Logo Polskiego Radia
Print

Польская дзяржава рацыяналізуе лекавую палітыку

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 16.10.2018 14:32
  • лекі.mp3
Важнейшая задача - зьмяншэньне маштабу захворваньня дзякуючы эфэктыўнай прафіляктыцы.
pixabay.com/Public Domain CC0

Польскі ўрад прыняў дакумэнт пад назваю «Лекавая палітыка дзяржавы 2018-2022». У ім апісаныя задачы дзяржавы ў галіне фармацэўтычнай палітыкі. Гаворка ідзе аб тым, каб пацыенты мелі магчымасьць атрымаць у кароткія тэрміны ўсе неабходныя ім для лячэньня лякарствы.

У Польшчы вельмі папулярныя лякарствы, якія прадаюць без рэцэпту. Краіна знаходзіцца ў топе дзяржаваў, жыхары якіх купляюць найбольшыя колькасьці фармацэўтычных сродкаў. Сярэднестатыстычны паляк п’е чатыры таблеткі розных лекавых сродкаў кожны дзень. Дакумэнт, прыняты на самым высокім узроўні, хутчэй не згадвае пра гэтую лекавую манію палякаў, вядома толькі, якія мэты ён перад сабою ставіць: гэта перш за ўсё зьмяншэньне маштабу распаўсюджваньня заразных хвароб дзякуючы эфэктыўнай прафіляктыцы; гарантыя бясьпечных ды эфэктыўных лекаў, даступных у адпаведным месцы і часе; сыстэматычнае паляпшэньне стану здароўя нацыі дзякуючы аптымалізацыі публічных выдаткаў; эфэктыўнае разьвіцьцё фармацэўтычнай прамысловасьці ў Польшчы; інфарматызацыі сыстэмы аховы здароўя.

Гэта толькі некаторыя задачы, прапісаныя ў дакумэнце, які акрэсьлівае лекавую палітыку дзяржавы. Асноўная задача – паляпшэньне даступнасьці, якасьці і рацыянальнае абарачэньне лекавымі сродкамі. Па словах віцэ-міністра аховы здароўя Марціна Чэха, галоўная задача – паляпшэньне бясьпекі пацыентаў. Ён дадаў, што ў праграме прапісаны стабільны ўзровень фінансаваньня частковай даплаты да некаторых лекавых прэпаратаў.

М. Чэх: У гэтым дакумэнце, які прыняў урад, запісана, што акрамя гэтай верхняй мяжы 17% бюджэту на зварот часткі коштаў лекавых прэпаратаў, мы б хацелі чарговыя 16% прызначыць на фармакатэрапію. Гаворка ідзе пра тое, каб больш сродкаў можна было прызначыць на дарагія фармацэўтычныя сродкі, каб фармакатэрапію было за што фінансаваць, асабліва сучасныя мэтады лячэньня.

Меркаваньнем намесьніка міністра аховы здароўя, на дадзены момант у Польшчы пацыенты надта шмат плацяць за лякарствы з уласнай кішэні.

М. Чэх: Нашай мэтай зьяўляецца таксама тое, каб пацыент меншы адсотак цаны за лякарства плаціў з уласнай кішэні. Мы б хацелі, каб фармакатэрапія была ў большай ступені фінансаваная за кошт грамадзкіх сродкаў. Канешне, мы ўсе прывыклі, што пацыент аплачвае частку цаны лякарства, і гэтая сытуацыя не памяняецца. Але мы імкнёмся да таго, каб пацыенты плацілі менш.

Сярод асноўных задач дакумэнту, які акрэсьлівае лекавую палітыку дзяржавы, названая прафіляктыка. Рост устойлівасьці да розных захворваньняў можна дасягнуць між іншым дзякуючы праграмам вакцынацыі, – адзначыў віцэ-міністар Марцін Чэх.

М. Чэх: У гэтай галіне нашай мэтай зьяўляецца больш эфэктыўнае правядзеньне праграм абавязковай вакцынацыі, зьмяншэньне маштабу зьявы, якая апошнім часам значна пашыралася – адмовы бацькоў прышчапляць сваіх дзяцей. Мы хацелі б пашырыць колькасьць асоб, якія падпадаюць пад праграму абавязковай вакцынацыі, а перш за ўсё зьменшыць колькасьць людзей, якія пакутуюць ад заразных захворваньняў. Пабачым, ці ўдасца нам гэтага дабіцца.

Апошнімі гадамі ў Польшчы нарастае варожае стаўленьне да вакцынацыі ў якасьці прафіляктыкі хвароб, часта вельмі небясьпечных. Лекары занепакоеныя тым, што многія бацькі адмаўляюцца прышчапляць дзяцей. І калі гаворка ідзе пра ветраную воспу, то праблема невялікая, дарэчы, гэтая прышчэпка неабавязковая, але вось адмова вакцынацыі ад адру можа мець вельмі сур’ёзныя нэгатыўныя наступствы. З іншага боку, у Польшчы бацькі ў вялікай ступені перабольшваюць, калі купляюць для дзяцей розныя харчовыя дадаткі, якія павінны аказваць пазытыўны ўплыў на здароўе і самаадчуваньне дзяцей – розныя мікраэлемэнты, вітаміны, сыропы. Лекары кажуць, што такія дадаткі неабходныя толькі ў трох выпадках: яны рэкамэндуюцца людзям пасьля цяжкага захворваньня, цяжарным жанчынам і пажылым асобам, якія горш засвойваюць вітаміны ды мікраэлемэнты. Усе астатнія павінны весьці здаровы лад жыцьця, шмат рухацца, рацыянальна харчавацца, і гэтага дастаткова.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт