Logo Polskiego Radia
Print

Хартыя ЛГБТ+ выклікала шырокі рэзананс у польскім грамадзтве

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 19.03.2019 14:01
  • ЛГБТ.mp3
Супраць Хартыі ЛГБТ+ выступаюць кансэрватыўныя палітыкі, бацькі ды абаронца правоў дзяцей.
Сьцяг ЛГБТ-асяродзьдзяСьцяг ЛГБТ-асяродзьдзяpixabay.com/Public Domain CC0

У Польшчы не сьціхаюць спрэчкі вакол нашумеўшага дакумэнту, які месяц таму падпісаў мэр сталіцы Рафал Тшаскоўскі. Палітык прадстаўляе групоўку «Грамадзянская плятформа», якая на дадзены момант знаходзіцца ў палітычнай апазыцыі. Гэта ня малаважна, паколькі партыя хацела б вярнуцца да ўлады, а сёлета ў краіне адбудуцца выбары – у Эўрапейскі парлямэнт ды ў польскі Сэйм. Усе партыі выкарыстоўваюць падпісаны дакумэнт у імя ідэалягічнай ды палітычнай барацьбы.

Пра што ж у ім ідзе гаворка? Гэта так званая Хартыя ЛГБТ+ (лесьбіянак, гомасэксуалістаў, бісэксуалаў і транссэксуалаў). Дэклярацыя павінна стаць пачаткам працы над паляпшэньнем сытуацыі асоб ЛГБТ+ у сталіцы.

Супраць Хартыі рэзка пратэстуюць ня толькі кіруючая партыя «Права і справядлівасьць», але таксама іншыя асяродзьдзі, між іншым бацькоў. У мінулыя выходныя адбылася сустрэча палітыкаў ПіС, падчас якой ішла гаворка аб тым, як супрацьстаяць шкодным ідэям апазыцыі. Гаворыць дэпутат Эўрапейскага парлямэнту Рышард Чарнэцкі.

Р. Чарнэцкі: Я не ўяўляю сабе, каб мы на гэта не адрэагавалі. Палякі не жадаюць такіх экспэрымэнтаў у сваёй краіне. Канешне, мы будзем змагацца з такімі прапановамі, як усынаўленьне дзяцей гомасэксуалістамі. Да таго часу, пакуль у Польшчы ўладу трымае «Права і справядлівасьць», гэта на пэўна ня пройдзе.

Супраць Хартыі ЛГБТ+ выступае амбудсмэн правоў дзяцей. Ён зьвярнуўся да ўпаўнаважанага па правах чалавека з просьбаю разгледзець пытаньне адпаведнасьці дакумэнту Канстытуцыі Польшчы, ці Хартыя не парушае асноўны закон краіны. Таксама многія бацькі мяркуюць, што дэклярацыя можа пашкодзіць іх дзецям. Надоечы каля варшаўскай ратушы пратэставалі бацькі ды прадстаўнікі арганізацый, якія дапамагаюць сем’ям. Яны мяркуюць, што сэксуальная адукацыя, якую падпісаны дакумэнт можа ўвесьці ў школы, акажа дрэнны ўплыў на дзяцей. Марэк Грабоўскі з Фундацыі мамы і таты, які зьяўляецца прадстаўніком «Руху 4 сакавіка», прасіў бацькоў актыўна заступацца за дзяцей у школах.

М. Грабоўскі: Без супрацоўніцтва з вамі, з бацькамі, нам не ўдасца стрымаць гэты тэрор. Мы, «Рух 4 сакавіка», вельмі горача вас просім, каб кожны з вас стаў ахоўнікам школы, стаў ахоўнікам кляса. Нам патрэбныя бацькі, нам патрэбныя дзядулі, якія будуць утрымліваць добрыя адносіны з іншымі бацькамі, а таксама добрыя стасункі з дырэкцыяй і настаўнікамі, каб стрымаць гэтае вясёлкавае шаленства.

Арганізацыі, якія далучыліся да «Руху 4 сакавіка», мяркуюць, што Хартыя ЛГБТ+ парушае Закон аб адукацыі, канстытуцыйнае права бацькоў выхоўваць дзяцей згодна са сваім сьветапоглядам, праграму навучаньня і Закон аб муніцыпалітэце.

Віцэ-міністар культуры Яраслаў Сэлін заявіў у эфіры Польскага радыё, што існуе масавы грамадзкі рух, які імкнецца зьмяніць стаўленьне насельніцтва да ўстановы сям’і, да выхаваньня дзяцей, каб паступова размыць гэтыя паняцьці.

Я. Сэлін: У адносінах да гомасэксуалістаў трэба быць талерантным, і мы талерантныя. Аднак існуе палітычны рух геяў, які імкнецца да сацыяльных зьменаў. На пачатку парады роўнасьці, якія ўжо прыжыліся ў нашых гарадах. Такім чынам геі паказваюць людзям: маўляў, мы добрыя, каляровыя, мілыя, сучасныя. Пазьней яны патрабуюць партнэрскіх саюзаў, потым сужонстваў для гомасэксуалістаў і ў канцы канцоў усынаўленьне дзяцей геямі. І на гэтым не канец. Тады яны пачнуць усюды шукаць гомафобаў і абмяжоўваць свабоду слова, затыкаць вусны кожнаму, хто выказвае іншыя погляды, чым тыя погляды, якія прадстаўляе дадзены рух.

Зусім інакш да Хартыі ЛГБТ+ ставіцца старшыня партыі «Вясна» Робэрт Бедрань, які сам зьяўляецца гомасэксуалістам. На ягоную думку, для кансэрватыўных груповак, у тым ліку «Права і справядлівасьці», падпісаньне дакумэнту стала падставай, каб неабгрунтавана пужаць людзьмі, у якіх іншая, чым традыцыйная, сэксуальная арыентацыя.

Р. Бедрань: Старшыня Яраслаў Качыньскі перабольшыў. У 2019 годзе ніхто не паверыць, што Бедрань – дрэнны, што ён зьяўляецца крыніцай пашырэньня амаральных паводзінаў у грамадзтве. Людзі ведаюць, што такія асобы, як я, зьяўляюцца такімі ж грамадзянамі, як усе іншыя. Мы ня лепшыя і ня горшыя, чым астатняя частка насельніцтва. Старшыня Качыньскі перабольшыў, і адзін, і другі бок перабольшылі. Мы прапануем сур’ёзнае абмеркаваньне пытаньня. Калі ёсьць дыскрымінацыя такіх людзей з іншай арыентацыяй, то неабходна правесьці дыскусію, як з ёй змагацца, таксама, як мы змагаемся з дыскрымінацыяй у іншых галінах жыцьця – па ўзроўні заробкаў, з-за ўзросту і гэтак далей. Неабходна размаўляць, але не пужаць і не таргавацца ўпустую.

З-за чаго паўстала ўся гэтая ідэалягічная валтузьня? Нагадаю, мэр Варшавы падпісаў Дэклярацыю ЛГБТ+. Згодна дакумэнту, улады Варшавы будуць супрацьдзейнічаць дыскрымінацыі прадстаўнікоў гэтага асяродзьдзя. У школах правядуць урокі супраць адчужэньня такіх асоб, дапамогу атрымаюць маладыя людзі, якіх выганяюць з сем’яў за сэксуальную арыентацыю. Супраціўнікі дэклярацыі пратэстуюць, паколькі на іх думку, дакумэнт, які базуецца на рэкамэндацыях Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя адносна сэксуальнай адукацыі, можа прычыніцца да празьмернай сэксуалізацыі дзяцей у раньнім узросьце.

ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт