Дзясяткі тысяч чалавек памірае ў Польшчы заўчасна ў выніку забруджанага паветра. Улады вялікіх польскіх гарадоў вырашылі праводзіць лепшы маніторынг забруджваньня ад выхлапных газаў аўтамабіляў.
Смог – гэта адносна новае паняцьце ў Польшчы. Праўда, раней таксама часта паветра было ня вельмі сьвежым, але пра гэта не казалі столькі, колькі пачалі казаць у апошнія некалькі гадоў. А смог – гэта нішто іншае, як паветра, якое ўтрымлівае вялікую колькасьць шкодных для арганізму чалавека рэчываў, між іншым, часьцінак пылу рознага калібру. Крыніцы забруджваньня паветра бываюць розныя, гэта галоўным чынам выкіды з хатніх і прамысловых печак ды комінаў, а таксама выхлапныя газы аўтамабіляў.
У Польшчы ўлады абяцаюць актыўна змагацца са смогам. Ужо прынятыя прававыя нормы, якія забараняюць усталёўваць у дамах печкі, якія не адказваюць жорсткім нормам чысьціні выкідаў. Цяпер узяліся за транспарт. Некаторыя гарады разважаюць нават, каб забараніць заяжджаць у цэнтры прыватным машынам, якія выкідваюць вялікую колькасьць выхлапных газаў, а нават усім аўтамабілям з рухавіком унутранага згараньня (доступ мелі б толькі электрычныя аўто), але нідзе яшчэ не ўвялі такіх законаў. Сьпярша неабходна замерыць узровень забруджваньня, які паўстае ў выніку працы аўтамабіляў. Ужо прынятае рашэньне пра ўстаноўку новых камунікацыйных станцыяў, гэта значыць, станцый памеру забруджваньня ад аўтамабіляў. Іх установяць там, дзе такіх станцый яшчэ няма, між іншым, у Познані, Любліне, Гданьску ці Беластоку.
Самы высокі ўзровень забруджваньня ад транспарту назіраецца ў вялікіх гарадах, – адзначае Барбара Точка з Галоўнага інспэктарату аховы навакольнага асяродзьдзя.
Б. Точка: Гэта кракаўская агламэрацыя, варшаўская, вроцлаўская агламэрацыі, а таксама Горная Сылезія. Там назіраецца высокая канцэнтрацыя ў паветры ня толькі пылу, пра які цяпер шмат гаворыцца, але таксама аксыдаў азоту. Гэта забруджваньне, крыніцай якога зьяўляецца транспарт. Звышнарматыўныя паказчыкі аксыдаў азоту, якія мы фіксуем у рамках праведзенай дыягностыкі якасьці паветра, паўстаюць у выніку інтэнсіўнага вулічнага руху.
У Варшаве па статыстыцы ў два разы больш аўтамабіляў на тысячу жыхароў, чым у Бэрліне. Палякі значна часьцей, чым жыхары іншых эўрапейскіх гарадоў, карыстаюцца прыватным аўтамабільным транспартам, а не аўтобусамі ды трамваямі. Пра гэта казаў старшыня Вышэйшай кантрольнай палаты Кшыштаф Квяткоўскі.
К. Квяткоўскі: У Варшаве ў пераліку на адну тысячу жыхароў значна больш аўтамабіляў, чым, напрыклад, у Бэрліне. І гэта паказвае, як шмат гарадзкім уладам трэба яшчэ зрабіць, прыстасаваць сетку грамадзкага транспарту да сапраўдных патрэбаў жыхароў і пераканаць нас, што варта карыстацца грамадзкім транспартам.
Акрамя таго, што прыватных машын у Польшчы больш, чым у іншых краінах, яны яшчэ і старэйшыя. Сярэднестатыстычнаму аўтамабілю больш за 10 гадоў. Канешне, паступова яны становяцца «маладзейшымі», але на думку Войцеха Джэвецкага з Інстытуту дасьледаваньня аўтамабільнага рынку САМАР, гэты працэс адбываецца надта павольна.
В. Джэвецкі: Мінулы 2018 год – гэта год рэкорднай колькасьці зарэгістраваных у Польшчы аўтамабіляў. У дзяржаўных органах адміністрацыі было пастаўлена на ўлік больш за 1 млн 600 тыс машын. З гэтага ліку больш за адзін мільён – гэта аўтамабілі, прыгнаныя з-за мяжы. І тут заключаецца вялікая праблема. Вялізная доля гэтых аўто – гэта машыны з рухавікамі на дызэльнае паліва (яны выкідваюць найбольш шкодных рэчываў – рэд.). Цешыць толькі тое, што зьмяншаецца доля самых старых машын, якім больш за 18 гадоў, а павялічваецца колькасьць адносна маладых аўтамабіляў, але гэтая структура магла бы быць лепшай.
Экспэрты сустрэліся на адмысловай канфэрэнцыі ў Вышэйшай кантрольнай палаце. На сустрэчу прыбылі прадстаўнікі розных устаноў ды арганізацый, якія займаюцца маніторынгам забруджваньня паветра. Удзельнікі канфэрэнцыі зьвярталі ўвагу на тое, што забруджваньне паветра, крыніцай якога зьяўляюцца аўтамабілі, ня менш шкодзіць здароўю, чым тыя шкодныя рэчывы, якія трапляюць у паветра з комінаў ды печак.
Эўрапейская разьліковая палата падлічыла, што кожны год каля 400 тысяч жыхароў Эўрапейскага Зьвязу заўчасна памірае ў выніку забруджваньня паветра, а кошты, зьвязаныя зь лячэньне хвароб, складаюць сотні мільярдаў эўра. У сваю чаргу ў Польшчы кажуць пра 47 тыс заўчасных сьмерцяў кожны год у выніку забруджанага паветра.
ІАР ПР/нг