Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы абмяркоўваюць будучыню Ўкраіны

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 25.01.2019 16:15
Дыскусія на гэтую тэму адбылася падчас Міжнароднага форума «Эўропа-Украіна» у Жэшаве.
Foto: PAP/Darek Delmanowicz

Больш за тысячу ўдзельнікаў з Польшчы, Славаччыны, Украіны ды іншых дзяржаў сабраліся ў Ясёнцы пад Жэшавам. Гэта прадстаўнікі ўрадавых структур, бізнэсу, мясцовага самакіраваньня, эўрапейскіх ды міжнародных установаў, а таксама экспэртныя колы.

Там праходзіць ХІІ міжнародны форум «Эўропа-Украіна». У рамках форуму адбываюцца ІІІ «Усходні кірмаш» і «І Славацкі форум». Галоўным арганізатарам мерапрыемства зьяўляецца Інстытут усходніх дасьледаваньняў ды ўлады падкарпацкага ваяводзтва.

Галоўнай тэмай дэбаты падчас форума стала бачаньне Ўкраіны пасьля сёлетніх прэзыдэнцкіх ды парлямэнцкіх выбараў. Выбары прэзыдэнта адбудзецца ва Ўкраіне 31 сакавіка 2019 года, а восеньню пройдуць выбары ў парлямэнт.

Украінскія прадстаўнікі казалі падчас дыскусіі, што насуперак распаўсюджаным на Захадзе меркаваньням Украіна моцна зьмянілася за апошнія пяць гадоў, пасьля так званай «Рэвалюцыі годнасьці». Пра гэта казаў на форуме прафэсар Львоўскага ўнівэрсытэта была амбасадар Украіны ў Польшчы Маркіян Мальскі.

Маркіян Мальскі: Зьявілася разьвітае ды актыўная грамадзянская супольнасьць. Таксама зьмянілася палітычнае аблічча краіны, многія партыі зьмянілі свае погляды, ёсьць новыя ідэі ў сфэры палітыкі, эканомікі, культуры ды сацыяльных спраў. Мы падпісалі дамову аб Асацыяцыі з ЭЗ. З кожным годам Украіна карыстаецца ўсё больш з гэтай дамовы, крок па кроку мы пераарыентоўваем украінскі бізнэс на рынкі краін Эўрапейскага зьвязу.

Таксама польскія экспэрты зазначалі, што ва Ўкраіне адбыліся пазытыўныя зьмены. Гэта палітычная стабільнасьць, мадэрнізацыя войска, кантакты на міжнароднай арэне. Пра гэта казаў Павал Коваль з Інстытута палітычных навук польскай Акадэміі навук.

Павал Коваль: Стабільнае прэзыдэнцтва – гэта дасягненьне Ўкраіны. Упершыню за апошнія гады ўкраінскі прэзыдэнт стаў паўнапраўным гульцом на міжнароднай арэне. Для Ўкраіны – гэта мае ключавое значэньне. Парашэнка можа патэлефанаваць да любога прэзыдэнта, і зь ім будуць размаўляць.

Пры гэтым украінскія палітыкі зазначалі, што ў Эўропе сёньня не да канца разумеюць сытуацыю Ўкраіны, у першую чаргу пагрозу з боку Расеі. Пра гэта казала на форум віцэ-старшыня Вярхоўнай Рады Ўкраіны Аксама Сыраід.

Аксана Сыроід: Такі Форум вельмі патрэбны, бо гэта дапамагае даносіць да Эўропы інфармацыю ў справах бясьпекі, дапамагае Ўкраіне знаходзіць партнэраў, каб абараніцца перад ворагам.

У сваю чаргу польскія палітыкі казалі пра тое, што Варшава хоча моцна спрычыніцца ў збліжэньні Ўкраіны да Эўразьвязу.

Рышард Тэрлецкі: Польшча хоча спрыяць пра-эўрапейскаму кірунку, на які павярнулі ўкраінскія ўлады. Таксама нагадваць Эўропе, што дзяржавы, якія ня будуць мець ясна вызначанай дарогі, каб далучыцца да гэтай арганізацыі – могуць згубіць інтарэс. Гэта быў бы вельмі кепскі вынік такога зацягваньня ды ігнараваньне пытаньня пашырэньня ЭЗ на ўсход, у першую чаргу на Ўкраіну.

Падчас форума адбылася сустрэча польскі ды ўкраінскіх дэпутатаў, добра разьвіваецца польска-украінская эканамічнае ды вайсковае супрацоўніцтва. Варшава хацела б, каб палепшылася супрацоўніцтва ў галіне інфраструктуры ды трансгранічных спраў.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт