Стала ўжо традыцыяй, што кожны год у сакавіку на катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэта зьбіраюцца вучоныя з усяго сьвету. Вось і сёлета тут пройдзе канфэрэнцыя, прысьвечана беларуска-польскім моўным і культурным сувязям, якая зьбярэ дасьледчыкаў з розных краін.
“Польска-беларускія літаратурныя і моўныя сувязі” — тэма канфэрэнцыі, якая 29-30 сакавіка адбудзецца на катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэта.
Вольга Трацяк, кіраўнік катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэта: Збор заявак на канфэрэнцыю завяршыўся 28 лютага. І цяпер вядомы тыя ўстановы і тыя асобы, якія зьбіраюцца прыняць удзел у беларусазнаўчым форуме ў Варшаве.
Гэта прадстаўнікі польскіх унівэрсытэтаў — Варшаўскага, Гданьскага, а таксама Люблінскага ўнівэрсытэта імя Мар'і Складоўскай-Кюры.
Шырока будуць прадстаўлены на варшаўскай канфэрэнцыі беларускія ўнівэрсытэты: Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, берасьцейскі, гарадзенскі, магілёўскі дзяржаўныя ўнівэрсытэты.
Прыедуць прадстаўнікі з розных краін ЭЗ: ад Чэскай акадэміі навук, Унівэрсытэта Матэя Бэла ў Баньскай Быстрыцы (Славакія), Грайфсвальдзкага ўнівэрсытэта (ФРН).
Мірослаў Янковяк і Вольга Трацяк. Фота: facebook.com/ckb.warszawa/
Сярод вядомых беларусазнаўцаў на форуме дасьледчыкаў у Варшаве выказалі жаданьне выступіць з дакладамі прафэсары Вячаслаў Швед, Алена Рудэнка (літаратуразнавец з БДУ), Ала Кожынава (БДУ), Людміла Сінькова (БДУ), Людміла Сірык (зь Люблінскага ўнівэрсытэта), а таксама Катажына Воян з Гданьскага ўнівэрсытэта, Аляксандар Макарэвіч з Магілёўскага дзяржунівэрсытэта, Мірослаў Янковяк з Чэскай акадэміі навук.
Вольга Трацяк адзначыла, што пасьля канфэрэнцыі катэдра беларусістыкі плянуе ўзмацніць супрацоўніцтва вучоных Польшчы і Беларусі. Рыхтуецца абмен студэнтамі зь Менскам і Горадняй.
Віктар Корбут
Слухайце далучаны гукавы файл