Logo Polskiego Radia
Print

У вандроўку з малымі дзецьмі

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 12.08.2018 11:23
  • Дзеці-падарожжа.mp3
Палякі любяць вандраваць. Штогод колькасьць турыстаў расьце.
Foto: pixabay.com/CC0

Аднак, надалей захоўваецца стэрэатып, што з дзецьмі складана вандраваць. Ня ўсе з гэтым пагаджаюцца.

Сэзон адпачынкаў у разгары. Штогод 57% палякаў выяжджаюць прынамсі ў адну турыстычную паездку. 43% турыстаў бяруць з сабой дзяцей. Гэта тлумачыцца тым, што паездкі зь дзецьмі, асабліва малымі, дарагія ды складаныя. Надалей пануе перакананьне, што лепш езьдзіць без дзяцей, як вырастуць яшчэ наезьдзяцца.

Разам з тым шырыцца і іншы падыход. Асабліва ў сеціве павялічваецца колькасьць блёгаў, дзе хваляць менавіта вандроўкі зь дзецьмі. Маўляў, падарожжы ўзбагачаюць дзяцей, даюць ім веды моваў, арыентацыю ў невядомых месцах, лепшыя камунікатыўныя здольнасьці.

Паездка з дзецьмі - гэта не заўсёды цяжка і стамляльна. Як гэтага дасягнуць, распавядала Польскаму радыё Натальля Сітарска, аўтарка блёга «Taste away», маці дваіх дзяцей – сямі і двух год.

Натальля Сітарска: Мы крыху паезьдзілі па сьвеце. Былі і ў бліжэйшых ваколіцах, у Польшчы ды Эўропе. Таксама езьдзілі далей, у Азію. 90% нашых вандровак былі зь дзецьмі. Спачатку з сынам, а два гады з дачкой.

Што азначае вандроўка з дзецьмі, як да яе падрыхтавацца?

Натальля Сітарска: Галоўны прынцып - ня браць з сабой зашмат рэчаў. З гэтай праблемай сутыкаюцца мамы, якія хочуць усё прадбачыць ды бяруць шмат рэчаў. Мы ад гэтага адвучыліся, калі ехалі на месяц у Азію, былі ў розных краінах. Мы зразумелі, што ня можам мець мноства чамаданаў. Гэта выканальна, калі едзем у адно месца, у гатэль. Калі ж будзем вандраваць, трэба быць больш кампактным. Трэба памятаць, што можна памыць рэчы. Звычайна рукамі, альбо ў пральнях. У розных краінах сьвету ёсьць такія паслугі. Таксама з цацкамі, падчас падарожжа дзіця нешта сабе знойдзе, або купім. Таксама ня варта браць зашмат.

Які найлепшы сродак транспарту з дзецьмі? Што дзецям лягчэй вытрываць -самалёт, аўтамабіль ці цягнік?

Натальля Сітарска: З дзецьмі найгорш у самалёце. Гэта месца, дзе дзеці маюць найменш свабоднай прасторы, ня можна пахадзіць. Падчас старту ды прызямленьня трэба сядзець ды быць прышпіленым пасам. Гэта не зусім камфортна. Апроч таго, людзі коса глядзяць на дзяцей. Таму ў самалёце трэба мець гульні ды забавы адпаведныя для дзяцей. Аднак, на далёкіх трасах самалёту альтэрнатывы няма. Калі мы едзем кудысьці бліжэй, выбіраем часьцей машыну. Тут плюс такі, што можна ў любы момант спыніцца, рабіць столькі прыпынкаў, колькі дзіця патрабуе. Цягнікі таксама зручныя, плюсам ёсьць тое, што можна пахадзіць, таксама ў цягніках ёсьць сямейныя купэ. Так можна ехаць спакойна цэлай сям'ёй, нікому дзеці не перашкаджаюць.

Зьяўленьне дзяцей для многіх азначае адмову ад вандровак, максымальна кароткія падарожжы, бо дзеці перашкаджаюць. Гэта няпраўда - кажа экспэртка.

Натальля Сітарска: Няма ніякіх доказаў на карысьць гэтага. Па маіх дзецях я ня бачыла, каб ім не падабалася, ці яны стамляліся. Наадварот, падарожжы дзяцей лечаць. Напрыклад, зімой мы выяжджаем у краіны з цяплейшым кліматам і мае дзеці хварэюць радзей, чым будучы тут, у садку ці школе. Таму я раю вандраваць зь дзецьмі. Толькі да ўсяго трэба падыходзіць разважліва. На пачатак варта паехаць недалёка ў Польшчу, потым у Эўропу, а потым ужо вырушаць далей на «глыбокую ваду».

Вандроўкі зь дзецьмі могуць быць вельмі цікавымі ды прыемнымі, перакананая падарожніца Натальля Сітарская. Польская блёгерка заклікае вам самім у гэтым пераканацца.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт