Logo Polskiego Radia
Print

40 год таму паляк быў абраны Рымскім папам

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 16.10.2018 16:25
  • 40 год таму.mp3
У Польшчы ўзгадваюць падзеі кастрычніка 1978-га года ды навучаньне Яна Паўла ІІ.
Foto: PAP/Radek Pietruszka

Пасланьне польскага Пантыфіка было вельмі ўнівэрсальным для ўсіх людзей на плянэце.

40 год таму, 16-га кастрычніка 1978-га года, кракаўскі мітрапаліт, кардынал Караль Вайтыла быў абраны Папам рымскім. Гэта быў першы за апошнія 450 год Пантыфік не італьянскага паходжаньня, наймалодшы папа за апошнія 150 год. У момант абраньня яму было 58 год. Выбралі паляка толькі падчас восьмага галасаваньня, большасьцю 99 галасоў са 111-ці ўдзельнікаў канкляву.

Паводле слоў ксяндза прафэсара Зыгмунта Зяліньскага, выбар паляка на пасаду Папы рымскага падчас канкляву вынікала з тагачаснай патрэбы стварыць супрацьвагу для групы радыкалаў, прыхільнікаў зьмен, якая зьявілася ўнутры касьцёла пасьля ІІ Ватыканскага сабору.

Зыгмунт Зеліньскі: Кардыналы, якія выбіралі Яна Паўла ІІ, кіраваліся адным: трэба было дзесьці ўключыць тормаз, каб гэта ўсё не пайшло за далёка. Другая справа, Пантыфік з Польшчы азначаў, што будзе кансэрватыўны тэоляг. Ішлося пра тое, каб Папа рымскі спыніў разброд і вярнуў тэалёгію на правільную дарогу, зь якой яна пачала зварочваць.

У Кракаве на наступны дзень пасьля абраньня кардынала Вайтылы на Папу рымскага пачаў біць найбольш звон у горадзе – Звон Зыгмунта. Сёньня ў гадавіну выбару Пантыфіка звон загучаў зноў. Як узгадвае Марцін Біборскі, для яго гэта надзвычайны момант.

Марцін Біборскі: Я першы раз пацягнуў за канат тады, калі Папам рымскім стаў наш улюбёны арцыбіскуп Кракава. Я пачаў плакаць і не адчуваў нічога. Пасьля таго, як я скончыў званіць, я пабачыў, што мае рукі ўсе ў крыві. Я садраў сабе скуру, бо яшчэ ня ўмеў так добра біць у званы.

Пантыфікат Яна Паўла ІІ доўжыўся 27 гадоў. Сёньня ў 40 гадавіну яго абраньня многія ўзгадваюць навучаньне польскага Папы рымскага.

Для многіх ягоныя словы былі настолькі важныя, што мянялі жыцьцё. Напрыклад, людзі ішлі ў сьвятары. Так сталася ў выпадку прэсавага сакратара курыі ў Жэшаве ксяндза Томаша Новака.

Томаш Новак: Ён быў адначасова і біскупам, і Папам рымскім, і братам у веры, дзякуючы гэтаму кімсьці вельмі блізкім ды чалавечым. Ён сам усюды прасоўваў людзкасьць ды ставіў чалавека вельмі высока.

Навучаньне Яна Паўла ІІ жыве па сёньняшні дзень. Пра гэта сьведчаць паломнікі, якія масава наведваюць Цэнтар Яна Паўла ІІ «Ня бойцеся!» у Кракаве. Прыцягальнасьць ягонага навучаньня ў тым, што яно не было скіравана толькі да каталікоў. Яно мела ўнівэрсальны характар - кажа дырэктар цэнтру, ксёндз Ян Кабзіньскі.

Ян Кабзіньскі: Яно настолькі багатае ды велізарнае, ахоплівае ўсе сфэры нашага жыцьця ў Польшчы, але таксама людзей як веруючых, так і няверуючых. Ягоныя энцыклікі, звароты, зь якімі ён выступаў, былі скіраваныя ня толькі да хрысьціян, а да людзей добрай волі, то бок для ўсіх.

Кракаўскі мітрапаліт, кардынал Караль Вайтыла быў абраны Папам рымскім 16 кастрычніка 1978-га года. Ён абраў імя Ян Павал ІІ. Гэта быў першы самы малады пантыфік не італьянскага паходжаньня за апошнія 150 год.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт