Logo Polskiego Radia
Print

Выданьне "Sieci": пытаньні пра Смаленскую катастрофу

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 10.04.2019 14:58
Празь дзевяць гадоў пасьля трагедыі журналісты задаюць пытаньне, ці ў Смаленску адбыўся замах?
www.pixabay.com

Пачну агляд з самай балючай для палякаў гістарычнай тэмы, нацыянальнай трагедыі, гадавіна якой прыходзіцца на сёньняшні дзень. Гаворка ідзе пра смаленскую авіякатастрофу. Тыднёвае выданьне «Sieci» прысьвячае дадзенай тэматыцы сем старонак у сьвежым нумары. Немагчыма прадставіць усе тэзісы ў кароткім аглядзе, але варта сказаць толькі, што больш у гэтым тэксьце пытаньняў, чым адказаў. Празь дзевяць гадоў пасьля трагедыі журналісты надалей ня ведаюць і задаюць пытаньне, ці ў Смаленску адбыўся замах? Няма на гэта доказаў, хаця паведамленьне, што замежныя экспэрты знайшлі сьляды тратылу, спакушае зрабіць такую выснову.

Наступныя пытаньні: ці за катастрофу адказваюць расейцы, ці тагачасны прэм’ер-міністар Дональд Туск аддаў сьледзтва расейскаму боку? На першае пытаньне таксама няма адназначнага адказу, але ці так паводзіць сябе дзяржава, якой няма чаго скрываць? А наконт сьледзтва, якое Туск аддаў расейцам, трэба адказаць адназначна – так. Хто павінен панесьці адказнасьць за здарэньне? Трэба хутчэй спытаць, хто ўжо адказаў за трагедыю, і адказаць – практычна ніхто.

Мас-мэдыі пісалі шмат непраўдзівых, неправераных тэкстаў пра катастрофу, паявіліся розныя міты, як, напрыклад, такі, што хтосьці з пасажыраў мог выжыць, што хтосьці стварыў штучны туман, у якім самалёт разьбіўся. Вакол трагедыі нарасло шмат небясьпечных мітаў, грамадзтва да гэтага часу падзеленае. Палітыкі ў сваю чаргу, здаецца, забываюць, што ў выніку трагедыі загінулі прадстаўнікі ўсіх палітычных сілаў, а некаторыя выкарыстоўваюць жахлівае здарэньне ў сваіх палітычных мэтах.

Sieci/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт