Logo Polskiego Radia
Print

Палякі больш за ўсіх у Эўропе сьвяткуюць 1-га лістапада

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 31.10.2018 23:59
  • Палякі больш.mp3
Сьвяткаваньне 1 лістапада ў Польшчы – гэта фэномэн у маштабе Эўропы, зазначаюць польскія СМІ.
Foto: pixabay.com/CC0

Да дня Ўсіх Сьвятых палякі купляюць больш за палову гадавой вытворчасьці сьвечак.

У вытворчасьці ды набыцьці сьвечак палякі – лідары ў Эўропе. У Польшчы вырабляецца найбольш сьвечак на кантынэнце. Таксама палякі купляць найбольш сьвечак сярод эўрапейцаў на агульную суму каля 250 мільёнаў злотых. Сьвечкі для палякаў – гэта праява пашаны для памерлых блізкіх, памяці пра іх.

Больш за палову гадавой вытворчасьці сьвечак прадаецца напярэдадні Дня ўсіх сьвятых у Польшчы. Людзі купляюць сьвечкі ды едуць на магілы блізкіх па ўсёй краіне. Масавыя паездкі азначаюць большыя заробкі для заправачных станцый.

Разам з тым, у гэтыя дні палякі б'юць рэкорды па дарожных здарэньнях у Эўропе. З года ў год у Дзень Усіх сьвятых у Польшчы здараецца некалькі соцень аварый. Летась было 450 выпадкаў, 3 гады таму - 225, загінула 40 чалавек, 540 было параненых. Паліцыянты затрымалі 1030 пʼяных кіроўцаў.

У зьвязку з гэтым 1 лістапад бягучага году на польскія дарогі выйдзе больш за 5 тысяч паліцэйскіх у рамках акцыі «Зьніч». Паліцыя будзе зьвяртаць увагу на небясьпечныя паводзіны на дарозе, кіраваць рухам каля могілак. Тлумачыць Радослаў Кобрыць з Аддзелу дарожнага руху Галоўнай камэндатуры паліцыі.

Радаслаў Кобрысь: Акцыя «Зьніч» пачнецца ў сераду раніцай, завершыцца ў нядзелю 4-га лістапада ўвечары. На дарогах у Польшчы будзе працаваць большая колькасьць дарожных патрулёў. Асабліва на дарогах пры выездах ды ўездах у гарады, таксама вакол могілак.

Штогод на 1 лістапада на польскіх могілках зьяўляюцца тысячы людзей. Многія вядомыя асобы ў гэты дзень ладзяць адмысловыя грамадзкія акцыі. Сёлета такая акцыя пройдзе на варшаўскіх могілках «Павонзкі», дзе каля 200 польскіх артыстаў будуць зьбіраць сродкі на аднаўленьне старых ды занядбаных могілак. Летась артысты сабралі каля 150 тысяч злотых, але патрэбы вялізарныя. Распавядае старшыня Грамадзкага Камітэта апекі над могілкамі «Старыя Павонзкі» Марцін Сьвенціцкі.

Марцін Сьвенціцкі: «Павонзкі» – гэта найбольш каштоўная нацыянальны нэкропаль у Польшчы, дзе пахавана шмат славутых палякаў. Аднак пахаваньні з ХІХ-га стагодзьдзя апынуліся ў такой сытуацыі, што большасьць тагачасных семʼяў або загінулі, або зьехалі ў эміграцыю, або зьбяднелі й цяпер яны не ў стане ўтрымліваць багата аздобленых помнікаў ды прыгожых надмагільляў. Такім чынам, мы імкнёмся захоўваць нашу нацыянальную спадчыну.

Памяць пра памерлых палякі дэманструюць ня толькі ў Польшчы. Польскія грамадзкія арганізацыі даглядаюць за польскімі могілкамі за мяжой. Напярэдадні Дня ўсіх сьвятых з асобамі, якія займаюцца аднаўленьнем ды ратаваньнем польскіх могілак за мяжой, сустрэўся прэзыдэнт краіны Анджэй Дуда. Польскі лідар зазначыў, што дагляданьне за могілкамі – гэта праява цывілізаванасьці.

Анджэй Дуда: Ці гэтая памяць пра нашых продках, ня толькі ў значэньні нашых блізкіх і сваякоў, але ў шырэйшым значэньні, ці яна захоўваецца? Ці сярод нас ёсьць памяць пра іх ды павага да іх? Вашы дзеяньні сьведчаць, што так, ваша праца мае вялізарнае значэньне.

Палякі зьяўляюцца народам, якія найбольш масава ў Эўропе адзначае Дзень усіх сьвятых. У гэты дзень палякі наведваюць магілы сваіх памерлых сваякоў, запальваюць зьнічы, ускладаюць кветкі.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт