, што цяпер у Беларусі жанчыны знаходзяцца на намнога ніжэй за мужчын на сацыяльнай лесьвіцы.
Спадарыня Людміла прыводзіць факты дыскрымінацыя жанчын на рынку працы: больш за 60 адсоткаў працуючых жанчын ня маюць дастаткова сродкаў на базавыя патрэбы - набыцьцё ежы й адзеньня, аплату камунальных паслуг і г.д.). Сярэдняя зарплата жанчын на 30 адсоткаў ніжэй за заробак мужчын. Нізкія даходы вымушаюць жанчын, якія ў асноўным працуюць у мэдыцыне, пэдагогіцы, іншых сацыяльных і культурніцкіх сфэрах працаваць не на адну, а на паўтары-дзве стаўкі.
Для Беларусі застаецца актуальнай думка “б’е, значыць любіць”, а калі больш простымі словамі, то гвалту ў сям’і. Таму Аб'яднаная грамадзянская партыя разам з Грамадзкім аб'яднаньнем «Жаночы незалежны дэмакратычны рух» маюць намер падрыхтаваць праекты закона «Аб прадухіленьні хатняга гвалту» і закона «Аб гендэрнай роўнасьці».
Людміла Пеціна: У нас практычна жанчыны не зьвяртаюцца ў праваахоўныя органы, бо ведаюць, што дапамога будзе неадэкватнай. Калі мужчына зьдзейсьніць нейкі акт гвалту, то яго караюць практычна. Калі, напрыклад, плаціцца штраф, то гэта зь бюджэту сям’і. А ахвяра нічога не атрымлівае. Закон акурат прадугледжвае кампэнсацыю для ахвяры. Закон фармуе й іншыя нормы паводзінаў у грамадзтве.
Кіраўніца грамадзкага аб'яднаньня "Беларускі жаночы незалежны дэмакратычны рух" Людміла Пеціна ўвогуле мяркуе, што стаўленьне да жанчын у грамадзтве дыктуецца паводзінамі вышэйшага кіраўніцтва. Як прыклад, яна прыводзіць гісторыю Аляксандра Лукашэнкі, жонка якога ніколі не зьяўляецца на публіцы. А маці малодшага сына, Мікалая, кіраўніка Беларусі афіцыйна не прадстаўленая народу.
Людміла Пеціна: У нас вельмі агрэсіўнае грамадзтва, узаемаадносіны. У Беларусі, мяркую, вельмі агрэсіўнае асяродзьдзе для жанчыны. І гэта транслюецца зьверху. Мне здаецца, што ўжо час уздымаць пытаньне аб ролі першай асобы. У кожнай краіне сямейны статус прэзыдэнта не прыватная, а дзяржаўная справа. І мне падаецца, што на гэтым узроўні мы бачым гвалт у адносінах да жанчыны.
На пасадах кіраўнікоў у сфэры дзяржаўнага кіраваньня мужчын у 10 разоў больш чым жанчын. Анатоль Лябедзька, кіраўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі, мяркуе, што ў жанчын ёсьць вялікі патэнцыял, іх трэба далучаць да сфэры публічнай палітыкі. Напрыклад, праз парлямэнцкія выбары, калі будуць унесеныя адпаведныя зьмены ў заканадаўства.
Анатоль Лябедзька: Вельмі зацікаўленыя, каб ва ўмоўным сьпісе было даволі многа жанчын. Лепш можна прывабліваць да сваіх ідэй, калі іх рэтрансьлятарам ёсьць жанчыны. Дзьверы Аб’яднанай грамадзянскай партыі адчыненыя. Мы заяўляем, што жаночая праблематыка мусіць стаць адным з прыярытэтаў. Але гэта можа быць толькі тады, калі самі жанчыны актыўна прыйдуць і ў палітыку, і ў абмеркаваньне тых праблем, якія існуюць.
Анатоль Лябедзька мяркуе, што электаральная падтрымка беларусак мусіць зьмяніць свой курс.
Анатоль Лябедзька: Мы ведаем яшчэ й сацыялёгію: значная частка жанчын-выбарцаў галасуюць за дзейсную ўладу. Я лічу гэта недарэчнасьцю. Гэтая ўлада стварае дыскрымінацыйную палітыку ў адносінах да жанчын, а яны за яе галасуюць! Вельмі важна ў гэтай сытуацыі правільна расставіць акцэнты. Думаю, праз выбарчую кампанію мы мусім зламаць гэтыя стэрэатыпы. Жанчыны зь іх патэнцыялам мусяць стаць тымі, хто цягне ўвесь чыгуначны састаў! Ну, не фізычна! Я быў зараз на зьезьдзе БНФ – сядзяць адны мужчыны. Баюся, каб у нас так не было, праз паўгода будзе зьезд. Трэба нешта рабіць у гэтым пытаньні.
Аб'яднаная грамадзянская партыя прыступае да актыўнага разьвіцьця праграм па прыцягненьню жанчын у палітыку. Напрыклад, будуць створаныя грамадзкія прыёмныя, распачнецца інфармацыйная кампанія з мэтай прыцягнуць у свае шэрагі беларусак.
Марыя Кароль