Logo Polskiego Radia
Print

Многія сем'і, якім дапамагае "Высакародная пасылка", жывуць за менш чым 2 даляры ў дзень

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 10.12.2018 16:57
  • пасылка.mp3
У акцыі дапамогі прынялі ўдзел, між іншым, Анджэй Дуда, футбалісты польскай зборнай, тэнісістка Агнешка Радваньска.
Фінал акцыі ў КракавеФінал акцыі ў КракавеPAP/Jacek Bednarczyk

Як штогод, таксама ў гэтым годзе перад Каляднымі сьвятамі ў Польшчы прайшла дабрачынная акцыя пад назваю «Высакародная пасылка». Тысячы малазабясьпечаных сем’яў ды адзінокіх людзей атрымалі матэрыяльную дапамогу.

Прынцып падтрымкі малазабясьпечаных асобаў заключаецца ў тым, што арганізатары акцыі вышукваюць сем’і або адзінокіх людзей, якім неабходная дапамога. Разам яны робяць сьпіс рэчаў, якія патрэбныя гэтым людзям. Уся інфармацыя зьмяшчаецца ў інтэрнэце на сайце арганізатараў. Кожны чалавек або ўстанова могуць выбраць сабе кагосьці з гэтага сьпісу, каму яны хочуць дапамагчы, нарыхтоўваючы рэчы са сьпісу. Прынцып вельмі просты, але дзякуючы яму той, хто ахвяруе дапамогу, ведае, да каго яна трапляе і ведае, што дае яму толькі патрэбныя рэчы. Фінал акцыі прайшоў у мінулыя выходныя.

6 злотых 70 грошай або менш – столькі складаюць у сярэднім выдаткі на адзін дзень у адной пятай усіх сем’яў, якія карыстаюцца падтрымкай праграмы. У пераводзе на амэрыканскую валюту гэта менш за 2 даляры. Такія дадзеныя прыведзеныя ў адмысловым дакладзе таварыства «Вясна», якое ладзіць дабрачынную акцыю.

У гэтым годзе праграма праходзіць з большымі цяжкасьцямі, чым у мінулыя гады, паколькі таварыства «Вясна» страціла ў вачах многіх палякаў. Справа ў тым, што яго заснавальнік і шматгадовы старшыня ксёндз Яцэк Стрычэк адмовіўся ад пасады, паколькі быў абвінавачаны ў мэтанакіраваным цкаваньні сваіх супрацоўнікаў (мобінгу). Тым ня менш, «Вясна» зрабіла ўсё магчымае, каб бедныя асобы атрымалі дапамогу, ня меншую, чым у папярэднія гады. Дапамогі чакае больш за 15 тыс. сем’яў, – казала перад завяршэньнем сёлетняй акцыі новая старшыня Яанна Садзік.

Я. Садзік: Я хачу ўсіх заверыць, што пасылка працуе. Нямала людзей нас пытала, ці пасылка ў гэтым годзе адбудзецца. Так, наша акцыя адбываецца, але без дапамогі людзей гэта не было б магчыма. Тое, што нам патрэбнае – гэта вялікая мабілізацыя ўсіх, каму неабыякавы лёс іншых. А да гэтага часу звыш 4,5 млн. палякаў якім-небудзь чынам удзельнічалі ў пасылцы.

Па словах адной з валянтэрак «Высакароднай пасылкі» Катажыны Домбэк, бедныя людзі просяць падарыць ім самыя элемэнтарныя рэчы, якія патрэбныя на калядныя сьвяты, але патрэбныя ім таксама такія прадметы, якія могуць на даўжэйшы пэрыяд палепшыць якасьць іхняга жыцьця.

К. Домбэк: Тэматыка вельмі шырокая – ад сапраўды элемэнтарных прадметаў штодзённай неабходнасьці – кансэрваў, бытавой хіміі па рознага тыпу бытавыя прыборы, якіх не хапае ў дамах гэтых людзей. Многія чакаюць таксама дробных падарункаў, дзякуючы якім сьвяты ў гэтым годзе будуць выключныя і больш прыемныя.

У падрыхтоўку «Высакароднай пасылкі» падключыўся таксама славуты хакеіст Марыюш Чаркаўскі. Ад ягонага імя была падрыхтаваная дапамога для польскага параалімпійца, следж-хакеіста Марыюша Зяліньскага. Адрасат ужо атрымаў пасылку. Акрамя рэчаў першай неабходнасьці, сьвяточных страваў, паліва на зіму, быў у гэтай пасылцы таксама асабісты падарунак ад Марыюша Чаркаўскага.

М. Зяліньскі: Гэта майка польскай зборнай з прозьвішчам Чаркаўскага і ягоным асабістым подпісам. Майка Чаркаўскага будзе вісець на сьцяне. Я вельмі, вельмі задаволены.

Добраахвотнікі «Высакароднай пасылкі» прыйшлі таксама дадому спадарыні Юстыны. Яна адна гадуе двухгадовую дачушку, якая нарадзілася неданошанай, былі праблемы са здароўем.

Пані Юстына: Я проста ў шоку! Адчыніць дзьверы і ўбачыць столькі людзей... на сэрцы стала цяплей. Упершыню ў жыцьці здарылася, што хтосьці прыйшоў да мяне з дапамогай. Вось тут стаіць пральная машына, якая мне вельмі патрэбная. Я заўсёды мыла бялізну ў руках, машына мне вельмі прыдасца, а раней у мяне не было грошай, каб купіць. Учора, калі яе прывезьлі, у мяне пацяклі сьлёзы. Прадукты таксама вельмі патрэбныя, ідуць сьвяты, трэба нарыхтаваць запасы, каб неяк пражыць. Я вельмі шчасьлівая.

У мінулыя выходныя прайшоў фінал дабрачыннай акцыі «Высакародная пасылка». У яе ўключыліся, між іншым, прэзыдэнт Анджэй Дуда з жонкаю, футбалісты польскай зборнай, тэнісістка Агнешка Радваньска ды іншыя вядомыя асобы.

ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт