Logo Polskiego Radia
Print

Януша Радзівіла намаляваў мастак з Гданьска

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 31.01.2019 10:00
  • 0131 Варшаўскі мост - А. Шпунт - Я. Радзівіл.mp3
Аркадзь Шпунт расказаў, як у XVII ст. быў створаны партрэт Януша Радзівіла і як яго рэстаўрыравалі ў ХХ-ХХІ стст.
Партрэт Януша Радзівіла пасьля рэстаўрацыі. Фрагмэнт. XVII ст. Мастак Даніэль Шульц (?). З калекцыі Нацыянальнага мастацкага музэя Рэспублікі БеларусьПартрэт Януша Радзівіла пасьля рэстаўрацыі. Фрагмэнт. XVII ст. Мастак Даніэль Шульц (?). З калекцыі Нацыянальнага мастацкага музэя Рэспублікі БеларусьФота: Аркадзь Шпунт

У Нацыянальным мастацкім музэі Рэспублікі Беларусь у Менску да 17 сакавіка працуе выстаўка «Адкрыцьцё сапраўднага», прымеркаваная да 80-годзьдзя музэя. І што цікава — яна стала вынікам у тым ліку супрацоўніцтва з польскімі мастацтвазнаўцамі.

Выстаўка «Адкрыцьцё сапраўднага» ў Нацыянальным мастацкім музэі Рэспублікі Беларусь дэманструе вынікі карпатлівай працы рэстаўратараў.

На працягу некалькіх гадоў калектыў, які складаецца з 26 чалавек, вярнуў першапачатковы выгляд больш як 60 прадметам старажытнага мастацтва Беларусі. Да стварэньня некаторых зь іх маюць дачыненьне ў тым ліку польскія майстры. Многія з твораў зьявіліся, калі Беларусь і Польшча складалі адну дзяржаву — Рэч Паспалітую.

Асаблівую ўвагу на выстаўцы прыцягвае партрэт Януша Радзівіла, гетмана польнага і вялікага гетмана ВКЛ, віленскага ваяводы. Ён пражыў усяго 43 гады — у першай палове XVII ст. Нарадзіўся ў мястэчку Папіліс (Papilỹs), пад Біржай (Bìržai), на поўначы сучаснай Літвы, а памёр ў Тыкоціне, пад Беластокам, на ўсходзе цяперашняй Польшчы.

Яго партрэт захаваўся ў Нясьвіскім замку, адкуль пасьля 1939 года трапіў у менскі мастацкі музэй. Але толькі цяпер зьявілася магчымасьць убачыць яго ў арыгінальным выглядзе — якім ён быў пры жыцьці Януша Радзівіла. Гэта стала вынікам працы рэстаўратараў на чале з рэстаўратарам вышэйшай катэгорыі Аркадзем Самуілавічам Шпунтам, загадчыка аддзела навукова-рэстаўрацыйных майстэрань Нацыянальнага мастацкага музэя Рэспублікі Беларусь.

Аркадзь Самуілавіч расказаў пра незвычайную гісторыю партрэта, які рэстаўрыравалі ў ХХ ст. ленінградзкія спэцыялісты, а працягу апошніх двух гадоў менскія. Пры гэтым менскія адкрылі невядомыя раней дэталі, напісаныя яшчэ ў XVII ст.

Лічыцца, што аўтарам партрэта зьяўляецца мастак з Гданьска Даніэль Шульц. Гэту здагадку пацьвердзілі рэстаўратары з Гданьска, якія прыяжджалі ў Менск і аглядалі партрэт.

Аркадзь Шпунт мяркуе, што Шульц пісаў Радзівіла з натуры, прынамсі, дакладна рабіў накід яго партрэта з самога Януша Радзівіла, а пасьля мог выкарыстоўваць манэкен для маляваньня дэталей адзеньня магната.

Аркадзь
Аркадзь Шпунт

Фота: архіў Аркадзя Шпунта

Аркадзь Шпунт запрашае наведаць выстаўку адрэстаўрыраваных твораў у Нацыянальным мастацкім музэі Рэспублікі Беларусь, на якой ёсьць унікальная магчымасць на свае вочы ўбачыць карціны, абразы, скульптуры ў тым ліку пэрыяду Рэчы Паспалітай. Многія з гэтых рэчаў дзесяцігодзьдзямі былі схаваны ад вачэй людзей у фондах музэя.

Віктар Корбут

Слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт