Logo Polskiego Radia
Print

«Дзіцячае непаразуменьне» Осла ды Варшавы

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 12.02.2019 16:15
  • Осла ды Варшавы.mp3
11 лютага нарвэскае МЗС перадала ноту польскаму боку аб прызнаньні «persona non grata» польскага консула Славаміра Кавальскага.
Foto: pixabay.com/CC0

Прычынай названы «недарэчныя паводзіны» дыплямата. Варшава назвала «недарэчным» гэты крок ды выдаліла ў адказ нарвэскага консула з Польшчы. Высьветлілася, што дадзены скандал зьвязаны з выхаваньнем дзяцей.

Паводле міністэрства замежных спраў Нарвэгіі, да выдаленьня консула дайшло з-за «паводзінаў дыплямата ў дачыненьнях з нарвэскімі ўладамі». На польскага консула паступалі скаргі пра тое, што ён пагражаў, агрэсіўна паводзіў сябе з прадстаўнікамі дзяржаўных органаў, перашкаджаў ім працаваць, адмаўляўся падпарадкоўвацца загадам паліцыі, гаворыцца ў заяве МЗС Нарвэгіі.

Як гэта выглядала можна пабачыць на фільме ў Сеціве, калі летась нарвэскія паліцыянты змушалі польскага консула пакінуць будынак Barnevernet (Службы апекі над дзецьмі), дзе разглядалася справа польскай сям’і, у якой забіралі дзяцей. Такіх выпадкаў было больш. Справа ў тым, што польскі консул актыўна дапамагаў сотням польскіх сем'яў бараніцца перад нарвэскай службай, кажа Б’ёрн Корф з ініцыятывы «Step Up 4 Children’s Rights», якая вядзе маніторынг забіраньня дзяцей з сем’яў нарвэскімі дзяржаўнымі органамі.

Б’ёрн Корф: Гэты консул быў вядомы тым, што дапамагаў польскім сем’ям, якія мелі канфлікты з нарвэскай Службай апекі над дзецьмі. Ён дапамог 150 сем’ям, якія баяліся, што ў іх забяруць дзяцей. Я думаю, што нарвэжцам гэта не падабалася й таму яны хацелі яго выдаліць. Да таго ж нядаўна Польшча прызнала палітычны прытулак нарвэжцы, якая ўцякла туды, бо баялася, што ў яе забяруць дзяцей. Месяц назад яна атрымала прытулак, а цяпер нарвэжцы выдалілі польскага консула. Думаю, што гэта зьвязаныя рэчы.

Яшчэ ў студзені бягучага года нарвэскі МЗС зьвярнуўся да Польшчы з просьбай адклікаць консула, але польскі міністар замежных спраў Яцэк Чапутовіч не пагадзіўся й прыняў рашэньне, што консул застанецца да чэрвеня, калі скончацца яго паўнамоцтвы.

Нарвэскія СМІ пісалі, што Осла засталося толькі адно – прызнаць консула «persona non grata». Што і было зроблена. У адказ польскі бок прызнаў не пажадай асобай нарвэскага консула ў Варшаве. Пра гэта паведаміў віцэ-міністар МЗС Польшчы Шымон Шынкоўскі.

Шымон Шынкоўскі вэль Сэнк: Няма ніякіх прычын, каб прыняць у дачыненьні да яго менавіта такое рашэньне. Спадак консул Славамір Кавальскі вельмі добра выконваў свае абавязкі. Эфэктыўна дамагаўся абароны правоў палякаў ды іх сем’яў, якія жывуць у Нарвэгіі. Мы высока цэнім ягоную працу. Нам шкада, што нарвэскія ўлады прынялі менавіта такое рашэньне. Прыняцьце такога, а не іншага рашэньня, вымусіла нас пайсьці на сымэтрычны крок.

Польскі бок заяўляе, што консул Славамір Кавальскі нічога не парушаў, быў выдатным працаўніком, у 2016 годзе яму нават прызналі ўзнагароду «Консул года». Дрэнным назваў рашэньне нарвэскіх уладаў віцэ-міністар юстыцыі Польшчы Марцін Вуйцік.

Марцін Вуйцік: Я прымаю з незадавальненьнем рашэньне нарвэскіх уладаў. Я лічу, што яно дрэнная, бо консул Славамір Кавальскі спрычыніўся для разьвіцьця добрых польска-нарвэскіх адносін. Ён вельмі моцна дапамагаў нашым суайчыньнікам. Асабліва дзецям. Мы тры гады супрацоўнічалі й не было ніякіх скаргаў на яго. Гэта адзін з найлепшых дыпляматаў.

Выдаленага консула бароняць таксама і звычайныя палякі. У сацыяльных сетках дзейнічаюць профілі пад назвай #MuremZaKonsulem, дзе людзі выказваюць словы падзякі ды падтрымкі для консула, які ім дапамог.

Аднак нарвэскі бок яны не пераканалі. МЗС Нарвэгіі дала консулу Славаміру Кавальскаму тыдзень на тое, каб пакінуць Нарвэгію. Рашэньне польскіх уладаў аб выдаленьні нарвэскага консула ў Осла назвалі несправядлівым. Таксама нарвэскі бок адмаўляе, што выдаленьне было зьвязана са справай адбору дзяцей з польскіх сем’яў нарвэскімі сацыяльнымі службамі.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт