Logo Polskiego Radia
Print

Страйк настаўнікаў у Польшчы ўсё больш рэальны

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 26.03.2019 15:37
  • страйк.mp3
Перамовы прадстаўнікоў уладаў і прафсаюзаў настаўнікаў закончыліся фіяскам.
foto:pixabay.com

Тое, што яшчэ нядаўна здавалася амаль немагчымым, становіцца ўсё больш рэальным. Гаворка ідзе пра страйк настаўнікаў, які заплянаваны ў Польшчы на 8 красавіка. Трэба дадаць, што дадзеная дата – гэта толькі пачатак пратэсту пэдагогаў, які паводле задумы павінен быць бестэрміновым, да пераможнага канца.

Настаўнікі патрабуюць павышэньня заробкаў. Гэта асноўны пастулят, ёсьць таксама іншыя, менш істотныя. Да пратэсту рыхтуюцца прафэсійныя саюзы супрацоўнікаў адукацыйных устаноў. Два важнейшыя – Зьвяз польскіх настаўнікаў і «Салідарнасьць» выстаўляюць крыху адрозныя патрабаваньні. Першы патрабуе павышэньня заробкаў на 1000 злотых (каля 240 эўра) неадкладна, другі быў бы задаволены меншай сумай (650 зл.).

Настаўнікі ў публічных польскіх школах зарабляюць мала, у залежнасьці ад ступені прафэсійнай падрыхтоўкі і стажу працы іх зарплата складае ад 3045 зл. да 5600 злотых (перад вылікам падаткаў).

Мінадукацыі прапануе пэдагогам 5-працэнтнае павышэньне заробкаў зь верасьня бягучага году. Агулам зарплата вырасьце сёлета прыкладна на 16% у параўнаньні зь мінулым годам. Гэтая прапанова настаўнікаў не задавальняе. Прафсаюзы пачалі праводзіць у школах рэфэрэндумы, у якіх пытаюць настаўнікаў, ці яны далучацца да страйку. Па словах старшыні Зьвязу польскіх настаўнікаў Славаміра Броняжа, нават да 90% пэдагогаў намераныя пратэставаць. А, нагадаю, праз тыдзень пасьля пачатку страйку павінны адбыцца выпускныя іспыты для вучняў пачатковых школ і гімназіяў.

Учора прайшла сустрэча паміж прадстаўнікамі прафсаюзаў настаўнікаў і ўраду. Перамовы закончыліся бяз посьпеху. Пасьля сустрэчы віцэ-прэм’ер Бэата Шыдла заклікала настаўнікаў не праводзіць пратэсту ў часе экзамэнаў.

Б. Шыдла: Для нас, для ўраду самае важнае, каб моладзь, школьнікі маглі спакойна падрыхтавацца да іспытаў і гэтыя іспыты напісаць. Мы прапануем такім чынам павысіць заробкі настаўнікаў, каб у будучым годзе настаўнік з вышэйшай ступеньню прафэсійнай падрыхтоўкі (г.зв. дыплямаваны) атрымліваў 6 тыс. злотых.

У сваю чаргу старшыня Зьвязу польскіх настаўнікаў Славамір Броняж адзначыў, што ўрад не прадставіў ніякіх новых прапаноў.

С. Броняж: Гэта толькі перанясеньне невялікага павышэньня заробкаў са студзеня на верасень. Пры гэтым мы моцна сумняваемся, ці ўрад мае на гэтыя мэты адпаведныя сродкі ў бюджэце.

Па словах міністра навукі і вышэйшай адукацыі Яраслава Говіна, урад ня можа выканаць усе патрабаваньні настаўнікаў. Віцэ-прэм’ер азначыў, што ў будучым годзе дэфіцыт дзяржаўнага бюджэту ў Польшчы складзе максымальна дапушчальны Эўрапейскім Зьвязам узровень – 3%. Таму ўлады ня могуць выканаць усіх патрабаваньняў.

Я. Говін: Такое значнае павышэньне заробкаў адной толькі прафэсійнай групы ў краіне проста немагчымае. Гэта перавышае магчымасьці польскага бюджэту. Я хацеў бы нагадаць, што працэс павышэньня зарплаты настаўнікаў пачаўся ў мінулым годзе. Разам з павышэньнем заробкаў, якое заплянаванае на бягучы год, у сярэднім настаўнікі будуць зарабляць на 16% больш, чым раней.

Настаўнікі з Кракава пачалі ўчора страйк-галадоўку. Пратэст адбываецца ў мясцовай кураторыі асьветы. Цягам двух апошніх тыдняў канфэрэнц-залю кураторыі акупіруе каля 20 чалавек. Тры асобы вырашылі прыступіць да больш вострай формы пратэсту.

Пратэстуючыя: Калі немагчыма інакш... Два тыдні мы спакойна чакалі прадстаўнікоў ураду. Мы адчуваем, што нас зусім ігнаруюць. У сувязі з гэтым неабходна завострыць форму пратэсту. Мы мяркуем, што гэта закончыцца посьпехам.

Я настроены рашуча. Падрыхтаваўся да галадоўкі на 21 дзень. Арганізм падрыхтаваны, як фізычна, так і псыхічна. Значна горшае, чым пратэст-галадоўка тое, што нам прыйшлося спыніць працу з вучнямі.

Віцэ-міністар нацыянальнай адукацыі Мажэна Махалэк кажа, што ўлады рыхтуюць плян паляпшэньня фінансавага становішча настаўнікаў. Яна адзначыла, што пэдагогі ніколі не зараблялі шмат, таму задачай міністэрства зьяўляецца павышэньне прэстыжу прафэсіі. Гэта можна зрабіць між іншым дзякуючы павышэньню заробкаў.

М. Махалэк: Гэтае павышэньне – канешне ж, не апошняе слова, якое мы хочам сказаць настаўнікам. Мы намераныя далей весьці перамовы і падрыхтаваць плян паляпшэньня матэрыяльнага становішча настаўнікаў. Гэты плян мы абмяркуем з прадстаўнікамі прафэсійных саюзаў і з прадстаўнікамі муніцыпальных органаў.

Пакуль што перамовы ўладаў з настаўнікамі закончыліся фіяскам. Чарговы раунд перамоваў адбудзецца ў наступны панядзелак, 1 красавіка.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт