Logo Polskiego Radia
Print

Каб дабіцца посьпехаў у жыцьці, варта вызначаць сабе мэты

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 27.10.2018 09:00
Раньні плян на жыцьцё павінен быць разумным плянам залатой сярэдзіны.
www.pixabay.com/CC0 Creative Commons

У выданьні «Polityka» артыкул пра тое, на колькі карысна ставіць сабе мэты ў жыцьці. Калісьці жыцьцёвы шлях кожнага чалавека быў больш-менш зразумелы ад самага нараджэньня, у залежнасьці ад сацыяльнага статусу сям’і. Канешне, і тады некаторыя вырываліся са свайго кола, але гэта не здаралася часта. Нашыя часы прынесьлі людзям вялізную свабоду выбару. Важна, каб з самага раньняга дзяцінства ўзмацняць у чалавеку тое, што псыхолягі называюць «патрэбай кантраляваньня».

Людзі па-рознаму ацэньваюць тое, што яны могуць, а чаго ня могуць кантраляваць. Тыя, у каго вышэйшая патрэба кантраляваньня сытуацыі, вераць, што яны могуць самі пісаць сцэнар свайго жыцьця. Яны таксама вераць, што сьвет сэнсоўны, зразумелы і наогул іншыя станоўча да іх ставяцца.

Людзі з высокай патрэбай кантраляваньня як правіла аптымісты. Аптымізм спрыяе посьпехам, хаця іх не гарантуе, але пэсымізм можа зьвесьці на не нават самыя вялікія патэнцыйныя магчымасьці. Адным з самых істотных адкрыцьцяў псыхалёгіі апошніх гадоў зьяўляецца тое, што мы самі можам сабе выбраць спосаб мысьленьня. Удалае жыцьцё залежыць ня столькі ад інтэлектуальнага ўзроўню, колькі ад спосабу мысьленьня, успрыманьня сьвету.

Патрэба кантраляваньня толькі ў 30% залежыць ад генаў, астатняе выводзіцца зь дзяцінства. Людзі, якія ў дзяцінстве ня мелі ўплыву ні на што або амаль ні на што, будучы дарослымі, таксама мяркуюць, што ад іх няшмат залежыць. Таму неабходна заахвочваць дзіця браць на сябе адказнасьць за сябе, свае ўчынкі. Дзіця, якога дарослыя пастаянна павучаюць, стрымліваюць, называюць лайдаком, вырастае з нізкай самаацэнкай, думае, што ў яго няма таленту і здольнасьцяў.

Істотным элемэнтам высокай самаацэнкі зьяўляецца ўменьне прымірыцца з паразамі, з уласнымі слабымі бакамі. Тыя, хто стараецца быць ідэальным ва ўсім, змагаецца з высокім стрэсам і дэпрэсіяй. Асобы з высокай самаацэнкай такім чынам разглядаюць паразы, каб па меры магчымасьці зьменшыць іх значэньне. У сваю чаргу людзі з нізкай самаацэнкай саромеюцца параз і рэдка радуюцца посьпехамі.

Вядома, што чалавек, у тым ліку дзіця, ахвотней рэалізуе тыя мэты, якія сам сабе ставіць. Таму бацькі павінны прапанаваць дзіцяці розныя заняткі, а не выбіраць за яго. Бывае, што бацькі зусім не заахвочваюць дзяцей да пазашкольных заняткаў, каб «не адбіраць у яго дзяцінства». Гэта крайнасьць, якая прымушае чалавека толькі дрэйфаваць, а не кіраваць сваім жыцьцёвым шляхам. Належыць шукаць такі занятак, які дазволіць дасягнуць добрых рэзультатаў. І вучыць дзіця ставіць сабе мэты. Чалавек, выхаваны ў «культуры сьвядомага расьпешчваньня», вучыцца лявіраваць у сьвеце, у яго няма самакантролю і самадысцыпліны, ім лёгка маніпуляваць. Так што раньні плян на жыцьцё павінен быць разумным плянам залатой сярэдзіны – не павінна ў ім быць катаржнай працы, але таксама культуры сьвядомага расьпешчваньня.

Polityka/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт