17 лютага палякі адзначылі Міжнародны дзень катоў. У Польшчы гэты дзень пачалі сьвяткаваць у 2006 годзе. Трэба сказаць, што каты, а таксама іншыя хатнія жывёлы, аказваюць вялікі ўплыў на эканоміку.
У польскіх дамах жыве каля 6,5 млн. катоў. Хатнія жывёлы аказваюць усё большы ўплыў на сваіх уладальнікаў, і, пасрэдна, таксама на эканоміку. Польскае грамадзтва паступова багацее, павышаецца ўзровень жыцьця, падае беспрацоўе, растуць заробкі. Адпаведна, людзі могуць прызначыць большыя сродкі ня толькі на сябе і сваіх дзяцей, але таксама на сваіх любімцаў – хатнюю жывёлу, перш за ўсё катоў і сабакаў.
6,5 мільёнаў катоў і прыкладна столькі ж сабакаў розных парод пражывае ў польскіх дамах. Агулам гэта дае лічбу 13 мільёнаў жывёлін, якіх кожны дзень трэба накарміць, купіць ім неабходныя прадметы штодзённага карыстаньня, як ашыйнікі, наморднікі, павадкі, міскі, латкі для катоў і гэтак далей. У выпадку захворваньня ўладальнікі як правіла не шкадуюць грошай на вэтэрынара і лякарствы, якія бываюць нятанныя. У Польшчы няма дзяржаўнай вэтэрынарнай сыстэмы, усе паслугі вэтлекараў платныя.
Утрыманьне ката ці сабакі даволі дорага каштуе, але людзі часта вельмі прывязваюцца да сваіх любімцаў, і не пераводзяць іх жыцьцё ў кошты ўтрыманьня. Але здараюцца розныя сытуацыі, у выніку якіх кот трапляе на вуліцу, становіцца бяздомным. Бывае таксама, што бяздомная котка нараджае кацянят, і яны таксама падзяляюць лёс бяздомнай жывёлы. Аднак трэба адзначыць, што ў Польшчы адносна мала бяздомных жывёл, у гарадах практычна не відаць на вуліцах бадзячых сабак, вельмі рэдка можна сустрэць бяздомнага ката. Часьцей на слупах і дошках аб’яваў можна ўбачыць абвесткі пра прапаўшага ката. Нядаўна ў парку каля майго дому я бачыла абвестку, у якой уладальнікі інфармавалі пра тое, што прапаў кот і прапанавалі ўзнагароду для таго, хто паведаміць пра яго месца знаходжаньня – 1000 злотых (каля 300 даляраў ЗША). Вядома, што каты любяць незалежнасьць, яны ахвотна адпраўляюцца на прагулку ў пошуках розных прыгод, і, на жаль, здараецца, што трапляюць пад машыну або проста губляюць дарогу да дому.
Палякі вядомыя сваёй любоўю да катоў і сабак, нават старшыня кіруючай партыі Яраслаў Качыньскі не скрывае, на колькі важныя для яго каты. Тут вельмі шмат розных фондаў і арганізацый, якія займаюцца дапамогай бяздомным жывёлам. Напрыклад, у Жэшаве дзейнічае Фундацыя для бяздомных жывёл «Felineus», якая займаецца бяздомнымі катамі ўжо 8 гадоў. Супрацоўнікі фундацыі лечаць і кормяць бадзяжных жывёл, а знойдзеным на вуліцы катам шукаюць новы дом. Існуе шырока распаўсюджанае меркаваньне, што кот прывязваецца да месца свайго жыхарства, а не да ўладальніка, і таму цяжка ўзяць у новы дом дарослага ката. Гэта няпраўда, нават стары кот прывыкне з часам да новага дому, – кажа Матыльда Фольтын з фундацыі.
М. Фольтын: Ня трэба баяцца ўзяць пад свой дах ката, які ўжо пражыў частку свайго жыцьця, у якога ёсьць нэгатыўны досьвед. Кожны кот павінен атрымаць шанец жыць побач з чалавекам, мець свой дом. На самой справе кожны кот можа прывыкнуць да новага месца і новых людзей. Канешне, каты маюць розныя характары, адны больш адкрытыя, непасрэдныя, іншыя больш замкнутыя. Некаторым трэба больш часу, каб пазнаць новага ўладальніка, прывыкнуць да яго і пачаць яму давяраць.
Адны ратуюць бяздомных і хворых катоў, а іншыя шукаюць рынкавыя нішы, каб зарабіць на тых жывёлах, якія належаць багатым людзям. Напрыклад, адна з польскіх фірмаў пачала выпускаць керамічныя туалеты для котак. Яе ўладальнік неяк падумаў – чаму ў людзей такія зручныя, прыгожыя туалеты, а катам прыходзіцца задавальняцца нейкімі брыдкімі, плястмасавымі? І пачаў выпускаць арыгінальныя керамічныя міскі-латкі, некаторыя расьпісаныя выдатнымі арнамэнтамі. Канешне, яны значна даражэйшыя, чым плястмасавыя, але ўжо знайшліся аматары прыгожай рэчы, як у Польшчы, так і за межамі, адну заказаў нават арабскі шэйх. Дарэчы, паводле дадзеных парталу Euromonitor, які займаецца маніторынгам рынку прамысловых і спажывецкіх тавараў, гадавы даход вытворцаў кармоў і аксэсуараў для хатніх жывёл у Польшчы складае прыкладна 750 млн. даляраў. Прыбытак расьце на 6,5% кожны год.
ІАР ПР/нг