Logo Polskiego Radia
Print

Адны жанчыны змагаюцца за працоўныя правы, іншыя прысьвячаюць сябе сям'і

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 27.05.2019 15:53
  • 28.05-сац.mp3
У Дзень Маці 26 траўня ў Польшчы прыгадалі, на колькі важная і цяжкая праца мацярок.
Foto: pixabay.com/CC0 Creative Commons

Ужо больш за сто гадоў, з 1914 году жыхары Польшчы раз у год прысьвячаюць цэлы дзень, каб прыгадаць пра вялікую працу, якую выконваюць жанчыны ў грамадзтве, нараджаючы і выхоўваючы дзяцей. 26 траўня палякі адзначаюць Дзень Маці.

105 гадоў таму ў Польшчы было ўведзена Сьвята Маці 26 траўня. Тады жанчыны ў Польшчы ня мелі яшчэ выбарчых правоў. Цяпер, канешне, ніхто не выказвае сумненьня, што жанчыны могуць і павінны галасаваць і быць абранымі ў якасьці народных прадстаўнікоў у кожны орган улады. Тым ня менш, многія фэміністычныя дзеячы кажуць пра іншыя правы жанчын, якія ўсё яшчэ парушаюцца. Гэта, між іншым, права атрымліваць роўную заплату за сваю працу, як мужчыны.

26 траўня, калі ў Польшчы адзначаецца Дзень Маці, адбываліся таксама выбары дэпутатаў Эўрапейскага парлямэнту. Правы жанчын не былі найважнейшым элемэнтам перадвыбарчай кампаніі, аднак некаторыя палітычныя партыі засяродзілі на іх увагу. Напрыклад, групоўка Вясна зладзіла пэрформанс, каб прыгадаць, што ня ўсе правы жанчын яшчэ рэалізоўваюцца.

Нягледзячы на тое, што палітыкі спрабуюць выкарыстаць Дзень Маці, каб нейкім чынам заваяваць крыху папулярнасьці ў народзе, для звычайных людзей 26 траўня – гэта нагода, каб прыгадаць той вялікі і важны ўклад, які жанчыны ўносяць у грамадзтва, у выхаваньне новага пакаленьня, каб пажадаць ім здароўя, падарыць кветкі і сказаць, якія яны важныя для дзяцей, для мужоў, для сем’яў. Перш за ўсё памятаюць пра гэта дзеці.

Дзеці: Я вельмі кахаю маю маму за тое, што яна мной апякуецца, зьбірае мой заплечнік у школу. За тое, што мы разам едзем адпачываць, за тое, што яна мілая, а калі я не разумею нейкага практыкаваньня, то яна мне дапамагае. Дзень мамы патрэбны нашым маці, каб высока ацаніць тую працу, якую яны ўкладаюць, каб нас выхаваць. Я жадаю маёй маме ўсяго таго, чаго яна сама хацела б, і каб яна раней магла вяртацца дадому.

У Дзень Маці адбываюцца самыя розныя мерапрыемствы, падчас якіх увага засяроджваецца на матках і сям’і, праходзяць канцэрты, пэрформансы. А вось каля бальніцы ў мясцовасьці Піла ў нядзелю была адкрытая скульптура пад назваю «Мацярынства – сям’я». Такім чынам мясцовы скульптар хацеў падзякаваць дактарам за дапамогу, якую ён атрымаў у дадзеным шпіталі, калі яму паставілі дыягназ «ракавая пухліна». Гаворыць скульптар Марэк Бросэ-Квасігрох.

М. Бросэ-Квасігрох: Скульптура прадстаўляе чатыры постаці, якія абдымаюцца і глядзяць адна адной у вочы. Цяжка адназначна сказаць, ці гэта людзі, тут далёкае падабенства. Маім намерам было агульнае, сымбалічнае прадстаўленьне жывых істот, каб кожны сам сабе нешта ўявіў. У кожным выпадку я ўклаў у гэтую працу тыя пачуцьці і тыя перажываньні, якія былі ў мяне тады, калі я трапіў у шпіталь. Гэта жэст удзячнасьці.

Выхаваньне дзяцей – гэта цяжкая праца ў кожным выпадку, але працу мацярок дзяцей з інваліднасьцю можна без перабольшаньня назваць гераічнай. Бацькі здаровых дзяцей часта не спраўляюцца з абавязкамі і скардзяцца на адсутнасьць часу для сябе, на свае патрэбы, а што можа сказаць жанчына, у якой дзіця з абмежаванымі магчымасьці, якому неабходная ўвага і апекі 24 гадзіны ў суткі. У Торуні вырашылі зладзіць адмысловы канцэрт для такіх маці. Яго арганізавала Фундацыя Сьвятло. Па словах старшыні фундацыі Яніны Міроньчук, вельмі важна, каб гэтыя жанчыны не сядзелі пастаянна дома са сваімі дзецьмі.

Я. Міроньчук: Вы толькі ўявіце сабе дзіця, якому 35-40 гадоў. І ўсе гэтыя гады мама ім займаецца. Гэтыя мамы страшэнна стомленыя таксама ў псыхалягічным пляне, але яны кожны дзень гераічна змагаюцца за тое, каб іх жыцьцё было максымальна нармальным. Таму мы хацелі канцэртам, пікніком зрабіць для гэтых мам прыемнасьць хаця б у адзін дзень.

Маці дзяцей-інвалідаў часта прысьвячаюць усё сваё жыцьцё апецы над дзіцём, яны адмаўляюцца ад прафэсійнай кар’еры, часта таксама ад навуковага росту, ад палітычнай кар’еры, якую маглі б зрабіць, калі б не хвароба або інваліднасьць дзіцяці. Праўда, трэба сказаць, што для жанчын у Польшчы ў вялікай ступені прафэсійная кар’ера менш важная, чым сям’я і выхаваньне дзяцей. Нягледзячы на нізкае беспрацоўе, выдатную сытуацыю на рынку працы, усё меншы адсотак жанчын робіць прафэсійную кар’еру, многія выбіраюць працу хатняй гаспадыні і маці.

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт