Польскія экспэрты зьвяртаюць увагу на беларускую энэргетыку
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Jury  Lichtarowicz 
                        
                        21.08.2018 16:02
                    
                                 
                
                    
                
                
                    Яны бачаць магчымасьці для паглыбленьня супрацоўніцтва ў гэтым сэктары паміж Менскам і Брусэлем.
                
                
                    
                         Anna Maria Dyner polskieradio.pl
Anna Maria Dyner polskieradio.pl
                     
                
                
                
               
                
                         Спэцыялісты Польскага інстытута міжнародных адносін зацікавіліся беларускай энэргетыкай. 
У Варшаве лічаць, што паліўны ды энэргетычны сэктары зьяўляюцца фундамэнтам для беларускай эканомікі. Па-першае, 70% энэргарэсурсаў, якія выкарыстоўваюцца ў Беларусі, складае газ. Летась Беларусь спажывала каля 19 мільярдаў кубамэтраў газу. Асноўная частка гэтага газу пастаўляецца з Расеі. Таксама Расея плаціць Беларусі за транзыт газу, штогод Менск зарабляе на гэтым 200 мільёнаў даляраў, што складае 2,2% даходаў беларускага бюджэту. Яшчэ больш даходаў ажно 20% беларускаму бюджэту прыносіць перапрацоўка нафты і продаж нафтапрадуктаў. Большасьць нафты Беларусь атрымоўвае з Расеі па прэфэрэнцыйных цэнах.
У бліжэйшыя гады гэтая сытуацыя можа зьмяніцца. Крэмль ужо заявіў пра жаданьне пазбавіць Беларусі прэфэрэнцыйных паставак нафты (Менску давядзецца плаціць 30% падатак на прыродныя рэсурсы), а таксама ў Маскве намерваюцца павысіць цэны на газ.
Рэалізацыя гэтых намераў будзе азначаць крызіс для беларускіх фінансаў і непераадольны бар’ер для разьвіцьця эканомікі краіны.
Польскія адмыслоўцы раяць Менску ўжо цяпер пачынаць разьвіваць супрацоўніцтва з Эўразьвязам у сфэры ўзнаўляльных крыніц энэргіі ды альтэрнатыўных каналаў паставак энэргасыравіны.
Наколькі магчымы такі сцэнар, пра гэта мы размаўлялі з аўтарамі дасьледаваньня. Адна зь іх - аналітык ПІМА Анна Мар’я Дынэр.
Слухайце размову ў гукавым файле
Размаўляў Юры Ліхтаровіч