Паўсюдны працэс глябалізацыі ды рост значэньня прэстыжных моваў, а асабліва ангельскае, у вялікай ступені вядзе да маргіналізацыі нацыянальных моваў, што можа спрычыніцца нават да іх заніканьня. Гэты працэс закранае перш за ўсё тыя мовы, якімі карыстаецца невялікая колькасьць носьбітаў. З усіх славянскіх моваў на першае месца, на жаль, высоўваецца беларуская мова, якая ў выніку русыфікацыйных працэсаў зьведзена да другараднае ролі. З працягам тэмы НБ.
Слабое выкарыстаньне беларускае мовы ў самой Беларусі, нягледзячы на ейны дзяржаўны статус, не спрыяе, зразумела, захаваньню яе па-за межамі, у тым ліку на Падляшшы. У польскіх абставінах авалоданьне дзяржаўнай мовай краіны зьяўляецца неабходнай умовай грамадзкага авансу насельніцтва, якое эмігравала зь беларускамоўных вёсак у польскамоўныя гарады. Нягледзячы на гэта, на Падляшшы мясцовыя ўсходнеславянскія гаворкі выказваюць жывучасьць па сёньняшні дзень.
Фанэтычна яны дыфэрэнцыяваныя: ад акаючых і дзекаючых / цекаючых на поўнач ад ракі Нараў праз паласу гаворак з украінскімі рысамі да тыпова украінскіх, што вынікае з пасяленчых працэсаў: з ваколіц Горадні й Ваўкавыска ды Берасьця й Валыні. Найбольшыя разыходжаньні сярод дыялектолягаў выклікаюць гаворкі на поўдзень ад ракі Нараў, якія сыходныя зь берасьцейска-пінскімі гаворкамі, што належаць да ўкраінскага моўнага генатыпу, але адначасова падлягаюць натуральным беларускім уплывам, выкліканым беларускай нацыянальнай сьвядомасьцю на гэтай тэрыторыі ды навучаньнем беларускае мовы ў школах розных узроўняў – ад дзяцячых садкоў праз пачатковыя школы, гімназіі да агульнаадукацыйных ліцэяў.
Падляскае беларуска-ўкраінскае памежжа сьведчыць пра тое, як складана правесьці клясыфікацыю пэрыфэрыйных гаворак і адназначна аднесьці іх да канкрэтнае мовы. Разьмежаваньне ўсходнеславянскае мовы жыхароў Падляшша праводзіцца шляхам ілюстрацыі ізаглёсаў, якія паказваюць на рысы, характэрныя для беларускае і ўкраінскае моваў. Гэта: пашырэньне аканьня ды цеканьня й дзеканьня, значыць, рысаў, тыповых для беларускае мовы; а таксама рысаў, характэрных для ўкраінскае мовы, такіх як дыспаляталізацыя губных і зубных зычных перад галоснымі пярэдняга раду е і і, напр. вэсна, дэнь, ходыты, робыты; ды мяккае вымаўленьне этымалягічнага ц, напр. укр. хлопэць – бел. хлопец.
Сёньняшняя мяжа паміж гаворкамі акаючымі й окаючымі амаль дакладна супадае зь гістарычнай мяжою паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каронай. У беларускіх гаворках, якія мяжуюць з мазавецкімі, назіраецца мазурэньне, значыць неадрозьніваньне ч - ц, ш - с, ж - з ды вымаўленьне тыпу: цалавек, салік, заба.
Падзел Беласточчыны на тры часткі: заходнюю, паўночна-ўсходнюю ды паўднёвую адбываецца таксама з увагі на лексічную дыфэрэнцыяцыю, што паказала Эльжбета Смулкова ў працы Słownictwo z zakresu uprawy roli w gwarach wschodniej Białostocczyzny na tle wschodniosłowiańskim.
Пучок ізалексаў заходняга напрамку, які праходзіць з поўначы на поўдзень, аддзяляе ўсходнеславянскія лексэмы ад польскіх, напр. пэрэвесло – пас, пожня, стэрня – ржыско, ток – клепіско, жменя – гарсьць, хаця гэтая мяжа ня надта вострая, і застаецца даволі шырокая паласа, дзе ў навакольных польскіх мясцовасьцях ды ў маўленьні білінгвальнага насельніцтва выступаюць усходнеславянскія калькі, напр. пшэвёнсло < пэрэвесло.
Пучкі ізалексаў паўночна-ўсходняга й паўднёвага напрамкаў адлюстроўваюць дыфэрэнцыяцыю ўсходнеславянскіх гаворак. Пучок ізалексаў паўночна-ўсходняга напрамку (напр. сьвеэрэн vs. паўднёвага шпіxлер, мякіна - полова, веялка - шопэлька) супадае з падзелам на гаворкі акаючыя і окаючыя.
У сваю чаргу пучок ізалексаў паўднёвага напрамку (клуня vs. паўночнага гумно, адрына; стэрня – пожня, ржыско; розплуга – баразна) праходзіць уздоўж ракі Нараў і на паўднёвы ўсход ад Белавежы, так як мяжа паміж гаворкамі дзекаючымі / цекаючымі і з захаванымі мяккімі д’ / т’ (напр. хадзіці / ходіті), што сьведчыць пра супадзеньне тэрыторыі выступаньня згаданых фанэтычных рысаў і лексічных.
Найчасьцей гэта бацькі вырашаюць, у якой мове выхоўваюць сваіх дзяцей. Гэтай мовай зьяўляецца альбо родная мова ці гаворка бацькоў, альбо дзяржаўная мова краіны, у якой жывуць. Даволі частымі бываюць сытуацыі, калі дзіця выхоўваецца ў дзьвюх мовах, а нават калі расьце ў шматмоўі, як у выпадку эмігрантаў ці нацыянальных мяншынь на памежных тэрыторыях.
У выпадку заходняга памежжа Беларусі гэта можа быць польская мова і/альбо беларуская, альбо беларуская гаворка ў вёсках, часам таксама летувіская мова, і дадаткова на гэты моўны канглямэрат накладаецца яшчэ расейская мова. У сваю чаргу на Падляшшы – гэта польская мова і/альбо беларуская мова, альбо беларуская гаворка на поўнач ад ракі Нараў, а на поўдзень ад яе – гаворка з украінскімі рысамі.
Неабходнасьць сужыцьця на дадзенай тэрыторыі прадстаўнікоў як мінімум дзьвюх нацыяў вядзе да ўзьнікненьня білінгвізму, інакш кажучы, двухмоўя. Пра наступствы двухмоўя на Падляшшы слухайце праз тыдзень.
Ніна Баршчэўская