Logo Polskiego Radia
Print

Мігрэнь – гэта ня проста галаўны боль, але таксама іншыя сымптомы хваробы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 25.06.2019 15:42
  • мігрэнь.mp3
У Польшчы амаль 4 млн. чалавек пакутуе ад мігрэні, у тым ліку прыкладна 400 тыс. маюць цяжкую форму захворваньня.
www.pixabay.com/CC0 Creative Commons

Пашырэньне ведаў на тэму сацыяльных, грамадзкіх ды эканамічных наступстваў мігрэні – гэта галоўная мэта адукацыйнай кампаніі «Разам мы пераможам мігрэнь... прафэсійна». Ініцыятарам кампаніі зьяўляецца асацыяцыя «Працадаўцы РП». Нядаўна Нацыянальны інстытут грамадзкага здароўя Дзяржаўнае ўпраўленьне гігіены прадставілі даклад, датычны значэньня гэтага захворваньня з пункту гледжаньня сыстэмы аховы здароўя.

Па словах дырэктара Інстытуту доктара Гжэгажа Юшчыка, у мінулым годзе па прычыне мігрэні было зарэгістравана звыш 95 тыс. дзён бюлетэняў па хваробе. Людзі, якія пакутуюць ад мігрэні, па статыстыцы бяруць ад 2 да 7 дзён бюлетэняў у год, а калі ў кагосьці здараюцца жорсткія прыступы, то ён карыстаецца бюлетэнем нават 40 дзён у год. Адпаведна, нацыянальная эканоміка нясе сур’ёзныя страты – прамыя і пасярэднія кошты, зьвязаныя з дадзенай хваробай, ацэньваюцца ў 6-8,5 млрд. злотых у год.

Г. Юшчык: Больш за 85% гэтых коштаў – гэта выдаткі сыстэмы сацыяльнага страхаваньня, калі супрацоўнікі бяруць бюлетэнь па хваробе. Для наймальнікаў гэта сур’ёзныя страты, ня толькі тады, калі супрацоўніка няма на працоўным месцы, але таксама ў выніку паніжанай дзеяздольнасьці пасьля прыступу мігрэні. Асобы, якія хварэюць на мігрэнь, падчас прыступу або пасьля яго яшчэ нейкі час адчуваюць сябе дрэнна, у іх абмежаваныя магчымасьці выконваць нармальную працу.

Калі баліць галава, то многія людзі стараюцца нармальна жыць, па прынцыпе «пабаліць і перастане». І сапраўды, многія галаўныя болі не выклікаюць сур’ёзных наступстваў. Але мігрэнь – іншая справа, на яе цяжка не зьвяртаць увагі. Прыступы хваробы часта на столькі моцныя, што чалавек ня толькі ня можа працаваць, але нават не ў стане выконваць простыя штодзённыя абавязкі. Прыступы могуць працягвацца ад 4 гадзін да 3 содняў. Гаворыць прафэсар нэўралёгіі Войцех Казубскі.

В. Казубскі: Прыступ мігрэні цяжка памыліць з іншым болем. Дарэчы, у такі момант у хворага ня толькі баліць галава, але паяўляюцца таксама іншыя сымптомы – павышаная чульлівасьць на сьвятло, гукі, запах. Часта назіраецца млоснасьць і ванітаваньне. У выпадку звычайнага болю галавы няма гэтых дадатковых сымптомаў. Можа здарыцца невялікая млоснасьць і адсутнасьць апэтыту, але гэта нельга параўноўваць з мігрэньню.

Так што мігрэнь – гэта ня проста галаўны боль, але таксама іншыя сымптомы хваробы. І нават калі галава перастане балець, у многіх пацыентаў застаецца слабасьць, хуткая стамляльнасьць, соннасьць, цяжкасьці з канцэнтрацыяй, паніжаны настрой, павышаная чульлівасьць на гукі, запах і сьвятло.

У Польшчы амаль 4 млн. чалавек пакутуе ад мігрэні, у тым ліку прыкладна 400 тыс. маюць цяжкую форму захворваньня. Большасьць пацыентаў не зьвяртаюцца па дапамогу да лекара, лечацца самі, прымаючы лякарствы, даступныя бяз рэцэпту, – адзначае лекар Ізабэля Домітж (Izabela Domitrz).

І. Домітж: Калі такі пацыент не трапіць да спэцыяліста, да лекара, які паставіць правільны дыягназ, то часьцей за ўсё пацыент лечыцца няправільна і неэфэктыўна. У сваю чаргу злоўжываньне абязбольваючымі лякарствамі, якія без рэцэпту лекара можна купіць у кожнай аптэцы, выклікае зноў жа галаўны боль. І так кола замыкаецца.

Каля 400 тысяч чалавек, якія ў Польшчы пакутуюць ад хранічнай цяжкай мігрэні, карыстаюцца мэдычнымі бюлетэнямі нават 15 дзён у месяц. Ад мігрэні часьцей пакутуюць жанчыны, чым мужчыны. 13,8% жанчыны ў Польшчы маюць прыступы дадзенай хваробы, а сярод мужчын – у два разы меней – 6,9%.

Мігрэнь немагчыма вылечыць, але можна здымаць сымптомы гэтай хваробы і эфэктыўна папярэджваць яе прыступы дзякуючы адпаведнай прафіляктыцы. У Польшчы большасьць лякарстваў ад мігрэні прадаецца без цэнавых льгот.

На мінулым тыдні, 21 чэрвеня, адзначаўся сусьветны дзень салідарнасьці з людзьмі, хворымі на мігрэнь. З гэтае нагоды пачалася акцыя, зладжаная з мэтаю пашырыць веды пра гэтае прыкрае захворваньне, якое не пагражае хвораму сьмяротным зыходам, але значна паніжае якасьць яго жыцьця.

IАР ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт