Logo Polskiego Radia
Print

Абрады, звязаныя са сьмерцю й паховінамі - 2

PR dla Zagranicy
Nina Barszczewska 13.07.2019 12:24
Паховіны нябожчыка павінны адбыцца на трэці дзень пасьля сьмерці.
Zdjęcie ilustracyjneZdjęcie ilustracyjnepixabay.com/Public Domain CC0

Вераваньні й легенды, зьвязаныя са сьмерцю чалавека – гэта сьведчаньне роздумаў пра сэнс чалавечага жыцьця, сьмяротнасьць цела й несьмяротнасьць душы, формы існаваньня пасьля сьмерці ды ўзьдзеяньня памерлых на жывых. Менавіта гэтыя ды іншыя пытаньні знайшлі сваё адлюстраваньне ў беларускіх абрадах на Беласточчыне.

Калі ў нейкім доме знаходзіцца пакойнік, у варотах родныя ставяць харугвы – гаворыць Валерыя Скепка зь Міхнаўкі ў Гайнаўскім павеце:

То ставят две харонгі, бо з цэркві барут. У цэркві е такіе чорны ўжэ харонгі як па пакойнікаві, бо там е ўсялякіе, то ўжэ такіе да пакойнікоў две харонгі. І крэст із цэркві бэрут, то крэст у хаці стаіт пры пакойнікаві, а харонгі так о, у брамках. То ставят і тады ўжэ рано прыезджае там, бацюшка ўвечары як прыедзе, то кажа, калі ўжэ на катору гадзіну выводзіці будут. То прывозят бацюшку і тые ўжэ харонгі, крэста барут, і бацюшка папарэдзі ідут, там хтось сьпівае, і сьпівают да паматніка. У нас тут о паматнік усё блізенько. То да паматніка ідут і сьпівают, праводзят. І тут ужэ кала паматніка бацюшка памоліцца, і хто ўжэ едзе да цэркві, а хто астаецца, то бацюшка краста даст пацэлаваць. Ну, і так ужэ да цэрквы вазут. А ў цэркві тэж правіцца абедня, правіцца і паграбеніе, а потым ужэ на могілкі вазут.

Ва ўяўленьні беларусаў на Беласточчыне, душа, якая пакідае цела, вандруе па сьвеце цягам сарака дзён, але толькі здаровых маральна людзей, таму што душы зладзеяў, забойцаў ды іншых злачынцаў адразу трапляюць у пекла. На саракавы дзень пасьля паховінаў адбываецца ў царкве набажэнства за душу памерлага, і з гэтага часу душа спыняе сваё блуканьне па сьвеце.

Згодна з агульна прынятым звычаем, памерлага павінны наведаць ня толькі родныя, але ўсе жыхары дадзенае вёскі, сьпяваць пры ім рэлігійныя песьні, успамінаць ягоныя добрыя ўчынкі, чытаць Псалтыр і маліцца. Усе гэтыя формы культу памерлага падыктваныя рэлігійнай абраднасьцю, якую папаўняе канглямэрат розных рэліктаў паганскіх вераваньняў. Гаворыць Ніна Сычэўская з Ракавіч у Гайнаўскім павеце:

Прыходят. Я пшэважне чытаю Псалтыр. А ешчэ девчата, которы сьпівают. Я вжэ нэ могу і тое, і тое. А Псалтыр ес бардзо важны по умэршому чытаті. Ну, а шчэ, як е шчэ якаясь колежанка, бо тэпэр як у хаті стоіт, то можна чытаті целу нуоч, ну, і можна прочытаті, то ест всё-такі ксёнжка, дваццэть кафісм. А як стоіт у цэркві, то што ж – дэвэть, дэсэть часуов і ўжэ росходяцьця.

Паховіны нябожчыка павінны адбыцца на трэці дзень пасьля сьмерці – тлумачыць Ніна Сычэўская з Ракавіч:

Повінна трэтёго дня ховаті заўшэ. Даймы на то, як умэрла о дісь, дісяй ужэ по шостуй годіні, то вжэ лічыцьця якбы то завтрашні дэнь, до шэсті часуов, то шчэ дісейшы, а вжэ по шостуй годіні, то лічыцьця як настэмпны. Трэтёго дня. Тэпэр так ужэ нэ робят. Але некоторые трымают так, некоторых ховают нормальне. Трэтёго дня душа ужэ ідэ на поклоненіе Богу і тогды молітва в цэркві, моляцьця, літургія ідэ, і отпіваніе, і пособляют той душэ якбы дойті, чы дойдэ, чы допустят іе, чы не, але так як мы понімаемо. Ну, дэвятого дня, то столь бардзо важны дэнь, паныхіда служыцьця ужэ за вмэршого дэвятого дня.

У многіх вёсках усходняе Беласточчыны жыхары падчас малітвы просяць нябожчыка ня толькі каб пакланіўся іхным памерлым сваякам, але таксама каб паведаміў, што яны задаволеныя жыцьцём на гэтым сьвеце. Перадаюцца толькі добрыя весткі, бо людзі вераць, што дрэнныя маглі б устрывожыць памерлага, а добрыя даюць яму палёгку. Існуе перакананьне, што душа ўсё чуе, пра што вядзецца размова. Гаворыць Ніна Сычэўская з Ракавіч:

Вуон чуе покойнік, так. Душа вмэршого пробывае пшэважне вдома, бо коло свого тела, бо кажды чоловек любіт найбардзей сэбэ, свое тело, так як за жыця. І потым по смэрті то душа тож ес коло свого тела. Ну, угоднікуў Божых, которы нэ хочут жыті довго, то тых душы воны спешают до Бога, а нашы грэшны душы то воны коло свого тела караулят і ўсютко знают, што деецьця.

Зусім асобнай праявай пахавальнага абраду зьяўляюцца песьні – тыя сьпяваныя на працягу трох дзён і начэй, калі нябожчык ляжаў дома, іншыя выконваліся падчас жалобных бяседаў, якія праходзілі тройчы: у дзень паховінаў, у сорак дзён пасьля сьмерці ды ў першыя ўгодкі сьмерці – піша Алесь Барскі ў працы Беларуская абраднасьць і фальклёр усходняе Беласточчыны (Białoruska obrzędowość i folklor wschodniej Białostocczyzny, Беласток 1990). На Беласточчыне дамінуюць расійскія песьні, пашыраныя зрусыфікаванай Праваслаўнай царквою. Праўда, яны ў значнай ступені зьбеларушчаныя. Зьбіральнікам хаўтурнага фальклёру ўдалося запісаць некалькі дзясяткаў аўтэнтычных народных рэлігійных песьняў, на зьмест якіх складаюцца такія тэматычныя матывы, як: крохкасьць чалавечага жыцьця, непазьбежнасьць сьмерці, бессэнсоўнасьць маніі багацтва, несьмяротнасьць душы ды ўяўленьне замагільнага жыцьця.

Ніна Баршчэўская

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт