Logo Polskiego Radia
Print

Сацыяльныя работнікі гатовыя аб'явіць забастоўку

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 23.04.2019 14:51
Яшчэ не закончыўся страйк настаўнікаў, а да пратэсту рыхтуюцца чарговыя прафэсійныя групы.
Маніфэстацыя настаўнікаў каля Міністэрства нацыянальнай адукацыі 23.04.2019Маніфэстацыя настаўнікаў каля Міністэрства нацыянальнай адукацыі 23.04.2019PAP/Rafał Guz

У Польшчы працягваецца забастоўка настаўнікаў, а выданьне «Rzeczpospolita» паведамляе, што неўзабаве страйк могуць аб’явіць 40 тыс. сацыяльных работнікаў. Калі б у выніку страйку супрацоўнікаў сацыяльнай сфэры, якія абслугоўваюць праграму «Сям’я 500+», пачаўся хаос, то гэта перад парлямэнцкімі выбарамі была б вялізная праблема для кіруючай партыі.

Сацыяльныя работнікі патрабуюць ня толькі павысіць вельмі нізкія заробкі (у сярэднім 1902 злотыя «чыстымі»). Яны таксама хацелі б рэформы ў сыстэме сацыяльнай дапамогі, якая цяпер базіруецца галоўным чынам на рэагаваньні на паталёгію, а не на прафіляктыцы.

Сацыяльныя работнікі адчуваюць сябе пакрыўджанымі тым, што ў дзяржаве больш грошаў атрымліваюць тыя, хто нічога ня робіць і жыве за сацыяльную дапамогу, чым тыя, хто гэтую дапамогу выдзяляе, – тлумачыць прафэсар Пётр Брода-Высоцкі з Інстытуту працы і сацыяльных справаў. Паводле ягоных словаў, у пратэсьце гаворка ідзе ня толькі пра грошы, але таксама пра годнасьць і грамадзкую справядлівасьць. Прычынай абвастрэньня пратэсту стала аб’яўленьне ўрадам аб пашырэньні праграмы 500+ (цяпер грошы будуць выдзяляцца на ўсіх дзяцей, у тым ліку на першае або адзінае дзіця ў сям’і). Пры гэтым сродкі на абслугоўваньне праграмы былі зьменшаныя. У рамках праграмы кожны год сацыяльныя службы атрымліваюць каля 5 млн. анкет, якія неабходна разгледзець. Пасьля зьменаў прыбудзе яшчэ 2 млн., адпаведна, і больш працы для сацыяльных работнікаў.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт