Logo Polskiego Radia
Print

У Варшаве спрачаюцца пра зямлю і неба

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 07.06.2018 15:31
Ці закрываць аэрапорт імя Шапэна і будаваць новы порт у Баранаве?
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain

Будаўніцтва новага паветранага порту па-за межамі Варшавы і ліквідацыя ў будучыні аэрапорту імя Фрыдэрыка Шапэна ў раёне Акэньце сталіцы Польшчы застаецца тэмай нумар 1.

Тым часам прэзыдэнт Польшчы Анджай Дуда падпісаў спэцыяльны закон аб Цэнтральным паветраным порце. Паводле закону, ЦПП павінен быць збудаваны ў Баранаве, за 40 км ад Варшавы, к 2027 году. 17 чэрвеня ў Баранаве адбудзецца кансультацыйны рэфэрэндум па пытаньні будаўніцтва паветранага порту. Бо гэта ідэя выклікала незадавальненьне часткі мясцовых жыхароў, на ўчастках якіх павінны зьявіцца ўзьлётна-пасадачныя палосы.

У сераду дэбаты пачаліся ў Сэйме. Праўда, усё гэта мае адценьне, зьвязанае зь перадвыбарчай кампаніяй у органы мясцовага самакіраваньня Варшавы. Да міністра інфраструктуры складзены запыт пра будучыню аэрапорту імя Шапэна.

Напрыклад, Яцак Вайцяховіч, былы віцэ-прэзыдэнт, а цяпер кандыдат у прэзыдэнты Варшавы, выкарыстоўвае гэту тэму ў сваёй перадвыбарчай кампаніі. У горадзе зьявіліся бігборды ад імя Інстытуту разьвіцьця Варшавы, які ўзначальвае Вайцяховіч, на тэму абароны аэрапорту ў Акэньці. Кандыдат у прэзыдэнты прапануе рэфэрэндум на гэту тэму.

Кандыдат у прэзыдэнты Варшавы ад партый “Грамадзянская плятформа” і “Сучасная” Рафал Тшаскоўскі крытыкуе ініцыятыву ўраду Польшчы па будаўніцтве Цэнтральнага паветранага порту за горадам. Палітык называе гэту ідэю “гігантаманіяй”. Кошт будаўніцтва ацэньваецца ў 60 млрд злотых (больш за 33 млрд бел. руб.). Ян Сьпевак з арганізацыі “Вольны горад Варшава” прапануе патраціць гэтыя грошы на ліквідацыю смогу і чэргаў да ўрачоў.

Апазыцыя крытыкуе ўрад. Аднак нават у выніку рэалізацыі ўрадавага праекту закрыцьцё аэрапорту імя Шапэна адбудзецца не раней як праз 10 гадоў.

Rzeczpospolita/вк

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт