Гэтаму паспрыяла вядомая акцыя «Ноч музэяў». Траціна польскага грамадзтва рэгулярна наведвае музэі. У Беларусі крыху іншая сытуацыя, кажуць спэцыялісты. Адсутнасьць адпаведнага фінансаваньня ды абмежаванасьць прыватнай ініцыятывы прыялі да таго, што культурныя практыкі занепадаюць.
Ноч музэяў – гэта вядомая акцыя, калі раз у год музэі ды іншыя ўстановы культуры бясплатна адчыняюць свае дзьверы для наведвальнікаў. У Польшчы гэтая акцыя вырасла да ўзроўню «улюбёнага сьвята палякаў», якое штогод прыцягвае сотні тысяч наведвальнікаў у музэі.
Спэцыялісты зазначаюць, што апошнія гады ўдзел палякаў у культуры расьце, узровень вышэйшыя за іншыя гады. Напрыклад, летась 33% палякаў наведала музэй хаця б раз на год, 22% было ў тэатры, выставу наведалі 35%. Больш папулярныя канцэрты ды кіно – 41 ды 49% адпаведна. Да такой высокай папулярнасьці культуры спрычынілася менавіта Ноч музэяў, зазначае Ганна Кераш з Цэнтру сучаснага мастацтва Замак Уяздоўскі.
Ганна Керкаш: Я асабіста больш люблю глядзець мастацтва ў больш інтымнай, спакойнай атмасфэры. Дарэчы мы ладзім такія акцыі, як дзень павольнага мастацтва. Аднак з дасьледаваньняў ды нашых назіраньняў вынікае, што Ноч музэяў мае сэнс. Яна патрэбна і для нас, і для іншых культурных установаў. Варта зазначыць, што за гэтую ноч нас ды іншыя ўстановы культуры наведваюць у некалькі разоў больш людзей, чым у звычайны дзень. Гэтаму спрыяе тое, што акцыя бясплатная, няма білетаў. Пры гэтым у гэтую ноч да нас прыходзіць зусім іншая публіка. Гэта новыя людзі, а не тыя, што прыходзяць да нас у звычайны дзень глядзець і знаёміцца з сучасным мастацтвам. Звычайная наша публіка, гэта асобы, хто раз на месяц або два наведвае наш музэй. У Ноч музэяў прыходзяць людзі, якія ў іншыя дні ў музэі ня ходзяць. Альбо яны ходзяць у іншыя ўстановы: тэатры, канцэртныя залі, а тут у Ноч музэяў яны прыходзяць да нас з сябрамі, сем’ямі, каб даведацца пра тое, што можна пабачыць у нашым Цэнтры сучаснага мастацтва.
Ці адна ноч у год дастаткова, каб папулярызаваць культуру. Не, але важна тое, што дзякуючы акцыі доступ да культуры атрымліваюць шырэйшыя колы грамадзтва, перакананы культуразнаўца прафэсар Рафал Каспшак.
Рафал Каспшак: Для мяне любая ініцыятыва, якая папулярызуе культуру – выдатная. Тут мы маем дачыненьне з адмысловай акцыяй, калі музэі ды розныя ўстановы імкнуцца паказаць нешта ўнікальнае ды цікавае. Гэта і прыцягвае новых людзей. Кожны ў гэты час спажывае культуру па-рознаму. Адныя любяць цішыню ды супакой, а іншым патрэбна атмасфэра, рух, дынаміка. Дасьледаваньне паказваюць, што для засваеньня культуры важны кантэкст, зусім па рознаму ўспрымаецца канцэрт, які слухаем дома і ў філярмоніі.
Сёньня культура прыцягвае людзей тады, калі яна даступная, а не на высокім п'едэстале, і калі яе можна спажываць разам з іншымі асобамі. Такія высновы робяць адмыслоўцы ў Польшчы. У Беларусі спэцыялісты кажуць пра іншыя тэндэнцыі. Удзел у культуры скарачаецца, нават такія акцыі як Ноч музэяў не могуць пераламаць гэтую тэндэнцыю, распавядае мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.
Сяргей Харэўскі: У Беларусі культура, музэйная справа цалкам манапалізаваныя дзяржавай. Прыватных музэяў, галерэяў – вобмаль. Дзяржава выкарыстоўвае гэтыя дні на свой капыл, не з мэтай папулярызацыі культуры ды музэяў, а як спосаб зарабіць у адрозьненьні ад суседзяў. Людзі прыходзяць але ахопліваюцца тыя самыя людзі. С маёй практыкі я заўважаю, што ў музэях я часта адзін. У прынцыпе, у Беларусі ёсьць праблема з тым, што вырасла пакаленьне, якое наогул ня мела такіх практыкаў ды цікавасьці да сьвету мастацтва, да музэяў. Тузін гадоў у Беларусі не выкладалі мастацкую культуру ў школах, культура найменш дафінансаваны сэктар. Сёлета з бюджэту на культуру выдзелена толькі 0,40%.
Адзінае спадзяваньне спэцыялісты маюць на прыватную ініцыятыву, якая ў Беларусі хоць і абмежаваная, але вельмі актыўная. Ладзяцца фэсты, імпрэзы, дзейнічаюць прыватныя галерэі ды музэі.
Юры Ліхтаровіч