Logo Polskiego Radia
Print

Апошняя дарога ахвяр псэудаэкспэрымэнтаў

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 14.05.2019 19:33
У Бэрліне адбылося пахаваньне парэшткаў ахвяр мэдыцынскіх экспэрымэнтаў нацысцкага часу.
pixabay.com/CC0 Creative Commons

Гэта былі фрагмэнты людзкой тканкі, на якіх працаваў прафэсар слаўнай бэрлінскай паліклінікі Шарытэ (Charite) Герман Стывэ (Hermann Stieve). Парэшткі знаходзіліся ў архіве гэтага гінэколяга, а ён сам пасьля вайны стаў кіраўніком паліклінікі. Гэта адбывалася ў часы ГДР, бальніца апынулася ў савецкай акупацыйнай зоне. Пасьля сьмерці ў 1952 годзе Стывэ заслужыў нават на нэкралёг ад камуністычнай партыі SED: „Вялікія былі яго дасягненьні. Памяць аб ім будзе вечна жывой”.

Стывэ ў 1946 годзе зрабіў сьпіс 182 жанчын, целы якіх ён атрымаў для экспэрымэнтаў ад кіраўніцтва турмы Plotzensee. Пераважна гэта былі жанчыны, на якіх выканалі сьмяротнае пакараньне. Прафэсар дасьледаваў, як стрэс уплывае на плоднасьць.

Герман Стывэ цесна супрацоўнічаў з уладамі турмы, якім даваў дакладныя ўказаньні адносна выкананьня акту сьмяротнага пакараньня. Пасьля хутка, на працягу 10 хвілін, целы прывозілі ў паліклініку. Раней па загаду прафэсара гэтыя жанчыны вялі каляндар плоднасьці.

Паводле гісторыка прафэсара Пола Вэндлінга (Paul Weindling), ахвяр нацысцкіх мэдыцынскіх экспэрымэнтаў было як мінімум 25 тысяч. Архіў проб людзкой тканкі прафэсара Стывэ знойдзены толькі некалькі гадоў таму. Пахаваньне парэшткаў адбылося ў панядзелак у Бэрліне.

Rzeczpospolita/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт