У сталіцы Польшчы вось ужо тры гады запар арганізуюцца бясплатныя курсы беларускай мовы. Іх праводзяць супрацоўніцы катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту пры падтрымцы Культурнага цэнтру Беларусі пры пасольстве Беларусі ў Польшчы.
Варшава, 30 траўня 2018 г. Справа -- тэатар Capitol, у якім у 2017/2018 навучальным годзе праходзілі курсы “Давайце размаўляць па-беларуску!”
Курсы пад назвай “Давайце размаўляць па-беларуску!” праходзяць у самым цэнтры Варшавы — у будынку тэатру Capitol. Гэта асаблівае месца ў польскай сталіцы, бо тут знаходзяцца розныя арганізацыі, што спрыяюць супрацоўніцтву Польшчы з краінамі былога Савецкага Саюзу.
Вольга Трацяк, кандыдат гуманітарных навук, выкладчык катэдры беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту: У 2015 годзе ў Культурным цэнтры Беларусі ўзьнікла ідэя адкрыцьця курсаў беларускай мовы. Спачатку прапанавалі весьці курсы Аньне Дэмянюк, маёй сяброўцы з катэдры. І калі аказалася, што будуць створаны дзьве групы, то Анна прапанавала мне весьці групу вышэйшага ўзроўню. І так мы пачалі. І вось да сёньняшняга дня мы правялі сем сэмэстраў.
Варшава, 30 траўня 2018 г. Вольга Трацяк, выкладчыца курсаў “Давайце размаўляць па-беларуску!”
Праз курсы прайшлі 50 слухачоў. Вольга Трацяк вучыць беларускай мове людзей рознага паходжаньня, якія жывуць у Варшаве. Перш за ўсё самым простым рэчам. Напрыклад, як прайсьці ў патрэбнае месца ў горадзе.
Вольга Трацяк: На нашым шляху можа зьявіцца скрыжаваньне. Можа зьявіцца таксама пешаходны пераход.
Даведаўшыся, як называюцца тыя або іншыя месцы ў горадзе, слухачы курсаў спрабуюць самі пабудаваць фразы па-беларуску.
Слухачы курсаў:
— Я хачу прайсьці на вуліцу Новы Сьвят. Як я магу туды трапіць?
— Вам трэба паехаць на мэтро ў кірунку станцыі «Кабаты» і высьці на станцыі «Сьвентакшыска».
— І праехаць адзін прыпынак...
— ...Адну станцыю ў кірунку «Двожац Віленьскі» — “Віленскі вакзал”.
Варшава, 30 траўня 2018 г. Курсы “Давайце размаўляць па-беларуску!”
Большасьць слухачоў курсаў — гэта палякі. Яны жывуць і працуюць у Варшаве. Цікавасьць да беларускай мовы ў тых, хто прыходзіць на курсы, зьяўляецца невыпадкова.
Вольга Трацяк: У анкетах многія пісалі, што хочуць захаваць такім чынам беларускую мову. І так адказвалі не беларусы, а палякі.
Агнешцы Вінярчык 28 гадоў, па прафэсіі яна — эканаміст. Ужо два гады вывучае беларускую мову. Але дзяўчыне пакуль яшчэ прасьцей гаварыць па-польску.
Канспэкт слухача курсаў “Давайце размаўляць па-беларуску!”
Агнешка Вінярчык: Спачатку я хацела авалодаць расейскай мовай. А потым зьявілася магчымасьць вывучэньня беларускай. Гэта прасьцей, улічваючы блізкасьць беларускай і польскай моў. Я спачатку ня ведала кірыліцы. Таму мусіла вывучыць сьпярша ўвесь альфабэт, усё ад асноў.
Яшчэ адна слухачка курсаў беларускай мовы — Паўліна Стахура. Ёй 29 гадоў, яна працуе ў фірме, што супрацоўнічае з Расеяй. І ўжо даволі свабодна гаворыць па-беларуску.
Паўліна Стахура: Я вырашыла вучыць беларускую мову, бо мне падабаецца Беларусь як краіна. І ў мяне ёсьць сяброўка, якая жыве ў Менску.
Пятру Стасюку 23 гады, ён студэнт Варшаўскага ўнівэрсытэту, дзе вывучае ібэрыйскія мовы — гішпанскую, партугальскую. Што ж прывяло хлопца на курсы беларускай мовы?
Пётр Стасюк: Я паходжу з Падляшша. Для мяне вывучэньне беларускай мовы — гэта спосаб збліжэньня з гісторыяй майго роднага рэгіёну, маёй лякальнай супольнасьці. Ведаючы беларускую мову, я змагу чытаць крыніцы і розныя артыкулы. А таксама хацеў бы паехаць у Беларусь. Бо да яе толькі 90 кілямэтраў ад маіх родных мясьцін. Супэр было б зьезьдзіць у Горадню, Менск, Берасьце — ня толькі, каб пазнаёміцца зь беларускай культурай, але і зразумець сучаснае палітычнае становішча Беларусі ў сьвеце.
Варшава, 30 траўня 2018 г. Курсы “Давайце размаўляць па-беларуску!”
Яшчэ адзін слухач курсаў Алэксандр Вілкоў вучыць беларускую ўжо два гады. І свабодна на ёй гаворыць. Гэта тлумачыцца тым, што хлопец родам з Украіны і ведае расейскую і ўкраінскую, а таксаму польскую — блізкароднасныя беларускай мовы. З чаго ж ва ўкраінца ў Польшчы зьявілася цікавасьць да беларушчыны?
Алэксандр Вілкоў: Я пазнаёміўся зь беларускай мовай празь беларускую вікіпэдыю. Тады пачаў шукаць дадатковыя матэрыялы ў інтэрнэце. Але мой вопыт вывучэньня замежных моў паказаў, што вельмі патрэбны курсы, патрэбна камунікацыя, маўленьне. І таму я пайшоў на курсы.
Што самае цяжкае для вас у беларускай мове?
Алэксандр Вілкоў: Страшэнна не хапае ідыём, мэтафар, цытат. Бо калі я карыстаюся маёй роднай расейскай мовай, то ўвесь час карыстаюся ідыёмамі, узгадваю нейкія вершыкі, рэплікі зь фільмаў.
Пасьведчаньне слухача курсаў “Давайце размаўляць па-беларуску!”
Кожны год удзельнікі курсаў вывучаюць беларускую мову на працягу 10 заняткаў па паўтары гадзіны. Аднак Вольга Трацяк мяркуе, што курс павінен складацца з 15 гадзін. Катэдра беларусістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту, дарэчы, у наступным навучальным годзе плянуе арганізаваць платныя курсы беларускай мовы.
Вольга Трацяк: Плянуецца арганізаваць дзьве групы: ад нуля і вышэйшую. Гэты курс будзе мець працягласьць 15 акадэмічных гадзін. Мы плянуем праводзіць гэтыя курсы на вуліцы Штурмовай, 4, на факультэце прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўнівэрсытэту. Шчыра запрашаем ахвотных!
Адначасова ў 2018/2019 навучальным годзе, як спадзяецца Вольга Трацяк, Культурны цэнтар Беларусі ў Варшаве арганізуе і бясплатныя курсы беларускай мовы, на якія, як можна меркаваць, ёсьць попыт сярод жыхароў польскай сталіцы.
Віктар Корбут
Фота: Віктар Корбут/radyjo.net
Слухайце, калі ласка, далучаны гукавы файл