Чвэрць швэдаў падтрымлівае змаганьне зь іміграцыяй
PR dla Zagranicy
Viktar Korbut
30.07.2018 12:57
Швэдзкія нацыяналісты ня лічаць саамаў швэдамі.
СтакгольмФота: pixabay.com/Public Domain CC0
У Швэцыі нацыяналісты заваёўваюць усё больш сымпатый выбаршчыкаў. Партыя Швэдзкія дэмакраты сама сябе лічыць нацыяналістычнай, хаця яе апанэнты называюць гэту групу папулісцкай.
У апытаньні грамадзкай думкі, праведзеным у ліпені, партыя Швэдзкія дэмакраты атрымала 21% падтрымкі. А паводле іншых даных, партыю, якую ўзначальвае Джымі Акесон, падтрымліваюць 28% жыхароў каралеўства.
Як лічаць экспэрты, рост падтрымкі гэтай палітычнай сілы выкліканы дыскусіяй аб іміграцыі і інтэграцыі.
Швэдзкія дэмакраты не выступаюць супраць мігрантаў, але лічаць, што “міграцыя павінна трымацца на такім узроўні, каб не ўяўляць пагрозы ідэнтычнасьці швэдаў, іх дабрабыту і бясьпецы”.
Нацыяналісты патрабуюць абмежаваньня магчымасьцей для іншаземцаў у атрыманьні ў Швэцыі палітычнага прытулку. Прычым яны супраць наданьня такім людзям права пастаяннага пражываньня, а згодны дазволіць толькі часовае — пакуль бежанцам пагражае небясьпека на іх бацькаўшчыне.
Таксама Швэдзкія дэмакраты патрабуюць зрабіць больш жорсткімі ўмовы прыняцьця грамадзянства — са здачай экзамена на веданьне швэдзкай мовы.
Ад Швэдзкіх дэмакратаў можна пачуць і даволі радыкальныя заявы. Так, віцэ-сьпікер парлямэнта, прадстаўнік гэтай партыі Б’ёрн Сёдэр заявіў, што габрэі і саамы — гэта ня швэды.
Саамы жывуць на поўначы Швэцыі, а таксама Фінляндыі і Расеі і на гэтых тэрыторыях зьяўляюцца карэнным насельніцтвам.
Тым часам прадстаўнік цэнтрысцка-правай Памяркоўнай кааліцыйнай партыі Ульф Крыстэрсон лічыць, што папулярнасьць Швэдзкіх дэмакратаў вырасла не на пустым месцы: “За іх многія хочуць галасаваць толькі таму, што гэта была адзіная партыя, якая жадала дыскутаваць пра іміграцыю, калі мы самі гэтага не рабілі”.
Rzeczpospolita/вк