1 красавіка 2016 году ў Польшчы пачала дзейнічаць праграма фінансавай падтрымкі сем’яў зь дзецьмі «Сям’я 500+». Цягам першых трох гадоў можна было атрымаць па 500 злотых у месяц на другое і наступнае дзіця ў сям’і, а на першае толькі пры ўмове нізкіх даходаў на аднаго члена сям’і. З 1 ліпеня ў праграму былі ўведзеныя значныя папраўкі.
З 1 ліпеня бягучага году ўсе дзеці да 18 году жыцьця ў Польшчы маюць права атрымаць фінансавую дапамогу ў памеры 500 злотых у месяц. Раней падтрымка на першае або адзінае дзіця была абмежаваная памерам даходаў у сям’і. Дадзеная праграма – гэта флягман кіруючай партыі «Права й справядлівасьць», яна дзейнічае больш за тры гады, і аказалася вялікім посьпехам польскіх уладаў. Па-першае, дзякуючы ёй значна ўпаў адсотак галечы сярод самых маленькіх жыхароў дзяржавы, па-другое, значна вырас аўтарытэт сем’яў з дзецьмі і пашана да іх у грамадзтве, а па-трэцяе, аказалася, што праграма не аказала дрэннага ўплыву на эканоміку, наадварот, яна стала штуршком для разьвіцьця гаспадаркі, паколькі рост свабоднай грашовай масы палепшыў узровень жыцьця вялікай часткі палякаў, яны могуць прызначыць больш сродкаў на спажывецкія патрэбы, на адпачынак і г.д. Дзякуючы чаму зарабляюць прадпрымальнікі, у вялікай частцы айчынныя.
На пачатку бягучага году ўрад партыі ПіС заявіў пра намер пашырыць дзейнасьць праграмы на кожнае дзіця да 18 году жыцьця, без матэрыяльных абмежаваньняў па ўзроўні даходу. У суботу, 29 чэрвеня, прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі прыняў удзел ва ўрачыстасьцях, зьвязаных з інаўгурацыяй новай праграмы. «Сям’я 500+» – гэта самая важная праграма ў нашай сацыяльнай палітыцы, а таксама эканамічнай палітыцы, – заявіў Маравецкі. І дадаў, што эканоміка існуе дзеля таго, каб грамадзтва магло разьвівацца і павышаць свой дабрабыт.
М. Маравецкі: Я дзякую, што так многа вас, дарагія суайчыньнікі, прыйшло сёньня на гэтае сьвята. Гэта вашае сьвята, гэта сьвята ўсіх палякаў. Вялікі вам дзякуй. Праграма называецца «Сям’я 500+». Гэта праграма для сем’яў, яе галоўная задача – узмацняць, будаваць польскія сем’і. Польская дзяржава павінна перш за ўсё дапамагаць сем’ям, прыязна ставіцца да іх. Гэта наша галоўная задача, гэта сутнасьць існаваньня і асноўны інтарэс польскай дзяржавы.
Па словах міністра сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Бажэны Борыс-Шопы, інвэстыцыя ў сям’ю – гэта найлепшая інвэстыцыя. Бацькі, дзядулі, бабулі ведаюць найлепш, на што прызначыць сродкі, якія яны атрымліваюць на сваіх дзяцей.
Б. Борыс-Шопа: Мы пачынаем тут, разам з вамі, вялікую акцыю «500 з другім плюсам». Я нагадваю ўсім вам, дарагія суайчыньнікі, каб вы як мага хутчэй падавалі заявы на фінансавую дапамогу на дзяцей, у тым ліку на першае дзіця ў сям’і. Сем’і даюць моц Польшчы, моцныя сем’і маюць гэтай сілы болей. Пра гэта казаў прэзыдэнт Лех Качыньскі, сьветлая яму памяць.
На сямейным фэсьце, які адбыўся ў Мрочы каля Быдгашчы, міністар Бажэна Борыс-Шопа нагадала, што праграма 500+ зьяўляецца значнай дапамогай для многіх польскіх сем’яў.
Б. Борыс-Шопа: Апазыцыя казала, што гэта дрэнная ідэя. У сваю чаргу мы верым і ведаем, што адным з найлепшых напрамкаў дзейнасьці гэтага ўраду зьяўляецца інвэстыцыя ў сем’і. Бацькі найлепш ведаюць, на што прызначыць грошы, якія важныя патрэбы ў іх дзяцей.
Міністар заверыла, што ўсе бацькі дзяцей да 18 году жыцьця, якія пададуць заяву на атрыманьне фінансавай дапамогі на сваіх нашчадкаў, хутка атрымаюць грошы. Заявы можна падаваць зь 1 ліпеня ў электроннай форме, а зь 1 жніўня – у традыцыйнай форме, на паперы.
Нагадаем, на кожнае дзіця ў сям’і жыхары Польшчы атрымліваюць 500 злотых у месяц фінансавай дапамогі – гэта амаль 135 даляраў ЗША. Міністар сям’і паведаміла, што да 19-ай гадзіны 1 ліпеня было пададзена ўжо каля 700 тыс. электронных заяў. Дзякуючы пашырэньню праграмы фінансавую падтрымку атрымае дадаткова 4,4 млн. дзяцей. Дагэтуль праграмай «Сям’я 500+» карысталася ў Польшчы прыкладна 6,8 млн. дзяцей.
ІАР ПР/нг