Дэпутаты падтрымалі адпаведную дырэктыву, распрацаваную Эўракамісіяй. Праціўнікі гэтага права ўжо назвалі яго новай цэнзурай.
У сераду Эўрапейскі парлямэнт прагаласаваў за праект дырэктывы ЭЗ « Аб аўтарскіх правах на лічбавым рынку», які ўводзіць зьмены ў заканадаўства аб аўтарскім праве, дапасоўваючы яго да лічбавай эпохі, у якой мы жывем. Эўрадэпутаты ўнесьлі больш за 200 паправак у праект дакумэнта, які скіраваны на абмежаваньне інтэлектуальнага крадзяжу ў сеціве. Эўразьвяз спадзяецца перамагчы крадзеж чужой інтэлектуальнай уласнасьці праз увядзеньне жорсткага кантролю над кантэнтам ды абавязку парталаў самастойна блякаваць нелегальны кантэнт, без звароту праваўладальнікаў, як было раней. Патрэбу зьменаў тлумачыла эўрадэпутатка ад Партыі «Зялёных» Джулія Рэда.
Джулія Рэда: Асноўная праблем у тым, што празь сеціва ідзе галоўная камунікацыі, але няма адзінага аўтарскага права на эўрапейскім узроўні. Калі вы рэжысёр або творца з-за розьніцы заканадаўства ў асобных эўрапейскіх краінах надзвычай цяжка прадставіць легальны прадукт адразу на ўсім кантынэнце.
У падтрымку дырэктывы выступілі арганізацыі эўрапейскіх артыстаў, кінастудыі, асацыяцыі выдаўцоў, кампазытараў, пісьменьнікаў ды музыкаў, а таксама прэса, бо дагэтуль на іх творчасьці зараблялі інтэрнэт-плятформы, як Google ці Facebook, цяпер жа ім давядзецца дзяліцца з тварцамі. За прыняцьцё дакумэнту прагаласавала 438 эўрадэпутатаў, а 226 выступілі супраць.
Эўрапарлямэнт уратаваў эўрапейскія культурныя ўстановы ды аўтараў ад амэрыканскіх гігантаў інфарматыкі, заявіў эўрадэпутат Аксэль Вос.
Аксэль Вос: Шчыры дзякуй за супольны высілак, які прынёс нам посьпех. Гэта добры знак для культурнай індустрыі ў Эўропе.
У новапрынятага праекта дакумэнта не бракуе праціўнікаў. Супраць дырэктывы выступаюць сусьветныя інтэрнэт-гіганты ды рэгіянальныя дыстрыбуцыйныя парталы, якія існавалі дзякуючы разьмяшчэньня чужога кантэнту, а таксама вытворцы электронікі ды частка грамадзкіх актывістаў ды інтэлектуальных колаў. Напрыклад, вядомая Wikipediа заблякавала доступ да свайго кантэнту. Прадстаўнік брытанскай "Партыі Незалежнасьці» у Эўрапарлямэнце Дэйвід Кабарн назваў прыняты праект дырэктывы «вяртаньнем цэнзуры».
Дэйвід Кабарн: Гэта вялізарны ўдар па свабодзе слова ў сеціве. Гэта ганьба для Эўропы!
У сваю чаргу прадстаўнікі грамадзкіх арганізацый кажуць пра тое, што прынятыя нормы не да канца бяруць пад увагу меркаваньні карыстальнікаў. Кажа Натальля Мілешчык з Фонду «Лічбавы Цэнтар».
Натальля Мілешчык: Падчас падрыхтоўкі закону ўзялі пад увагу толькі інтарэсы двух з усіх зацікаўленых бакоў – аўтараў ды выдаўцоў, у тым ліку пасярэднікаў – інтэрнэт-плятформы. Затое зусім недачутым застаўся голас карыстальнікаў.
Замест абароны правоў можа атрымацца празьмерна рэпрэсіўны дакумэнт несувымерны з парушэньнямі, кажа экспэртка. Менавіта гэта й выклікае абурэньне людзей.
Прыняты праект стане асновай для далейшых прац над канчатковай формай дырэктывы ЭЗ аб аўтарскіх правах у лічбавым сьвеце. Над дакумэнтам будуць сумесна працаваць Эўракамісія, Эўрапарлямэнт ды нацыянальныя ўрады краін супольнасьці. У зьвязку з тым, што рашэньне эўрапарлямэнту ўжо выклікала вострую крытыку ды пратэсты, пакуль цяжка прадказваць, якім будзе канчатковы зьмест дырэктывы, кажуць экспэрты.
Юры Ліхтаровіч