У нефармальных саюзах нараджаецца менш дзяцей, чым раней
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
20.08.2018 14:35
Чыноўнікі дакладна правяраюць сем’і, дзе дзяцей або дзіця выхоўвае адзінокая маці або адзінокі бацька.
www.pixabay.com
Бачныя ўжо першыя вынікі новага падыходу Міністэрства сям’і і працы да падтрымкі сем’яў. Выданьне «Rzeczpospolita» піша пра даклад дэмографаў, з якога вынікае, што ў мінулым годзе зьменшыўся адсотак нованароджаных дзяцей, якія нарадзіліся ў нефармальных саюзах. Гэтае падзеньне зафіксаванае ўпершыню за 30 гадоў. У 2016 годзе ў нефармальных саюзах нарадзілася кожнае чацьвёртае дзіця, годам пазьней – 24,1%.
Гэта наступства таго, што ўсё больш сем’яў рашаецца завесьці трэцяе і чарговае дзіця, але таксама большай шчыльнасьці сыстэмы сацыяльнай падтрымкі. Цяпер чыноўнікі праводзяць вельмі дакладную праверку ў тых сем’ях, дзе дзяцей або дзіця выхоўвае адзінокая маці або адзінокі бацька. Ім таксама цяжэй атрымаць падтрымку ў рамках праграмы 500+.
Дзяржава падтрымлівае адзінокіх бацькоў, але вельмі важна, каб дапамога трапляла туды, дзе сапраўды няма бацькі (радзей – маці). На жаль, здаралася, і хутчэй за ўсё здараецца і цяпер, што жанчыны карысталіся прывілеямі адзінокага бацькі, калі на самой справе яны адзінокімі не былі – жылі з партнэрам як з мужам, але ў так званым грамадзянскім нефармальным шлюбе.
Муніцыпальныя органы праводзяць інфармацыйную кампанію на тэму наступстваў атрыманьня дапамогі, калі хтосьці на самой справе яе не павінен атрымаць. Чыноўнікі ўсё часьцей з даносаў даведваюцца, што хтосьці толькі робіць выгляд адзінокай маці. Статус бацькоў правяраюць чыноўнікі з цэнтраў сацыяльнай дапамогі. Такія выпадкі дрэнна сьведчаць пра сумленнасьць некаторых грамадзян. Магчыма, менавіта гэта не дазволіла прызнаць 500 злотых на першае дзіця ў сем’ях адзінокіх бацькоў. Палітыкі баяліся, што тады можа рэзка вырасьці колькасьць разводаў.
Rzeczpospolita/нг