Logo Polskiego Radia
Print

ІНП адказвае на закіды пра публікацыю прозьвішчаў замежных агентаў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 13.06.2019 15:49
Паводле закону Інстытут нацыянальнай памяці абавязаны публікаваць гэтак званы архіўны інвэнтар.
Adrian Grycuk/Wikipedia/CC BY-SA 3.0 pl

Некалькі дзён таму адно з польскіх друкаваных выданьняў паведамляла з абурэньнем, што Інстытут нацыянальнай памяці абнародаваў прозьвішчы агентаў, якія супрацоўнічаюць з польскай разьведкай.

У адказ на артыкул у выданьні «Gazeta Wyborcza» старшыня ІНП Яраслаў Шарэк адказаў, што паводле закону інстытут абавязаны публікаваць гэтак званы архіўны інвэнтар, нават тады, калі гэта была тайная інфармацыя нейкі час таму.

Справу апісвае сайт wPolityce.pl. Ён згадвае таксама, што надоечы тэму закрануў прэс-сакратар міністра каардынатара спэцслужбаў Станіслаў Жарын. Паводле яго інфармацыі, тыя зьвесткі, якія абнародаваў ІНП, датычаць асоб і дзейнасьці Службы бясьпекі Польскай Народнай Рэспублікі. У адкрытых каталёгах установы няма інфармацыі пра тых людзей, якія працягвалі супрацоўніцтва са спэцслужбамі Польшчы пасьля 1990 году. Так што інфармацыя пра былых супрацоўнікаў ніякім чынам не зьяўляецца пагрозай для польскай разьведкі, – адзначыў Жарын. Паводле ягоных словаў, польскі ўрад не перадаваў уладам іншых дзяржаў дакумэнтацыі, якая датычыць асоб, ахопленых законам аб паніжэньні пэнсій былым супрацоўнікам польскай службы бясьпекі.

«Gazeta Wyborcza» напісала ў панядзелак, што прозьвішчы некалькіх сотняў чалавек, якія супрацоўнічаюць з польскай разьведкай, былі абнародаваныя на сайце Інстытуту нацыянальнай памяці. wPolityce.pl высьвятляе, што гаворка ідзе не пра актуальных шпіёнаў, якія супрацоўнічаюць з польскай разьведкай, а пра інфарматараў, якія згадзіліся на такую супрацу некалькі дзясяткаў гадоў таму. Згодна законам польскай дзяржавы, інфармацыя пра іх дзейнасьць перастала быць тайнай у 2016 годзе.

wPolityce.pl/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт