Logo Polskiego Radia
Print

Вясельны абрад на Беласточчыне – допыты, сваты, розгляды й лады

PR dla Zagranicy
Nina Barszczewska 15.06.2019 12:24
Часта здараліся выпадкі, што бацькі дамаўляліся пра вясельле ня толькі без адабрэньня дачкі й сына, а нават бяз іх ведама.
Беларуская хата зь вёскі Старая Грыбоўшчына (Беласточчына)Беларуская хата зь вёскі Старая Грыбоўшчына (Беласточчына)commons.wikimedia.org/Gumisza/CC BY-SA 3.0

Вельмі важнай падзеяй у жыцьці чалавека зьяўляецца зьмена яго грамадзянскага стану. Таксама ў сьвядомасьці беларусаў з усходняе Беласточчыны вясельле лічылася найважнейшым момантам у жыцьці, таму вясельны абрад, які захаваўся па сёньняшні дзень, зьяўляецца разнаколерным і багатым.

Калісьці на Беласточчыне, падобным чынам як і на цэлай Беларусі, ініцыятыва выдаць дачку замуж ці ажаніць сына была па баку бацькоў, а не маладых людзей. Часта здараліся выпадкі, што бацькі дамаўляліся пра вясельле ня толькі без адабрэньня дачкі й сына, а нават бяз іх ведама. Асноўную ролю адыгрывалі не пачуцьці, але матэрыяльная сытуацыя нявесты ці жаніха. Працэс адыходу ад гэтае традыцыі вырашаньня пра лёс дзяцей пачаў назірацца толькі пасьля Другое сусьветнае вайны – піша Алесь Барскі (Аляксандр Баршчэўскі) у працы Беларуская абраднасьць і фальклёр усходняе Беласточчыны (Białoruska obrzędowość i folklor wschodniej Białostocczyzny, Беласток 1990).

У цэлым вясельным абрадзе выдзяляюцца такія часткі, як: допыты, сваты, розгляды, лады, заручыны, паненскі вечар, каравай, пасад, успамаганьне, шлюб, вясельная бяседа ў маладой, перапіваньне, ад’езд да дому маладога, вясельная бяседа ў маладога, прыданьне, упавіваньне, пакладзіны, перажовіны.

Уступным актам вясельнага рытуалу былі допыты. Калі напр. хлопцу ці ягоным бацькам спадабалася дзяўчына, тады высылалі да яе бацькоў нейкую жанчыну, каб разьведала, ці яны ня супраць прыезду сватаў. Гэтая місія была вельмі далікатная з увагі на падрыў аўтарытэту хлопца ў выпадку непрыняцьця сватаў. Допыты не адбываліся толькі тады, калі хлопец быў упэўнены ў прыхільных адносінах.

У сваю чаргу рытул сватаў ніколі не пакідаўся па-за ўвагай і заўсёды адбываўся. На Беласточчыне гэтая частка вясельнае абраднасьці называецца таксама дзіваснубамі. У сватах удзел бралі хлопец і ягоны апякун – жанаты мужчына, які ўмеў прыгожа гаварыць і ў вясельным абрадзе называўся маршалкам.

Важны быў таксама дзень сватаў, што знайшло адлюстраваньне ў народных прыказках, запісаных у вёсцы Лявонавічы каля Міхалова, што ў Беластоцкім павеце: Панядзелак пусты, як гаршок ад капусты – сватоў не прымае, кожнага ашукае. Паедзеш у сваты ў аўторак – аб’едзеш сорак. У сераду ў сваты – не будзеш шчасьлівы ні багаты. Сваты ў чацьвер – вясельле цяпер. У пятніцу сватаны будзе ашуканы. Пазычай боты – ідзі ў сваты ў суботу. З гэтага вынікае, што шчасьлівыя былі толькі два дні тыдня: чацьвер і субота.

Пасьля прыблізна двухгадзіннай размовы бакі абменьваліся буханкамі хлеба, і ў некаторых мясцовасьцях маршалка абвязвалі вышываным ручніком, які сьведчыў пра пасьпяховасьць місіі.

Трэцім актам вясельнага абраду былі розгляды. Гаворыць Вольга Чурак з Арэшкава ў Гайнаўскім павеце:

- А як у сваты прыіжджалі, то прыіжджае маршалок із хлопцём. Ну, і пытаюцьце, чы можна ў сваты, чы не? Ну, і тут запрошаюць, што йдіетэ, і то, ну, як падобаецьця чы кавалер, чы девка кавалерові. Хто ёго знае? І тогды вжэ договоруюцьця, тогды вжэ як сподобаюцьця одны другім, тогды едут, як то казалі, в огляднэ едэ вжэ. Чы сама тая девчына з батькамі едэ, чы батькі самые едут. Ну, і тогды вжэ, як ужэ поедут у тое огляднэ, як там ужэ понравіцьце, но тогды вжэ робят тое вэселе. Ужэ запісуюцьце, ужэ договоруюцьце, які посаг хочут. Як прыедут, то екі вун посаг хочэ – чы лонку, чы поле, чы грошы, чы коня, чы чого, чы корову, што вуон там хочэ, той молоды.

Форма пасагу найчасьцей абмяркоўвалася прыблізна тыдзень пасьля розглядаў, калі ў доме маладой адбываліся лады, якія ў розных мясцовасьцях называліся яшчэ змовінамі. На лады запрашаліся ня толькі маладыя ды іх бацькі, але таксама розныя сваякі. У многіх вёсках Бельшчыны, напрыклад, маладому ўручалі сухі сыр, г.зв. злюбленік, які заносіў ён у свой родны дом і частаваў ім блізкіх. Гэты злюбленік быў доказам таго, што бакі згодна дамовіліся адносна ўмоваў шлюбу.

Тады ўжо пачынаўся інтэнсіўны пэрыяд падрыхтоўкі да вясельля, якое найчасьцей адбывалася месяц пасьля ладоў. У гэтым часе давалі ў царкву на запаведзі, якія сьвятар чытаў цягам трох нядзель. У тым часе маладыя дабіралі асоб, якім давяралі розныя функцыі: дружак і сватоў, якімі былі сяброўкі й сябры маладых, і яшчэ сванькі, якою заўсёды была замужняя жанчына. Дружкі дапамагалі маладой вышываць макаткі й ручнікі ды рыхтаваць пасьцель.

У гэтым часе, які аддзяляў лады ад шлюбу, павінны былі яшчэ адбыцца тры істотныя рытуальныя акты: заручыны, паненскі вечар і каравай, але пра гэта ўжо слухайце праз тыдзень.

Ніна Баршчэўская

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт