Logo Polskiego Radia
Print

Чалавек тоне ў цішыні, ён не крычыць, як у фільмах

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 18.08.2018 09:41
Цела будзе ўтрымлівацца на паверхні, калі чалавек ня будзе панікаваць.
Photo: geralt/pixabay.com/CC0 Public Domain

СМІ ў Польшчы рэгулярна паведамляюць пра трагедыі, якія здараюцца на вадзе. Надоечы на Балтыцы хваля забрала траіх падлеткаў – двух братоў і сястру. У гэты дзень нельга было купацца з-за моцнага ветру і высокіх хваляў, дзеці бавіліся на беразе, а маці пайшла з малодшым у прыбіральню. І здарылася трагедыя.

У мінулым годзе ў Польшчы патанула 449 чалавек. Гэты год можа быць яшчэ горшы, бо дагэтуль жыцьцё ў вадзе страціла ўжо больш за 350 чалавек. Людзі часьцей за ўсё тонуць непадалёк ад месца свайго жыхарства, па статыстыцы тапелец – гэта мужчына старэйшы за 50 гадоў, які плавае ў месцы, якое добра ведае – чытаем на сайце выданьня «Polityka».

Часам у фільмах паказана, як тонуць людзі – яны крычаць і махаюць рукамі. Гэта няпраўда, чалавек тоне ў поўнай цішыні, паколькі ў яго няма сілы, каб крычаць і махаць рукамі. У інтэрнэце ёсьць відэазапіс, як людзі плаваюць у басэйне, быццам бы нічога страшнага не адбываецца. Раптам у ваду скача ратаўнік і падплывае да аднаго чалавека з асоб. Аказваецца, што ён тануў.

Што зрабіць, каб быць бясьпечным у вадзе? Па-першае, памятаць, што наша цела складаецца пераважна з вады, але таксама часткова з тлушчу, які лягчэйшы за ваду. Цела будзе ўтрымлівацца на паверхні, калі чалавек ня будзе панікаваць. Калі прымем эмбрыянальную пазыцыю, будзем плаваць на вадзе як корак ад бутэлькі, а галава павінна быць наверсе. Па-другое, варта навучыцца плаваць, тады чалавек вучыцца правільным рухам, якія могуць уратаваць ад утапленьня.

Трэцяе правіла – нельга быць надта ўпэўненым у сабе. Тонуць нават добрыя плаўцы, кожнаму здараюцца памылкі, чалавека можа накрыць хваля, пацягнуць цячэньне або здарыцца сударга. Таму лепш плаваць там, дзе ёсьць ратаўнік. Чацьвёртае, элемэнтарнае правіла – нельга спалучаць плаваньня з алькаголем. Значная частка ўтапленьня здараецца пад уплывам алькаголю.

І апошняе, пятае – ніколі не падаваць рукі асобе, якая тоне. У паніцы яна можа ўцягнуць нас пад ваду. Калі заўважым, што хтосьці топіцца, трэба кінуць яму ратаўнічае кола, бою, а калі іх няма пад рукой – даць галіну або нешта з вопраткі, пазваніць або паклікаць дапамогу. Калі няма такой магчымасьці, трэба склікаць людзей і стварыць жывы ланцуг.

Самыя сур’ёзныя ворагі плыўцоў – гэта цячэньне і хваля. Нават калі хтосьці добра плавае, але купаецца ў невядомым месцы, ён павінен апрануць ратаўнічую камізэльку або нешта іншае, што дазволіць утрымацца на вадзе.

Polityka/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт