Навошта купляць уласную машыну, калі можна ўзяць у пракат
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
12.12.2018 11:25
Ці дзякуючы пракату на вуліцах сталіцы будзе менш прыватных аўтамабіляў?
www.pixcabay.com/CC0 Creative Commons
Хутка расьце папулярнасьць пракату транспартных сродкаў у Варшаве. Яшчэ год таму ў сталіцы можна было ўзяць у пракат «на хвіліны» толькі некалькі сотняў аўто, цяпер іх каля дзьвюх тысяч. Акрамя аўтамашын, можна ўзяць напракат таксама ровары, скутэры і самакаты – чытаем у выданьні «Dziennik Gazeta Prawna».
Carsharing, гэта значыць, пракат аўтамабіляў на хвіліны, паявіўся ў Польшчы каля году таму, на гэтым рынку дзейнічаюць тры фірмы – Panek, Traficar i 4Mobility. Першая неўзабаве будзе прапанаваць у Варшаве тысячу гібрыдных аўто. Беручы такую машыну напракат, трэба як правіла заплаціць за кожны кілямэтар і дадаткова за кожную хвіліну найму. Напрыклад, праезд 5 кілямэтраў без коркаў каштуе каля 10 злотых – менш за 3 даляры.
Ці дзякуючы пракату на вуліцах сталіцы будзе менш прыватных аўтамабіляў? На гэта разьлічваюць улады Варшавы, якая першынствуе ў Эўропе па колькасьці машын на аднаго жыхара (у Варшаве каля 600-700 аўто на тысячу жыхароў, для параўнаньня, у Бэрліне – амаль у два разы менш). Гэта генэрыруе коркі, праблемы з паркоўкай ды забруджанасьць паветра. Пакуль што чыноўнікі ня ведаюць, ці дзякуючы пракату зьменшыцца колькасьць прыватных аўто, але раней было падлічана, што ў некаторых нямецкіх ці італьянскіх гарадах адна машына з пракату замяняе ад трох да пяці прыватных.
Рэзка расьце папулярнасьць таксама іншых формаў пракату транспартных сродкаў – ровараў, у тым ліку электрычных, скутэраў, а таксама электрычных самакатаў.
Dziennik Gazeta Prawna/нг